Расейска-грузінскі канфлікт дайшоў да кропкі. Дакладней, да “кропкі ру”. Сьледам за палітыкамі ды міліцыянтамі “вайну” грузінам аб’явілі кампутарнікі, якія даюць карыстальнікам гостынг (месцы для ўэб-сайтаў) ды іншыя інтэрнэтавыя паслугі.

Адна вядомая ў шырокіх кампутарных колах расейская гостыгавая кантора вывесіла на сваёй ўэб-старонцы зварот: “Наш ўэб-гостынг сайтаў ужо ня раз пацьвярджаў сваю грамадзянскую пазыцыю. Сёньня (03.10.2006) радай дырэктараў кампаніі было вырашана адмовіцца ад аказаньня нашых паслугаў грамадзянам Грузіі”.

Патрыятычна настроеныя правайдэры ўжо адмовілі ў супрацоўніцтве шаснаццаці інтэрнэт-рэсурсам, якія належаць грамадзянам Грузіі, двум прыватным распрацоўнікам сайтаў, а тасксама адной грузінскай ўэб-студыі. Экс-кліентам віртуальных патрыётаў засталося адно суцяшэньне: ім хаця б вярнулі ўсе нявыдаткаваныя на абслугоўваньне сайтаў сродкі.

Як асабліва адзначае палітычна падкаваны правайдэр, тэрмін дзеяньня сеціўнага байкоту грузінам не абмежаваны. І гэтае рашэньне адразу выклікала паток гнеўных водгукаў у інтэрнэт-супольнасьці: “Я ніколі ня буду карыстацца вашымі паслугамі. І другім не параю”, “Ваш гостынг для мяне памёр назаўсёды”, “Мярзотны ўчынак”. І гэта толькі самыя цэнзурныя з допісаў, якімі закідалі фірму касмапаліты-інтэрнаўты.

Як сказалі “МК” ў самой кампаніі, да іх нават паступалі пагрозы, што яны “не дажывуць да зімы”. Праўда, знайшліся і тыя, хто ўхваліў сеціўную блякаду Грузіі й назваў яе “вартай павагі”. Калі кіраўніцтва кампаніі зразумела, які ад блякады атрымаўся рэзананс, то вырашыла зрабіць “папраўку на вецер”: маўляў, з грузінамі, якія не вядуць “антырасейскую палітыку”, супрацоўніцтва будзе працягнутае. Праўда, крытэры ляяльнасьці для грузінаў у інтэрнэце пакуль не абнародаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?