Летась Зьміцер скончыў Менскі інстытут кіраваньня па спэцыяльнасьці "правазнаўства" і паступіў на юрфак Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Увесну паехаў у Ангельшчыну да сястры Натальлі Андрыянчык: яна атрымала палітычны прытулак некалькі гадоў таму. "Па вяртаньні, - кажа маці, - сына схапілі невядомыя проста ў менскім аэрапорце, завезьлі ў нейкі дом па Дамашэўскім завулку, дзе трымалі тры дні, зьбіваючы на горкі яблык. Потым былі ананімныя тэлефанаваньні. Калі Зьміцер купіў квіток на самалёт, каб зноў адправіцца да сястры, дома ён начаваць ужо ня мог: ля дому дзяжурыла міліцэйская машына".

Прыляцеўшы ў Ангельшчыну пры канцы сьнежня, Ясевіч папрасіў палітычнага прытулку. Прытулку не далі, а неўзабаве затрымалі: зьвінавацілі, што хлопец меўся падмануць брытанскія ўлады, прыехаўшы па турыстычнай візе. Цяпер Зьміцер знаходзіцца ў турме лёнданскага аэрапорту Гітраў. Дэпартаваць хлопца мусяць 20 студзеня - калі ня знойдзецца паважных прычын пакінуць.

Невядома, ці сапраўды за хлопцам сачылі спэцслужбы і хто ж яго зьбіў.

Цяпер маці Ясевіча баіцца, што сына па вяртаньні пасадзяць у турму. Турботаў дадаюць папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Натальля Андрыянчык па тэлефоне з жахам у голасе цытавала з заходняй прэсы камэнтары да паправак. У такой сытуацыі, выглядае, палітычным уцекачом зь Беларусі можа стаць кожны, хто мае мінімальную нязгоду з рэжымам і хаця б раз выказаўся на гэтую тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?