Пры падзенні МіГ-29 разваліўся на дробныя кавалкі. Пра тое, дзе адбылося крушэнне і што там зараз адбываецца, Еўрарадыё распытала намрэдактара газеты «Ганцавіцкі час» Пятра Гузаеўскага, які пабываў на месцы падзеяў.

Гузаеўскі: «Самалёт упаў у лесапаласе. Гэта ўжо лес, не дрыгва. І больш за 300 метраў цягнецца след падзення. Зрэзаныя вярхушкі дрэваў і самі дрэвы. Відаць сляды пажару… Самалёт пры падзенні разваліўся на дробныя кавалачкі. Па ўсёй гэтай тэрыторыі няма вялікіх частак! Толькі дробныя кавалачкі дэталяў самалёта, абшыўкі, прыбораў…»

Зона падзення зараз ачэпленая вайскоўцамі ўнутранай службы.

Гузаеўскі: «Вайскоўцаў завезлі яшчэ ўчора ўночы. Машыны з імі ішлі праз вёску Хатынічы, якая тут недалёка, недзе каля 23-х гадзінаў 23 верасня. На месцы падзення самалёта працуе следчая брыгада. Людзей вельмі шмат. Там таксама працуюць сапёры, бо, па словах следчых, самалёт быў з боезарадамі, якія могуць заставацца на месцы падзення».

Месца, дзе зваліўся самалёт, знаходзіцца ў 3–5 кіламетрах ад вёскі Радзялавічы. Але пакуль што следства не робіць ніякіх высноваў ні наконт прычынаў падзення самалёта, ні наконт таго, чаму лётчыкі не катапультаваліся. Расследаванне ўскладняецца тым, што рэшткі самалёта — вельмі дробныя, і на іх вывучэнне спатрэбіцца шмат часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?