У Гістарычным музеі адкрылася выстава, прысвечаная Ісаку Салавейчыку.

Мы ведаем, што Аркадзь Куляшоў, гэтаксама як Якуб Колас і Янка Купала, любіў гуляў у шахматы. Мы ведаем, як выглядаў першы Ўсебеларускі стадыён, які месціўся ў Парку Чалюскінцаў і згарэў у 1941. А яшчэ мы ўяўляем, як выглядалі цяпер зніклыя вулкі даваеннага Мінску. Усё гэтыя рыскі да нашай гісторыі захаваліся дзякуючы фатографу Ісаку Салавейчыку.

Ісак Салавейчык (1890-1967) — фатограф у трэцім пакаленні.

Ягоны дзед быў уласнікам фотаатэлье ў Беластоку, Гродне, Нясвіжы і Слоніме.

Яго бацька — вядомы фотамастак, які напачатку стагоддзя атрымліваў медаль на вялікай фотавыставе ў Антверпене ў 1906 г.

Сам Ісак даўнія гады быў фотакарам у папярэдніку «Беларусьфільма», «Белдзяржкіно», і ў часопісе «Чырвоная Беларусь». Салавейчык — адзін з аўтараў першага ў СССР фотаальбома — «Беларусь Савецкая».

У даробку Салавейчыка — здымкі даваеннага і паваеннага Мінска, прыроды, знакавыя людзі беларускай культуры: літаратараў Івана Мележа і Віталя Вольскага, скульптара Андрэя Бембеля, кампазітара Андрэя Цікоцкага.

Падчас захопу Польшчы і ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі Салавейчыка здымаў родную Беласточчыну, праўда, збольшага рабіў прапагандысцкія здымкі.

Што да прапаганды: менавіта Салавейчык прыдумаў дзеля надання шэсцю масавасці здымаць вялікі натоўп крыху зверху. Гэта мы пра вядомы здымак маршу вайсковай часці, якой камандаваў Ракасоўскі, па вулках Мінску. Гэтую ракурс дагэтуль выкарыстоўваюць постсавецкія фатографы.

З 20-х і 30-х гадоў не захавалася шмат фатаграфіяў. Першая прычына — падчас вайны згарэлі архівы (у тым ліку і архіў Салавейчыка). Па-другое, хваля рэпрэсіяў у дачыненні да фотамастакоў, ачольнікаў кірунку савецкага піктарыялізму.

— Салавейчык працаваў у відавочна неспрыяльныя для фатаграфіі 30-ыя, калі чалавека з фотаапаратам на вуліцы маглі залічыць да шпіёна, а на фотаапаратуру трэба было мець афіцыйны дазвол, — кажа вядомы фотамастак Юрый Васільеў. — Але Ісак Восіпавіч дажыў да 60-х гадоў, калі мог цешыцца са сваёй вядомасці і перадаваць досвед маладым. Салавейчык нават зрабіўся першым мастацкім кіраўніком фотаклуба «Мінск», цяпер самага старога і шанаванага фотаклуба на постсавецкай прасторы.

Творы Ісака Салавейчыка можна ўбачыць у Гістарычным музеі (Маркса, 12) на выставе «Фатограф свайго часу». Акрамя аўтарскіх працаў, тут — даўнія здымкі Беластока, Віцебска і Гродна, а таксама аўтэнтычныя часопісы і друкаваныя выданні 30-х гадоў. Выстава працягнецца да 31 кастрычніка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?