У сьледчым аддзеле магілёўскай міліцыі ў чацвер дапыталі кіраўніка дабрачыннага фонду «Шчырасьць» Ігара Каваленку. Як ён кажа, допыт вёў менскі сьледчы Дзяніс Дышчанка.

Цягам дзьвюх гадзінаў міліцыянт задаваў яму больш як дзясятак пытаньняў пра стасункі з установай «Рух наперад», якую ачольвае лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

Каваленка: «Допыт міліцыянт аргумэнтаваў расьсьледаваньнем крымінальнай справы супраць кіраўніка адной з паліграфічных кампаніяў Беларусі. У гэтай справе Някляеў праходзіць як падазроны. Усе пытаньні былі зьвязаныя зь фінансавым бокам нашых узаемаадносінаў. Яго цікавіла, як аплачваў Някляеў выдаткі, зьвязаныя з сваімі неаднаразовымі візытамі ў Магілёў. Як фінансаваліся „Рухам наперад“ акцыі, якія праводзіліся ў Магілёве. Ці атрымліваў я асабіста грошы за іх. Мне наагул не былі зразумелымі такія пытаньні, бо падчас ператрусу 18 траўня міліцыянты канфіскавалі дамовы маёй арганізацыі з „Рухам наперад“. У іх усё было расьпісана. Праўда, грошай я не атрымаў, бо ня выканаў з-за канфіскацыі матэрыялаў абавязкі паводле дамовы. Міліцыянт не хацеў, каб падчас допыту прысутнічаў мой адвакат. Давялося дамагацца гэтага».

Са слоў Каваленкі, міліцыянт паабяцаў, што неўзабаве ягонай арганізацыі вернуць частку канфіскаваных 18 траўня рэчаў. Пры гэтым ён не канкрэтызаваў, якія менавіта. Тады ў фонду канфіскавалі друкаваную прадукцыю, электронныя носьбіты інфармацыі, у тым ліку блёкі памяці двух кампутараў, а таксама дакумэнтацыю арганізацыі.

27 верасьня той жа Дзяніс Дышчанка дапытваў у Бабруйску сям’ю актывісткі «Гавары праўду» Алены Мядзьведзевай.

Тым разам ягоныя пытаньні таксама тычыліся фінансаваньня акцыяў «Гавары праўду», якія праводзіліся ў Бабруйску.

Бяз позвы на допыт адмаўляецца ісьці магілёўскі актывіст «Гавары праўду» Сяргей Лапуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?