Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Яраслаў Раманчук спадзяецца атрымаць у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 30–35% галасоў выбаршчыкаў. Пра гэта ён заявіў 21 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў Раманчука, у яго каманды ўжо распрацаваны план інфармацыйнай кампаніі. «Па-першае, гэта закранае працэдуру збору подпісаў. Калі больш за тысячу чалавек будуць збіраць подпісы, гаварыць аб тым, якая ў яго праграма, хто ён такі — гэта эфектыўна. Другое — выкарыстанне інтэрнэта, праз сацыяльныя сеткі, перш за ўсё праз групу „У Кантакце“, якая мяне падтрымлівае. Трэцяе — публікацыя інтэрв’ю, распаўсюджванне спецыяльных выпускаў газет. Ёсць магчымасць больш актыўнага выкарыстання тэлефоннай сувязі. Калі мы не маем магчымасці паўнацэнна трапіць на тэлебачанне, то трэба больш поўна выкарыстоўваць інтэрнэт», — сказаў Раманчук.

Ён адзначыў, што ўжо цяпер ідзе падрыхтоўка агітацыйных відэаролікаў, якія будуць размешчаны на розных сайтах.

«Акрамя таго, падчас сустрэч у кангрэсе ЗША я выказаўся ў падтрымку незалежнага тэлеканала „Белсат“, каб ператварыць гэты канал у сапраўдную крыніцу міжнароднай інфармацыі для Беларусі. Каб яго падтрымлівалі не толькі польскае Міністэрства замежных спраў і шведы з літоўцамі, але і каб еўрапейскія структуры і Злучаныя Штаты таксама далучыліся да падтрымкі канала», — заявіў Раманчук.

Паводле яго слоў, «Белсат» ужо мае аўдыторыю ў паўмільёна гледачоў і можа гэтую базу пашырыць.

«Вельмі добра, што з’явілася магчымасць працаваць і мець доступ да расійскіх СМІ.

І мы будзем па максімуму выкарыстоўваць гэтую магчымасць, каб праз расійскае тэлебачанне, праз расійскія друкаваныя СМІ, праз расійскія сайты дайсці да беларускай аўдыторыі», — сказаў Раманчук.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі лідар АГП Анатоль Лябедзька, ініцыятыўная група Раманчука разлічвае таксама непасрэдна на Аляксандра Лукашэнку і дзяржаўныя СМІ Беларусі. «Пакуль Лукашэнка адрэагаваў падчас падрыхтоўкі да перадвыбарнай кампаніі толькі на праграму Раманчука „Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі“. Ён сказаў, што праграма добрая, але непрыгодная. Усе матэрыялы, якія ідуць пра Раманчука ў негатыўным плане, таксама працуюць на яго пазнавальнасць. Яны будуць працаваць на нашу пазнавальнасць, а мы будзем працаваць на пазітыўную кампанію», — сказаў Лябедзька.

Паводле слоў лідара АГП, у выніку такой дзейнасці каманда Яраслава Раманчука спадзяецца выйсці на 70% пазнавальнасці кандыдата, што дазволіць у першым туры атрымаць 30–35% галасоў выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?