У арт-кавярні «Добрыя мыслі» (Магілёўская, 12) у Мінску ідзе выстава жывапісу і малюнкаў Міхала Рагалевіча. Сябры і калегі самі вырашылі аддаць даніну памяці мастаку. Экспазіцыя ў памяць Міхала Рагалевіча адкрылася на саракавіны па ім.

Міхась Рагалевіч. Дзяцінства.

Міхась Рагалевіч. Дзяцінства.

Геніяльны творца сышоў з нашага свету ў жнівеньскі сквар.

Нават многія калегі дазналіся пра ягоную смерць праз доўгі час. Зрэшты, і жыць Міхал Рагалевіч імкнуўся так, каб не ствараць каму клопату. Так сталася, што ніхто не парупіўся стварыць камісію па ягонай творчай спадчыне, зафіксаваць, кадыфікаваць ягоны даробак, вызначыць вартасць палотнаў, каб зберагчы іх для нацыі. Ягонага бацьку расстралялі ў 1933 г., маці арыштоўвалі двойчы, а ўрэшце выправілі ў Сібір, скуль яна не вярнулася.

Пазней мастак прысвяціў сваёй маці некалькі палотнаў... Міхась Рагалевіч з маленства стаў самотным, скрозь усё жыццё носячы таўро сына «ворагаў народа».

Але мастак, насуперак спакутаванаму дзяцінству, сіроцтву і адзіноце, збярог і веру ў чысціню чалавечых пачуццяў, і сваё высокае пакліканне. Ён напаўняў свой свет летуценнямі, марамі пра непараўнальна высокае, чыстае і свежае. У ягоных палотнах багата жывых кветак, перадусім — ружаў і квітнеючых садоў.

Яго карціны ўтрымліваюць больш, чым адкрываецца выпадковаму погляду. У жанры партрэта Рагалевіч развіў уласны маляўнічы канон, непараўнальную творчую манеру. Ягоныя мадэлі надзеленыя яркай індывідуальнасцю, прычым робіцца гэта надзвычай скупымі, але дакладнымі мастацкімі сродкамі: лёгкім нахілам галавы мадэлі, зменаю становішча рук або абрысамі рота — жарснага, іранічнага або панурага.

А звонкія, зіхоткія, як вітраж, адкрытыя фарбы, пакладзеныя са стрыманасцю, зусім не ўласцівай большасці іншых мастакоў.

Творчая манера Міхася Рагалевіча змянялася ад дэкаратыўна-канструктыўных, блізкіх да кубізму твораў, гэтакіх як «Чырвоны дом у Лошыцы» (1968) або «Кактусы» (1972), да лагодных, пяшчотных, пекных палотнаў кшталту «З рук у рукі» (1991) і «Бабіна лета» (1998).

Мастацтва Рагалевіча адметнае і тым, што ён адным з першых мастакоў пачаў раскрываць праўду аб камуністычных рэпрэсіях. Колькі невялікіх, камерных аўтабіяграфічных палотнаў апавядала гледачам пра трагедыю сям’і Рагалевіча і ўсёй Беларусі. Мастак пачаў паказваць іх на выставах яшчэ ў 1960-я, калі большасць прысвячала свае творы радасным будням у сацыялістычным раі. Таму Рагалевіча савецкія мастакі і чыноўнікі імкнуліся забыць яшчэ пры жыцці.

У творах 1980—1990-х у мастацтве Рагалевіча з’явіліся драматычныя пошукі ўласнага прызначэння, адказаў на тыя пытанні, што задавала яму само жыццё... Але перадусім ён пісаў шмат кветак, часта — малых дзяцей, будаваў у сваіх палотнах той дом, якога не меў на зямлі, такі лёс, якому не наканавана было здзейсніцца пры жыцці.

Рагалевіч прынцыпова не прадаваў сваіх карцінаў, адорваючы рэдкіх людзей сваімі творамі. Ён лічыў, што ўсе ягоныя палотны разам — цэласны і неразрыўны дар, як дар самога жыцця. Некалькі ягоных палотнаў прыдбаў Нацыянальны мастацкі музей.

У кавярні «Добрыя мыслі» выстаўленыя апошнія карціны і малюнкі, што засталіся ва ўласнасці сям’і. У тых, хто любіць мастацтва і шануе творцаў, ёсць гэтымі днямі ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю геніяльнага беларускага мастака. Гэта адзіная і апошняя магчымасць іх убачыць...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?