Джо Кокер, былы сябар «Джоні Ўокера» і Марыі Хуаны, памяняўся дашчэнту. Пабачыўшы, як большасць яго калег па тым самым «Вудстоку’69» выправілася да Абрагама на піва і какаін, ён проста выправіўся.

Той, каго колісь хістала ад выпітага алкаголю ў Лос-Анджэлесе ў 1974 на выступе перад акуламі амерыканскага шоу-бізу, цяпер нюхае толькі свежае паветра і гадуе памідоры ў вёсцы. Той, каго падчас турнэ па Аўстраліі арыштоўвалі за ўтрыманне канопляў, цяпер пакутуе ад цыгарэтнага дыму.

«Сябры, — кажа Джо Кокер, — я гляджу на іх і адчуваю, што трэба рабіць самому». Так, сапраўды, цяпер песню «З нязначнай дапамогай ад маіх сяброў», песню, з якой Кокер праславіўся, можна перайначыць на «З магутнай дапамогай сяброў».

Дык хто яны, сябры Джо Кокера?

Сябар №1 — Іншыя спевакі ды знакамітасці

Датуль як далучыўся да галерэі вобразаў з Джымі Хендрыксам, Джэніс Джоплін, Сантанам, «Грэйтфул Дэд» ды інш., Джо Кокер гібеў у пазаштатным ангельскім Шэфілдзе, цягаючы балоны з газам. Што трымала яго ў жыцці? Рэпертуар Рэя Чарльза, з якім ён увечары, пасля працы, выступаў па маленькіх клубах.


Аднойчы сваім шурпатым і трэснутым голасам,

Джо Кокер перапеў «Бітлоў» (прыгаданая вышэй «З нязначнай дапамогай») і адразу скокнуў у Вудсток.

Стуль перапеўкі, каверы, трывала ўвайшлі ў яго рэпертуар.

Потым былі песні Боба Дылана, Джорджа Харысана, сяброў і міжвольных папулярызатаў яго творчасці. Нават цяпер, спяваючы со(у)льныя балады, Джо не забывае выконваць чужыя песні, больш маладых REM і U2, іх хіты «Усім баліць» і песня «Адзін» адпаведна.

Дзеля справедлівасці варта зазначыць, што сам Кокер квіты са сваімі сябрамі.

У верасні 1997 на берлінскім канцэрце прысвяціў кампазіцыю You Are So Beautiful/«Ты такая пекная» забітай прынцэсе Дыяне.

Гэта было адно з самых яскравых прысвячэнняў у гісторыі рок-н-ролу. Які месяц пасля трагічнай гібелі прынцэсы шмат хто з берлінцаў, выявіўшы новыя трагічныя ноты ў старым кокераўскім хіце, не змог стрымаць слязу. Плакаў і сам Кокер.

Сябар №2 — Публіка

Кажучы пра 70-ыя, Кокер гаворыць: «у той час я ведаў, што мушу даць публіцы, чаго яна заслужыла, і таму я піў. І такім чынам маё піццё — усвядомлены ўчынак». Сапраўды, імідж ракенрольшчыка ішоў паперадзе самаго Кокера.

Ён сабе не належаў — быў правадніком жаданняў іншых.

Часопіс «Лайф» назваў яго «голасам усіх сляпых, плакальшчыкаў, шалёных жабракоў, нягеглых калек, якія бадзяюцца па вуліцах».

Кокер выразіў тое, што творыцца ў душы гаротнікаў і аб чым ніхто не ведае, тое, што самі яны самі ніколі не змаглі бы выказаць.

Сябар №3 — Кінематограф

Джо Кокер з яго адметным вакалам шматкроць запрашалі стваральнікі мастацкіх стужак.

Калі эпілептычныя жэсты рукамі, якія выкручвае Джо на канцэртах — на аматара, дык чары яго сіпаў — ідэальныя для саунтрэку да рамантычнай стужкі.
Ну, як можна абмінуць увагай You Can Leave Your Hat On/«А капялюш ты можаш не здымаць» у «91/2 тыдняў».

Што можа быць больш сэксі за спакуслівую Кім Бэсінджэр у кадры і мужнага Джо Кокера — па-за? А як шчыра, дык гэтая песня, нягледзячы на ўвесь свой сэксрэвалюцыйны пафас — кампазіцыя досыць іранічная.

Натхняльная выснова, зробленая перад канцэртам Кокера ў Мінску

Ракенрол не мае патрэбы ў скоках (хіба ў хаатычных рухах рук), у стракатым шоу (кашуля і ваўняныя нагавіцы — не ў лік), і нават у эпатажы (ну, можа быць невялічкім, у форме таго ж старога добрага эпілептычнага руказаломвання). Ракенрол, страшна сказаць, не мае патрэбы нават у насычаным голасе — як выявіла доўгая барацьба Кокера супраць Яе Мосці Прыроды.

І калі Біблія ракенрола будзе напісаная, дык яна будзе пачынацца такімі словамі «Спачатку была душа…», г.зн. «соул» па-ангельску.

Так што сустракайце: Спадар Джо Кокер, спявак, які, калі яму было 30, дык ён спяваў як дзед, а цяпер 66-гадовы дае блюзу што малады. Спадар Джо Кокер, які змяншае разрыў паміж пакаленнямі, і падчас канцэрту прымушае крычаць адных фанатак: «Зрабі мне сына!», а іншых — «Зрабі мне ўнука!».

Такім парадкам, 1 кастрычніка, «Мінск-Арэна» (пр.Пераможцаў, 111). Песні з новага альбома Hard Knock, а таксама старыя вядомыя хіты. Квіткі ад 100 тыс. да 500 тыс.

Глядзець яшчэ: Джо Кокер «З нязначнай дапамогай ад маіх сяброў»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?