Вецер падарожжаў паклікаў казу, і яна вырашыла адправіцца ў вандраванне на дызель-цягніку.

Гэту не казачную, а самую што ні на ёсць сапраўдную гісторыю расказаў начальнік Віцебскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Сяргей Стэльмах.

Жыў-быў у вёсцы Ляхі Віцебскага раёна дзед, і была ў яго каза, звычайная беленькая козачка. Кожны дзень пенсіянер вадзіў яе на пашу, навязваў і пакідаў пажаваць свежай траўкі. Але ў адзін цудоўны (для козы) дзень прывязь аслабла, і каза адчула, што такое сапраўдная казіная свабода: ясі, што хочаш, ідзі, куды хочаш. І пайшла. Праз нейкі час прыйшла яна на чыгуначную станцыю Лычэўскага, а тут і дызель-цягнік Орша — Віцебск пад'ехаў. Залезла каза ў вагон (праўда, далей тамбура не пайшла, можа, пасаромелася, што без білета едзе), і павёз яе поезд у абласны цэнтр — за 30 км ад роднай вёскі і ад любімага гаспадара.

Даехала каза да Віцебска, а тут яе сустракаюць добрыя малайцы з аддзела ўнутраных спраў на траснспарце. Аказваецца тыя, хто ехаў у цягніку, звярнулі ўвагу на незвычайную пасажырку і паведамілі пра гэта машыністу. Ён, у сваю чаргу, перадаў інфармацыю супрацоўнікам міліцыі. Вось і сустрэлі яны вандроўніцу, завялі яе адпачыць у багажнае аддзяленне. А самі тым часам пачалі шукаць гаспадароў. Апыталі пасажыраў, высветлілі, дзе прыкладна каза села ў дызель, абзванілі вясковыя магазіны і даведаліся, што пенсіянер з Ляхаў шукае сваю козачку. Прыехаць за ёй дзядуля не змог — стары. Давялося ўчастковаму міліцыянеру везці прапажу дадому.

Кажуць, у дарозе каза паводзіла сябе ціха.

Гаспадару яе перадалі пад распіску прама на станцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?