25.09.2010 / 11:17

Трусаў: «Сцяна Каложы можа не вытрымаць» 9

У Гродне прайшла канферэнцыя «Рэканструкцыя Каложы: за і супраць».

У Гродне прайшла канферэнцыя «Рэканструкцыя Каложы: за і супраць».

У абмеркаванні ўдзельнічалі гісторыкі, архітэктары, быў кіраўнік праекта рэстаўрацыі Генадзь Лаўрэцкі і каля ста жахыроў горада. Запрашалі прадстаўнікоў мясцовай ўлады і праваслаўнай епархіі, але ад іх ніхто не прыйшоў.

Праект, прапанаваны архітэктарам Генадзем Лаўрэцкім, прадугледжвае адначасова і рэстаўрацыю сцен, і рэканструкцыю — дабудову купала, даху і прыбудовы. З патрэбай рэстаўрацыі ўсе ўдзельнікі дыскусіі былі згодныя, але дружна выступалі супраць рэканструкцыі.

«

Ніхто не ведае, як Каложа выглядала раней, таму тое, што пабудуюць, — гэта фэнтэзі.
Усе будуць ведаць, што гэта не натуральная Каложа, а выдумка архітэктара», — казаў Алесь Краўцэвіч, гарадзенскі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук.

Заказчыкам рэканструкцыі Каложы з’яўляецца «Грамадзянпраект», хто будзе выканаўцам — яшчэ не вырашана. Прысутныя сумняваліся, ці будзе рэканструкцыя якаснай. «

У нас ужо ёсць прыклады як праводзіць рэканструкцыю „Грамадзянпраект“ — разбураць і збудуюць з сілікатных блокаў.
Прыклад — Лідскі замак, дзе збудавалі панэльную лесвіцу. А наша галоўная задача — не нашкодзіць», — працягваў А.Краўцэвіч.

Гродзенскі гісторык архітэктуры Ігар Трусаў адзначыў, што сёння не хапае грошай нават на тое, каб аплаціць складанне будаўнічага праекту. А на рэканструкцыю і рэстаўрацыю Каложы патрэбна нашмат больш.

І.Трусаў выказаў сумнеў, што без дзяржаўных, бюджэтных сродкаў, удасца паднавіць Каложу.

Дабрачынны рахунак па зборы грошай на аднаўлення царквы адкрыты, але грошы збіраюцца не на саму рэканструкцыю, а на стварэнне будаўнічага праекту.

І.Трусаў адзначыў, што прыступаць да работ рана, пакуль не правялі археалагічныя, геалагічныя даследванні. Таксама невядома, ці зможа аўтэнтычная сцяна Каложы вытрымаць новы дах і купал. Спачатку трэба праводзіць работы па рэстаўрацыі, кансервацыі, а не ствараць праект рэканструкцыі, лічыць І.Трусаў.

Навукоўцы сумняюцца,

ці ўвогуле можна пускаць тэхніку на ўзгорак дзе стаіць Каложа.
Бо яшчэ не знікла праблема апоўзня, невядома ці спыніўся ён.

Згодна з праектам, сцены, якія збіраюцца дабудаваць, будуць з цэглы і сілікатных блокаў.

Ці вытрымаюць падмуркі цяжкую канструкцыю?
Будаўнік, прысутны на канференцыі, адзначыў, што тэрмін выкарыстання сілікатных блокаў складае ўсяго пяцьдзясят гадоў. Ці не давядзецца праз гэты час зноў рабіць рэканструкцыю Каложы?

Кіраўнік праекту Генадзь Лаўрэцкі адказаў, што распрацоўка сцен яшчэ вядзецца, гэтым займаеца «Грамадзянпраект». У канцы абмеркавання ён адзначыў, што ўсе рэкамендацыі і прапановы былі вельмі слушныя. Толькі ці прыслухаюцца да іх?

Ганна Навумовіч

0
Алесь / Адказаць
25.09.2010 / 11:31
Было вельмі цікава паслухаць спецыялістаў, але адсутнасць заказчыкаў і праваслаўнай царквы(праўда былі вернікі царквы,якія супраць рэканструкцыі)дае падставы лічыць,што нешта там не чыста.....
0
Антон Астаповіч / Адказаць
25.09.2010 / 20:23
Прабачце, панове. У чарговы раз падаецца інфармацыя, якая не адпавядае ісціне. Гродзенскі "Грамадзянпраект" не з'яўляецца заказчыкам рэстаўрацыі. Ён і не можа з'яўляцца ім. Гэта праектная арганізацыя, якая распрацоўвае праект. Заказчык жа той, хто збірае грошы - праваслаўная царква, Яна і заказвае, адпаведна, музыку. На жаль, гарадзенцы лічаць сябе настолькі магутнымі спецыялістамі ў галіне аховы спадчыны, што нават не пытаюць парадаў у Таварыства аховы помнікаў, якое мае досыць багаты вопыт не абмеркаванняў, якія нічога не даюць. Нават прадстаўнікоў Рэспубліканскага савета не запрасілі на так званыя слуханні, якія і толку не маюць, бо ад слова не станецца. Дарэчы, вынік такіх падыходаў да справы яскрава быў бачны ў мінулым годзе. Замест таго, каб правесці напружаную працу па складанню прапаноў па наданню гістарычнай планіровачнай структуры, будынкам і збудаванням Новага свету статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці і падачы іх на разгляд, пэўныя дзеячы звярнуліся да польскіх урадавых колаў, каб яны баранілі нашую спадчыну. Выглядала анегдатычна - дапамажыце, панове, бо мы не здольныя. Перад тым, каб наладжваць нават слуханні, трэба валодаць хаця б элементарнай інфармацыяй: ці ёсць Дазвол Мінкульта на правядзенне праектных прац, ці распрацавана рэстаўрацыйнае заданне, хто дакладна заказчык аб'екта, калі, кім, у якім аб'ёме праводзіліся комплексныя навуковыя вышуканні, інжынерныя даследаванні і г.д. А гэта зрабіць проста. Проста трэба даслаць адпаведны запыт у Мінкульт. А для гэтага трэба перыядычна вывучаць заканадаўства аб ахове спадчыны і на яго падставе будаваць працу, інакш, без нармальнага юрыдычнага і дакументальнага складніка - усё гэта "плач Яраслаўны". Так што можам праплакаць Каложу. Нармальнае спалучэнне юрыдычнай працы і інфармацыйнага наступу дапамаглі абараніць ад цыбулін Барысаглебскую царкву ў Наваградку. Так што, паважаныя гарадзенцы, пераходзце ад словаў да справаў.
0
Аляксандар Краўцэвіч / Адказаць
25.09.2010 / 22:10
Такое ўражанне, што сп. Астаповіч пакрыўджаны ламаннем манаполіі яго арганізацыі на абарону спадчыны. Давайце працаваць у адным кірунку, біць у адну кропку, а не высвятляць, хто галоўны абаронца, а хто не. Тым больш, што не надта відаць вынікаў абароны самога Астаповіча.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру