Мікола Жыгоцкі, фота Сямёна Печанко.

Мікола Жыгоцкі, фота Сямёна Печанко.

Мікола Жыгоцкі ходзіць па выдавецтвах, спрабуючы надрукаваць кнігу пра кіраўніка дзяржавы.

Спадар Мікола паўстагоддзя адпрацаваў у літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску.

«Прыйшоў туды ў 1957-м, праз год пасля смерці Коласа», — расказваў ён, завітаўшы ў рэдакцыю «НН». Жыгоцкі — аўтар кніг пра Якуба Коласа, коласаўскія мясціны, коласаўскіх герояў, у прыватнасці, дзеда Талаша. А яшчэ спадар Мікола напісаў тры кніжкі пра дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку. Ніводную з тых трох кніг не напаткаў шчаслівы лёс.

У першай, «Александр Лукашенко», аўтарства Жыгоцкага замянілі на калектыў пісьменнікаў і выдалі па-расійску. Наклад другой, «Александр Лукашенко — первый президент Республики Беларусь», так і не выйшаў, у 2008 годзе пабачылі свет толькі сігнальныя асобнікі.

А трэцяя, «Жыццё для людзей», не першы год застаецца ў рукапісе.

Што прымусіла коласазнаўца пераключыцца на асобу Лукашэнкі?

«Калі Аляксандр Рыгоравіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, я пачуў, што ён мой зямляк. Я ж таксама са Шклоўшчыны, толькі мае родныя мясціны — бліжэй пад Бялынічы. Я вырашыў пазнаёміцца з ім. Пайшоў у Дом урада. Але там Лукашэнку не сустрэў. Тады пачаў шукаць любыя матэрыялы аб ім».

Скобелеў перапісаў

Калі ўжо зямляк стаў першай асобай у дзяржаве, спадар Мікола вырашыў прысвяціць яму буклет. І пачаў дэталёва даследаваць біяграфію. «Але дырэктар выдавецтва «Навука і тэхніка», да якога звярнуўся з ідэяй, месяцы тры мяне з кабінета выганяў, не хацеў слухаць. Пасля я яго ўсё-такі заахвоціў. Патрэбныя былі здымкі. Звярнуліся да фатографа Пятра Кастрамы, які працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. А ён расказаў аб нашым праекце на працы. Праз нейкі час мне патэлефанаваў Эдуард Скобелеў, супрацоўнік Адміністрацыі, і сказаў, каб з усімі матэрыяламі я прыйшоў да яго».

Гэты крок Мікола Жыгоцкі лічыць памылковым. Па яго словах, дзіцячы пісьменнік і чыноўнік Скобелеў упісаў сябе складальнікам кнігі. Паводле словаў спадара Міколы, ён сваю кнігу пісаў па-беларуску. Расійскамоўнай яна стала, трапіўшы да Скобелева. З рэдактарскіх рук кніга выйшла ідэалагічна вывераным, раскладзеным па палічках наборам праграмных тэзісаў Лукашэнкі.

«Так мяне абшчыпалі з першым выданнем»

Па словах Жыгоцкага, ён нічога не атрымаў за сваю працу. Адно што кнігу паказалі яе галоўнаму герою. І той паставіў аўтограф: «Жигоцкому с уважением». Кніга ж пісалася не толькі з чыста даследчыцкага інтарэсу. «Я разлічваў, ён як-небудзь музею паспрыяе, як пабачыць кнігу», — кажа аўтар.

У выходных звестках кнігі пазначаны гіганцкі наклад: сто тысяч асобнікаў. Спадар Мікола не каментуе, толькі шматзначна махае рукой.

Кампліментарнае выданне пабачыла свет у 1997 годзе, пасля рэферэндумаў аб двухмоўі, змене сімволікі і Канстытуцыі. Як пачуваўся аўтар і зямляк, заўважаючы, што ўлада ўзяла курс на знішчэнне Беларушчыны?

«Аднойчы я пачуў, як Лукашэнка грэбліва выказаўся пра беларускую мову. Гэта адна з прычын, па якой я хацеў з ім убачыцца. Хацеў спытаць:

«Чаму такі заняпалы стан роднай мовы?» — кажа спадар Мікола і дзівіцца з такой пазіцыі Лукашэнкі. Бо яго жонка, Галіна Радзівонаўна, напрыклад, выказвалася за беларускую мову заўжды.
Яе аўтограф стаіць на фарзацы другой кнігі Міколы Жыгоцкага: «Александр Лукашенко — первый президент Республики Беларусь».

«Так мяне абшчыпалі з першым выданнем. І я вырашыў працаваць над сваёй уласнай кнігай далей», — распавядае Жыгоцкі.

Праз пасярэдніцтва Віктара

Новая кніга з’явілася праз адзінаццаць гадоў, у 2008-м, з пазнакай «выданне для моладзі». У свет, праўда, выйшлі толькі некалькі сігнальных асобнікаў.

«Мяне з дырэктарам выдавецтва выклікалі ў Міністэрства інфармацыі, дзе сказалі, што заўчасна выдаваць такую кнігу. І сігнальныя асобнікі засталіся толькі адзінымі надрукаванымі».

