Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, такое даручэнне кіраўнік дзяржавы даў 30 верасня падчас наведвання Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, дзе ён азнаёміўся з работамі, прадстаўленымі на Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва «Зямля пад белымi крыламi».

Ідэю стварэння ў Беларусі цэнтра, дзе маладыя мастакі, скульптары і прадстаўнікі іншых кірункаў мастацтва змогуць выстаўляць свае работы, агучыла адна з маладых мастачак падчас размовы Лукашэнкі з творчай моладдзю, паведамляе прэс-служба. Паводле слоў мастачкі, такія цэнтры ўжо дзейнічаюць у многіх гарадах свету, у тым ліку Вільнюсе, Кіеве, Маскве.

Як адзначыў міністр культуры Павел Латушка, пытанне аб стварэнні цэнтра ўжо папярэдне прапрацоўвалася і абмяркоўвалася з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім, ёсць дамоўленасць і са сталічнымі ўладамі. Ён таксама паведаміў, што «Прыёрбанк» гатовы аказаць фінансавую падтрымку гэтаму праекту. Папярэдне цэнтр плануецца размясціць у пустым будынку ў парку Чалюскінцаў.

Латушка таксама праінфармаваў Лукашэнку аб перспектыўным плане развіцця Нацыянальнага мастацкага музея. Паводле слоў міністра, у будучыні вакол НММ плануецца стварыць «музейны квартал». Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на тры чаргі развіцця музея. Для іх рэалізацыі запатрабуецца каля 150 млрд. рублёў.

«У прынцыпе я згодны. Усё гэта трэба распісаць, прадумаць, размеркаваць па гадах нагрузку», — сказаў прэзідэнт.

Цяпер музей размяшчаецца ў трох будынках: вул. Кірава, 25, вул. Кірава — Леніна, 22, вул. Леніна, 20. У двух другіх будынках 1950-х гадоў пабудовы, перададзеных музею ў 1989 і 1999 гадах, знаходзяцца адміністрацыйныя і тэхнічныя службы музея, а таксама некаторыя фондасховішчы, паведамляе прэс-служба. Як было адзначана ў ходзе наведвання Лукашэнкам музея, рэстаўрацыя і спецыяльнае прыстасаванне гэтых будынкаў не знялі вострую патрэбу ўстановы ў дадатковых плошчах.

У 2006 годзе пасля 15-гадовага будаўніцтва быў уведзены ў эксплуатацыю новы корпус музея, што часткова вырашыла праблемы з пашырэннем дэпазітарыя і экспазіцыйных плошчаў, паведаміў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. Далейшае пашырэнне, паводле яго слоў, магчыма за кошт сумежных будынкаў каля асноўнага будынка НММ. Пракапцоў таксама лічыць неабходным стварыць на новых плошчах невялікія музейныя сувенірныя магазіны і кафэ. «Сёння ў музея няма нават кафэ, кубак гарбаты выпіць няма дзе», — сказаў дырэктар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку знайсці паблізу музея памяшканне, дзе можна было б адкрыць сувенірны магазін у больш кароткія тэрміны, не чакаючы рэалізацыі ўсяго праекта.

«Магчымая перадача новых будынкаў дазволіць стварыць у перспектыве найбольш поўную экспазіцыю (сёння выстаўлена толькі 5% усёй калекцыі музея). На працягу найбліжэйшых 10 гадоў можна будзе паступова стварыць адзіны музейны комплекс, аснашчаны не толькі сучаснай тэхнікай, але і ўнікальнымі экспазіцыямі, у калекцыях якіх будзе дастойна прадстаўлена беларускае нацыянальнае мастацтва», — адзначаецца ў прэс-рэлізе па выніках наведвання Лукашэнкам Нацыянальнага мастацкага музея.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?