Ахмеду Закаеву ў Польшчы пагражае затрыманне. Гэта звязана з запытам Расіі ў Інтэрпол. Але справа ёсць відавочна палітычнаю. Раней Закаеў прыязджаў у Польшчу свабодна. Але цяпер... Цяпер адбылося «польска-расійскае паяднанне».

У інтэрв’ю газеце Rzeczpospolit кіраўнік чачэнскага ўрада ў выгнанні адзначае, што ў ягоным пашпарце мае 4 польскія візы толькі за гэты год. І яму балюча думаць, што зараз ён можа быць затрыманы.

— Калі я наведваў Польшчу, то адчуваў сябе тут як свабодны чалавек. А цяпер я, прыязджаючы для таго каб шукаць шляхі для вызвалення свайго народа ад такога самага ярма, з якога ўжо вызваліліся, я павінен адчуваць сябе злачынцам? — пытае Закаеў.

— Гэта кашмарны сон, не толькі для мяне, але і для тых, што змагаліся ў «Салідарнасці», — падкрэсліў кіраўнік эміграцыйнага ўрада Чачні, і дадаў, што

польскія ўлады парушаюць дэмакратычныя каштоўнасці, заваяваныя «Салідарнасцю».

Перад будынкам Рэгіянальнай пракуратуры ў Варшаве сабраліся журналісты ў чаканні Ахмеда Закаева. Прэм’ер-міністр чачэнскага ўрада ў выгнанні, які прыехаў у Польшчу на Сусветны кангрэс чачэнскага народа, паведаміў учора, што да 8.00 выкліканы ў пракуратуру. Учора машыну, у якой Закаеў разам з сынам ехаў на Кангрэс, паліцыя двойчы затрымлівала для праверкі.

Расія выдала міжнародны ордэр на арышт Закаева. Расійскія службоўцы падазраюць яго ў тэрарыстычнай дзейнасці, у тым ліку ў падрыхтоўцы тэракту ў маскоўскім тэатры на Дуброўцы. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск не выключае распачынання працэсу экстрадыцыі Закаева, калі той прыедзе ў Польшчу. Нават калі гэта адбудзецца,

ад дэпартацыі Закаева мусіць вызваліць той факт, што, паводле нормаў міжнароднага права, ён з’яўляецца бежанцам:
Польшча — удзельнік Жэнеўскай канвенцыі ААН пра бежанцаў. Пад яе абаронай знаходзіўся ў 80-х цяперашні міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?