Сёння ўжо пятнаццаты дзень, як працягваецца штодзённая варта каля касцёла Святога Язэпа ў Мінску.
Пятнаццаты дзень запар два-тры дзясяткі неабыякавых людзей збіраюцца перад зачыненым храмам.

Такога развіцця падзеяў не чакалі нават арганізатары. Многія меркавалі, што кампанія згасне сама сабой праз некалькі дзён. Прыспешыць яе скон спрабавалі супрацоўнікі сілавых структураў, аднак затрыманні не далі выніку – і людзі ў цывільным адно толькі назіраюць за людзьмі воддаль ды фільмуюць на відэакамеру.

Людзі не перастаюць прыходзіць да касцёла Святога Язэпа. Сёння тут збіраюцца прадстаўнікі самых розных арганізацый, а таксама незаангажаваныя асобы. Сёння на гэтым месцы выступаюць кандыдаты ў прэзідэнты ад розных палітычных сілаў. Сёння тут супольна моляцца праваслаўныя, каталікі і пратэстанты.

Пятнаццаць дзён, якія працягваецца кампанія – на першы погляд, гэта не вельмі шмат. Але і не мала:

паспрабуйце прыгадаць хоць бы адну вулічную грамадскую акцыю апошняга дзесяцігоддзя, якая цягнулася б столькі часу.

На памяць прыходзіць толькі легендарная абарона Курапатаў 2001-2002 году, калі беларускія грамадзяне 250 дзён баранілі ад разбурэння нацыянальны мемарыял. І абаранілі! І сёння Курапаты вядомыя не толькі вузкаму колу аматараў нацыяльнай гісторыі, але і пазначаныя на гарадскіх мапах і дарожных указальніках.

Сёння, калі нацыянальны рух раз’яднаны, абарона касцёла можа аб’яднаць неабыякавых і сумленных беларусаў.
Тут збіраюцца людзі з рознымі палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі. Ніводная з палітычных сілаў не зможа “прыўлашчыць”, запісаць на свой рахунак гэтую акцыю. Так было падчас абароны Курапатаў, так было падчас Плошчы 2006-га. І гэта вельмі істотнае сведчанне нацыянальнага адзінства.

Нацыянальны рух у апошнія гады мае адно толькі падзелы, паразы і расчараванні. Таму надзвычай важна прыкласці ўсе сілы для змагання за вяртанне касцёла Святога Язэпа. Бо ёсць шанцы на тое, што ўлады вымушаныя будуць пайсці на саступкі – і гэта будзе нашай вялікай перамогай!

Перамогай, якая верне нам веру ў свае сілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?