Падчас дасьледаваньня пэўных участкаў храмасомаў-целамераў навукоўцы з брытанскага ўнівэрсытэту ў Лестэры і лёнданскага Kings College прыйшлі да высновы адносна генэтычнай запраграмаванасьці хуткасьці біялягічнага старэньня арганізму.
Такое заключэньне зробленае на падставе галоўнай асаблівасьці целамераў — караціцца пры кожным цыкле дзяленьня клетак. Менавіта хуткасьць гэтага працэсу і можа быць адным з асноўных фактараў старэньня арганізму, сьведчаць брытанскія генэтыкі.

Паводле прафэсара Ціма Спэктара з Kings College, «людзі з адпаведнай генэтычнай схільнасьцю могуць старэць яшчэ хутчэй, калі іх целамеры, гэтак мовіць, трапяць у неспрыяльнае асяродзьдзе. Размова ідзе пра пэўныя шкодныя звычкі чалавека — курэньне, маларухомасьць, атлусьценьне». У такім выпадку вынікам будзе альбо больш хуткае старэньне арганізму, альбо яго схільнасьць да заўчасных узроставых захворваньняў, у тым ліку, хваробаў Альцгаймэра, Паркінсона ці сардэчна-сасудзістых ды эндакрынных паталёгіяў. Неспрыяльнымі ўмовамі для целамераў таксама зьяўляюцца сталы псыхічны і эмацыйны стрэс, які прыводзіць да нэўрозу, сындрому хранічнай стомленасьці, а таксама хранічнае недаяданьне, апраменьваньне, некаторыя іншыя фактары. У выніку біялягічная форма чалавека зьмяняецца структурна. Іншымі словамі арганізм як сыстэма рассыпаецца.

Як лічаць брытанскія навукоўцы, для вывучэньня прычынна-выніковай сувязі паміж целамерамі, працэсам старэньня і вызначэньнем шэрагу хваробаў неабходныя дадатковыя дасьледаваньні. Тым больш, што, у любым выпадку, яны важныя зь гледзішча разуменьня працы клетак арганізму, тлумачэньня шэрагу зьяваў, а таксама абвяржэньня розных мітаў адносна цудадзейнасьці амаладжальных дыетаў ды крэмаў.

Акісьляльны стрэс не адыгрывае ніякай ролі ў працэсе старэньня.

Вера ў цуд вяртаньня маладосьці пры дапамозе розных крэмаў, вітамінаў, БАДаў, дыетаў авалодала галовамі мільёнаў спажыўцоў. Грунтуецца яна на распаўсюджанай сярод фармаколягаў ды дыетолягаў тэорыі назапашваньня ў арганізьме пашкоджаных супэраксідамі малекулаў. Падобны працэс называецца акісьляльным стрэсам. І менавіта рознага кшталту антыакісьляльнікі памяншаюць узьдзеяньне супэраксідаў на арганізм чалавека.

Паводле экспэртаў Kings College, шматлікія дасьледаваньні, накіраваныя на доказ гэтай тэорыі, былі непераканаўчымі, і акісьляльны стрэс насамрэч не адыгрывае аніякай ролі ў працэсе старэньня.

Як вынікае з артыкулу ў часопісе Genes and Development,

дасьледаваньні адносна эфэкту амаладжальных сродкаў былі праведзеныя на чарвяках-нематодах, у арганізмах якіх маецца шмат тых жа генаў, што і ў чалавека.
Генэтычным шляхам дасьледчыкі дамагліся таго, што арганізмы нематодаў атрымалі магчымасьць вызваліцца ад лішку супэраксідаў.

Паводле навуковага кіраўніка дасьледніцкай групы доктара Дэвід Джэма,

калі тэорыя «амаладжэння» дакладная, гэта прывяло б да таго, што працягласьць жыцьця гэтых чарвякоў была б даўжэйшай у параўнаньні зь іхнымі «неамалоджанымі» супляменьнікамі. Аднак, гэтага не адбылося,
піша Genes and Development.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?