Адпаведны ўказ быў падпісаны з фармулёўкай: «у сувязі са стратай даверу».

Адстаўцы папярэднічала кампанія ачарнення ў падкантрольных Крамлю СМІ. Падставай для атакі сталася нежаданне Лужкова адступіцца ад непапулярнага праекта правядзення хуткаснай аўтатрасы праз Хімкінскі лес. Але прычынай можа стаць жаданне перадзелу ўласнасці.

У часы мэраўства Лужкова ласыя кавалкі будаўнічага і камунальнага бізнэсу Масквы апынуліся пад кантролем набліжаных да Лужкова бізнэсоўцаў і нават жонкі Лужкова — Алены Батурынай, якая стала адзінай жанчынай-мільярдэркай у Расіі. Менавіта яна забудоўвала многія раёны Масквы. Між тым пляцы пад будаўніцтва размяркоўвае Маскоўская дума, а апошнія 18 гадоў яна была цалкам падпарадкаваная Юрыю Лужкову. Цяпер гэты бізнэс можа перайсці ў рукі групаў, бліжэйшых да Пуціна і Мядзведзева.

У Расіі ад часоў Пуціна губернатараў не абіраюць, а прызначаюць зверху.
Лужкоў не раз выйграваў выбары ў Маскве, якой ён кіраваў ад часоў перабудовы, з 1992 года ў якасці мэра.

Лужкову не дапамог удзел у кіраўнічай партыі «Адзіная Расея».

Нельга выключаць, што зараз 74-гадовы Лужкоў можа ахвяраваць грашыма і бізнэсам і ўзначаліць аб’яднаную левую і нацыяналістычную апазіцыю на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Лужкоў вядомы сваімі асаблівымі повязямі з Аляксандрам Лукашэнкам. Кампанія Батурынай атрымала права забудовы прэстыжнай тэрыторыі ў Мінску.

Летась у цэнтры Мінска, каля гатэля «Беларусь», адкрыўся Дом Масквы. 4-павярховы будынак у самым прэстыжным месцы сталіцы змясціў офісы й гатэльчык.

Будаўнічая фірма «Ітэрабелбуд», даччыная кампанія холдынгу Батурынай, пачала будоўлю самага 133-метровага хмарачоса на вуліцы Кальварыйскай у Мінску. Ён стане найвышэйшым у Беларусі будынкам.

Нарэшце,

«Інтэка» Батурынай атрымала для забудовы кварталы ў раёне праспекта Дзяржынскага і мікрараён Лебядзіны каля Драздоў.

Ходзяць чуткі, што менавіта ў Батурынай былі закупленыя пластыкавыя крэслы для беларускіх стадыёнаў, якімі чамусьці сталі масава замяніць звыклыя, пераважна драўляныя сядзенні.

Дарэчы, бізнэс «Інтэка» пачаўся ў 1991 годзе з невялікай вытворчасці пластмасавых вёдраў і тазікаў.

Перад атакай на Лужкова Крэмль арганізаваў аналагічны наезд на кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, але тут Масква была не ў праве зняць яго з пасады.

Пры Пуціну Лужкова цярпелі, хоць асабістыя адносіны іх былі кепскімі. Нацыяналістычная рыторыка Лужкова трапляла ў струмень палітыкі Крамля. Для падтрымкі сваёй папулярнасці Лужкоў абачліва выбіраў мішэні для нападак: ён ваяваў з гей-парадамі, а з ім ваявалі абаронцы гістарычнай спадчыны, але ён публічна не крытыкаваў асцярожна-рэфармісцкі курс прэзідэнта Мядзведзева. Гэта не засцерагло яго ад няласкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?