«Шэймана дарма далі…»

Хоць

дазвол на выданне другой кнігі аўтар атрымаў ад Лукашэнкі праз пасярэдніцтва яго старэйшага сына Віктара. Сын і ліст адпаведны прыслаў у выдавецтва.
Але калі спадар Жыгоцкі звярнуўся да малодшага сына Лукашэнкі Дзмітрыя, каб той матэрыяльна паспрыяў выданню кнігі, атрымаў адмову. Дзмітрый напісаў, што займаецца толькі справамі сваёй кампетэнцыі. І з кнігавыданнем нічога не мае супольнага.

Гартаем той сігнальны асобнік. Ён ілюстраваны не толькі фота, але і маляванымі графічнымі партрэтамі: Віктар, Дзмітрый, Галіна Радзівонаўна, пры канцы нават Канаплёў і Шэйман. «Шэймана дарма далі…» — каротка заўважае аўтар.

Другая кніга таксама не без купюр. Спадар Мікола кажа, што «пісаў шырэй», што было ў кнізе і пра няўдачы, і пра зніклых людзей. Хто гэта зрэзаў — не расказвае.

«Як пойдуць на пенсію, тады і будуць жыць разам»

Працуючы са сваімі кнігамі, Мікола Жыгоцкі сустракаўся з маці Лукашэнкі і яго жонкай. Але пра тыя сустрэчы распавядае стрымана:

«У сямейныя адносіны пры размовах з жонкай я не ўлазіў. Гэта лагодная, прыветная жанчына. Як яна ўспрыняла тое, што муж — у Мінску, а яна засталася ў вёсцы? Казала, што яны так дамовіліся. Маўляў, як пойдуць на пенсію, тады і абагуляцца, будуць жыць разам».

Што быў Лукашэнка за чалавек у паўсядзённым жыцці? «Чытаў многа, як расказвалі настаўнікі. Справядлівым быў, як успаміналі землякі. За тое ж яго і выбралі ў дэпутаты». Лукашэнка не п’е, прапагандуе спорт. А ў маладосці ён быў такім самым? Мікола Жыгоцкі распавядае, што ў студэнцкія гады будучы прэзідэнт мог і выпіць. А перастаў ужываць спіртное пасля выпадку на ўборцы бульбы.

«Ехаў ён на возе, а воз перакуліўся. І Лукашэнка надта пабіўся. Пасля гэтага перастаў піць».

Ці ведае біёграф, калі нарадзіўся Лукашэнка — 30 ці 31 жніўня? Спадар Жыгоцкі кажа, што нарадзіцца мог і акурат 31-га. Але пэўнасці няма. А вось

факт збіцця механізатара падчас працы дырэктарам саўгаса, які не афішуецца, пацвярджае: «Было гэта. Справа была заведзеная на Аляксандра Рыгоравіча. Я яе глядзеў у Шклове. Пілі ж механізатары. А яму трэба было хлеб убіраць. Мо ён і штурхануў таго, раззлаваўшыся».
Жыццё для народа нікому не трэба

У рэдакцыю «НН» спадар Мікола прынёс аб’ёмістую тэчку з карэктурай сваёй трэцяй кнігі пра славутага земляка — «Жыццё для народа». Праблема ў тым, што яе ніхто не бярэцца выдаваць. «У пачатку года мяне прыняў Усевалад Янчэўскі, начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Ён станоўча ўспрыняў маю працу. Сказаў, каб я шукаў выдавецтва. Маўляў, дапаможа. Але я пайшоў адтуль, і ён нічога не зрабіў».

Звяртаўся аўтар і ў Расію. Наўпрост тэлефанаваў у смаленскую друкарню. Там сказалі, што за грошы Жыгоцкага гатовыя надрукаваць кнігу. А вось распаўсюджваць не возьмуцца.

Першая кніга, «Александр Лукашенко», выйшла ў 1997 годзе. З таго часу герой памяняўся. Ці ёсць у аўтара за што яго крытыкаваць? «Так, шмат абяцаў, а па сутнасці не выканаў нічога».

Пакрыўджаны спадар Мікола і на тое, што Лукашэнка ні разу яго не прыняў.

«Расійскага гісторыка Роя Мядзведзева прымаў нават. А для мяне яго Адміністрацыя сустрэчы так і не наладзіла». І ківае ў бок усяго чыноўніцтва: «Яны нікога не прымаюць. Толькі гавораць. Я сядзеў у прыёмнай начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрасобаў Адміністрацыі прэзідэнта Буко. Дык там столькі людзей збіраецца! І ўсе гавораць адкрыта. Адзін казаў: я зараз пайду пысу яму наб’ю. А міліцыянт толькі просіць, каб цішэй гаварылі. Буко абяцаў мне патэлефанаваць. Але званка і да сёння няма».

Пры канцы гутаркі выказваю сумнеў, што матэрыял у «НН» паспрыяе выданню «прэзідэнцкіх» кніг спадара Міколы. «А, няхай, — адказвае аўтар. — Але трэба, каб гэта засталося для гісторыі. Што быў такі бядак — Мікола Жыгоцкі».

* * *

Мікола Жыгоцкі нар. у 1931 на Шклоўшчыне. Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». З 1957 — супрацоўнік літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Аўтар кніг «Сцежкамі паэта: Па Коласаўскіх мясцінах», «Сэрца пакідаю вам: Па Коласаўскіх мясцінах», «Легендарны дзед». Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?