Цягам апошняга тыдня на прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў Кіеве чыніцца ціск. 15 кастрычніка позна ўвечары дырэктара Беларускага нацыянал-дэмакратычнага цэнтру ў Кіеве Сержука Высоцкага перастрэлі два рослыя мужчыны гадоў трыццаці ў скуранках і наўпрост заявілі: «Валі адсюль, у цябе на гэта тыдзень, інакш будзеш вельмі брудным, і іміджу героя канец», паведамляе Нацыяналістычны партал.
З украінскага мабільнага нумара Высоцкага былі разасланыя смс-паведамленьні ягоным сябрам і знаёмым з просьбай пра сустрэчу.
16 кастрычніка да беларускага апазыцыйнага журналіста (ён не захацеў называць свайго імя), які стала працуе ў Кіеве, на вуліцы прычапіўся малады чалавек, які настойліва прасіў дапамогі і сачыў? за журналістам.
Раней пагрозы жыцьцю прагучалі і на адрас сьвятара беларускай аўтакефальнай царквы, які жыў у Кіеве. Ён быў вымушаны пакінуць сталіцу Ўкраіны.
Паводле слоў Сержука Высоцкага, «калі гэта дзеяньні беларускага КДБ, то ўкраінскія спэцслужбы ня могуць быць ня ў курсе гэтых падзей. Мажліва, гэта элемэнт супрацоўніцтва двух выведак на тле рэваншу ва Ўкраіне». «Раней беларускія апазыцыянэры пачуваліся ў Кіеве бясьпечна», - кажа Высоцкі.
У 2001-2002 і 2004 гадах супраць Высоцкага былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па «палітычных» артыкулах, - паведамляе «Майдан».