Амэрыканскія астраномы выявілі плянэту, умовы на якой могуць быць прыдатныя для жыцьця. Плянэта Gliese 581g знаходзіцца на такой адлегласьці ад свайго сонца, каб дазволіць існаваньне вады на паверхні, і мае адпаведны памер, каб утрымліваць атмасфэру.

Gliese 581g знаходзіцца на адлегласьці 20 сьветлавых гадоў ад Зямлі ў сузор'і Шаляў. Паводле астраномаў Унівэрсытэту Каліфорніі ў мястэчку Санта Круз, гэтая плянэта вельмі падобная да Зямлі.

Яна рухаецца па арбіце вакол свайго сонца на адлегласьці, якая дазваляе мець ня вельмі высокую і ня вельмі нізкую тэмпэратуру -- прыдатную для вады. Плянэта мае цьвёрдую паверхню і на ёй магчымая атмасфэра.

Прафэсар астраноміі Стэфан Фогт сказаў журналістам, што "шанцы на жыцьцё не такой плянэце -- 100 працэнтаў". Паводле Фогта, астраномам удалося лёгка знайсьці Gliese 581g, і гэта сьведчыць аб высокай статыстычнай імавернасьці, што існуе мноства плянэт з падобнымі характарыстыкамі.

Але спраўдзіць існаваньне на Gliese 581g хаця б найпрасьцейшых бактэрыяў пакуль немагчыма. Хоць паводле касьмічных маштабаў адлегласьць 20 сьветлавых гадоў і невялікая, для касьмічнага карабля спатрэбіцца час жыцьця двух пакаленьняў, каб дасягнуць гэтай плянэты зь Зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?