Рэпартаж з мінскага канцэрта Стынга.

Вось той, каго мы бачылі толькі на карцінках і чулі адно на аўдыё- і відэаносьбітах, аўтар вечна маладой Roxanne, чырвовы валет брытанскай музыкі, які ўласнай персонай удзельнічаў у шалёнай дзяльбе картаў, грошай і дзвюх руляў. Адчуванне такое, мы, больш за дзесяць тысяч беларусаў, які дазволілі сабе прыйсці на «Мінск-арэну» ды паселі адпаведна з загадзя купленымі квіткамі, заслужылі яго. Гэтага стрункага чалавека, які ўпэўненай хадою падышоў да 60-гадовай мяжы. Трохі чужога ў Нью-Ёрку, а ў Мінску пагатоў. Гэтай Desert Rose/Пустэльнай ружы, якая расцвіла спасярод паўночнай краіны з пераходнай эканомікай.

У процівагу народным «Скорпіёнз»,

Стынг не махаў сцягам, не практыкаваўся прынагодна ў беларускай мове (скарыстоўваў напрацоўкі з маскоўскага і пецярбургскага канцэрту). Выдаваў рэспектабельныя рамансы кшталту Fragile (памятаеце «…он энд он…»). Выкрасаў на губным гармоніку пра shape свайго heart.
Аматар пабадзяцца ля Ерусаліма на адлегласці кінутага каменя (песня Mad About You/«Ты зводзіш мяне з розуму»).

Гэтым вечарам «Дыскач 90-х» ператварыўся ў «Слухач 80-х», а «Мінск-Арэна» — у Палац Рэспублікі. Усаджаная ад берага да берага крэсламі хакейная пляцоўка і

самавітая публіка ў бліскучым чорным больш пасавалі для канцэрта філарманічнай музыкі. Такім канцэртам выступ Стынга, у прынцыпе, часткова і быў (усё ж прэзентацыя альбома «Сімфонісіці» — добра знаёмыя хіты пад аркестравы акампанемент). На сцэне таксама панаваў сядзячы лад жыцця: 45 удзельнікаў Каралеўскага філарманічнага аркестра +гурт, +Сам. Звыклы па кліпах грувасткі бас у яго руках быў заменены на маленькую, гавайскападобную гітарку.
Паміж маладымі і старымі шлягерамі сольнай і «паліцэйскай» кра’еры спевака быў нават абвешчаны 20-хвілінны антракт. Усё як у людзей.

І ўсё ж Стынг адной песняй нагадаў Клаўса Майнэ са «Скорпіёнз», які ў свой час тутсама, на «Мінск-Арэне» з настальгічынкай у голасе анансаваў «Вецер пераменаў». Пэўна, у іх у Еўропе гэта быў шчаслівы перыяд, калі трава была зялёная, ворагі — чырвоныя, а вайна — халодная. Калі дастаткова было прапяяць, што «расійцы таксама любяць дзетак» -- і цябе адразу залічвалі ў змагары. Так, так, гэта мы пра стынгаўскую Russians, што тычылася ўсіх "савецкіх людзей". І гучала як увекавечаны ў камяні заклік пабурыць берлінскі мур.

Кульмінацыяй зрабілася меланхалічная Moon Over Bourbon Street/«Месяц па-над вуліцай Бурбон». Калі з экрана па-над сцэнай звесілася амаль натуральная поўня, а Стынг з сваімі чорнымі апранахамі і басовымі нотамі нагадаў герояў свайго ўлюбёнага «Інтэрв’ю з вампірам» і Тома Уэйтса.

Карцінкі дзяцінства, чарговы сеанс настальгіі… Кожны крок, які робіць Стынг, кожны ўздых, які ўдыхае Стынг… Запоўненыя трыбуны «Мінск-Арэны» давялі, што ў Стынгу мы любім не яго, а сябе з ім на фоне.

* * *

Дарэчы, з'явіўся беларускі пераклад песні Shape Of My Heart.

Рысы маіх сэрцаў. Пераклала Марыйка Мартысевіч

Ён раздае карты, нібы аплаткі
Кранаецца іх, як часцінак душы
Гульня для яго – не шлях да багацця
Гульня для яго – не шык

Ён ставіць фішкі, нібы пытанні
Ці б ён спасцігнуць формулу ўдачы мог
У чым таемны закон канца Гульні – і масці
Танчаць у рукох

Я ведаю, віны – штыкі жаўнераў
Я ведаю, кулі іх – жалуды
Я ведаю, звонкі звіняць у славу вайне
Але не такія сэрцы ўва мне

Ён можа адкрыць свой галоўны козыр
Ён можа дамаю вінаў біць
Ён можа схаваць туза, а ў якім рукаве
Ніхто не назаве

І калі я сказаў табе, што буду кахаць вечна
Гэта зусім не значыць, што я падману
Я не такі, каб хавацца за розныя маскі
Я нашу адну

А той, хто шмат кажа, ня знае нічога
І плаціць за словы па поўнай цане
Як той, хто ўголас кляне сваю ўдачу
Будзе заўжды на дне

Я ведаю, віны — штыкі жаўнераў
Я ведаю, кулі іх — жалуды
Я ведаю, звонкі звіняць у славу вайне
Але не такія сэрцы ўва мне
Не, не такія сэрцы ўва мне

Пераклад паводле:users.livejournal.com/maryjka.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?