Беларускія камунальнікі скралі ідэю ва ўкраінскіх.

Ад новых метадаў барацьбы з неплацельшчыкамі за кватэру пакутуюць суседзі.

Якіх толькі метадаў не прыдумвалі для змагання з вінаватымі за камуналку! Прыдумалі новы — адключэнне каналізацыі.

Без святла і газу пражыць можна, без вады — складаней. А вось без туалета…. Журналіст «НН» адправіўся ў госці да сям’і, якой адключылі прыбіральню.

Звычайны дзевяціпавярховік на вуліцы Жудро, шосты паверх. Дзвярэй ніхто не адмыкае — нават варушэння няма.

Суседзі кажуць: ці пайшлі ў краму па алкаголь, ці спяць.

— У іх тут весела. Мы даўно іх не бачылі цвярозымі. Бывае, спяць ля ліфта, даводзіцца пераступаць.

Аб праблемах гэтай кватэры ведае ўвесь пад’езд.

— Спачатку ім святло адключылі — яны па вечарах пілі ў пад’ездзе, тут лямпачка ёсць. Так што ім няма розніцы, дзе піць. Пасля газ — дык яны і так не варылі есці. А вось цяпер каналізацыю.

— І што, да вас пайшлі?

— Не, да нас не ходзяць. Яны выкарыстоўвалі смеццеправод. Але мы іх паганялі, і яны цяпер сыходзяць кудысьці — на вуліцу хіба што. Дзякуй богу, пад’езд прапахнуць не паспеў.

На паўторны званок у дзверы ніхто не адказвае.

Як бачым, некаторыя грамадзяне могуць абыходзіцца без прыбіральні, а пакаранне для іх ператвараецца ў кару для ўсяго астатняга пад’езда.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гарадская аварыйная служба» Віктар Каралёў кажа, што ўсяго ў Мінску цяпер адключаны ад каналізацыі 38 кватэр. А вось расплаціліся за паслугі пасля пагрозы адключэння каналізацыі сотні гаспадароў. У Першамайскім раёне адключылі каналізацыю ў адной кватэры, дык гаспадар праз паўгадзіны разлічыўся.

З вось антысанітарыя, якая ўтвараецца ў кватэрах з адключанай каналізацыяй, гэта ўжо падстава для ЖЭСа, каб падаваць на іх у суд.

Таму камунальнік мяркуе, што новы метад уздзеяння на няплатнікаў эфектыўны і патрэбны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?