23 верасня ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці адкрыты помнік князю Вялікага княства Літоўскага Вітаўту.

Аўтар помніка — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас, які стварыў разам са сваімі вучнямі каля 500 скульптур, — устанавіў статую паміж будынкамі сярэдняй школы і касцёла святога Ліна. Скульптура вышынёй больш за шэсць метраў выраблена з асаблівай пароды дуба ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай нацыянальнай разьбы па дрэве. Скульптар паказаў князя ў вобразе рыцара з каронай, які ў левай руцэ трымае скіпетр — знак улады, а правай абапіраецца на меч.

Помнік устаноўлены пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «За грамадзянскую супольнасць» (Літва).

Як адзначыў старшыня пялескага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімтыне» («Айчына») Ёнас Мацюлявічус, ў пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы Дубінцы, што за тры кіламетры ад Пелясы, быў узведзены помнік Вітаўту, шлях якога з Вільні ў Гродна 600 гадоў таму праходзіў цераз Дубінцы і Пелясу. Па ініцыятыве выхадца Воранаўскага раёна дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Літвы Ізідоруса Шымяленіса было вырашана адкрыць статую Вітаўту ў Пелясе, бо Дубінцы аднесеныя да неперспектыўных вёсак.

Адкрыццё помніка было прымеркавана да свята святога Ліна, прысвечанага другому папу рымскаму пасля апостала Пятра. Лін (Лінус) лічыцца пакутнікам і заступнікам людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?