Прычынаў можа быць восем. