Віталь Рымашэўскі (першы справа), Аляксей Шэін і Георгі Дзьмітрук разьлічваюць за два гады залучыць у БХД сем тысяч чалавек.

Фота Андрэя Лянкевіча

25 студзеня сябры аргкамітэту партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" зладзілі прэс-канфэрэнцыю, каб паведаміць: устаноўчы зьезд партыі пройдзе ў траўні. Сустаршыня аргкамітэту Аляксей Шэін зазначыў, што новая партыя мае абапірацца "найперш на хрысьціянаў і інтэлігенцыю".

Другі сустаршыня аргкамітэту, Георгі Дзьмітрук з Кобрыня, кажа, што колькасьць сяброў будзе прырастаць за кошт рэгіёнаў, у адрозьненьне ад іншых партый, якія робяць стаўку пераважна на менчукоў. За два гады, запісана ў Стратэгіі партыі, "БХД" мае набраць 5000-7000 сяброў.

Партыя мае яднаць прадстаўнікоў усіх кірункаў хрысьціянства. Прынцыповым ёсьць інстытут сустаршынства - кіраўнікі маюць рэпрэзэнтаваць тры асноўныя хрысьціянскія дэнамінацыі Беларусі.

Працу над стварэньнем партыі Павал Севярынец распачаў яшчэ паўтара году таму. "Мы правялі работу ў рэгіёнах, зьнялі многія вострыя пытаньні, зьнялі забарону на прыём у "БХД" атэістаў", - расказвае А.Шэін.

Былы актывіст АГП, цяпер каардынатар "БХД" па Менску Віталь Рымашэўскі адзначае, што партыя будзе надаваць вялікую ўвагу інфармаваньню насельніцтва.

Сваю дзейнасьць партыя мае каардынаваць з ініцыятывамі іншых дзеячаў хрысьціянска-дэмакратычнага кірунку, у прыватнасьці з Уладзімерам Мацкевічам.

Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі заклікалі падтрымаць ініцыятыву, вылучаную шэрагам пратэстанцкіх цэркваў: штопятніцы а 20-й маліцца за перамены ў Беларусі, праўду і справядлівасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?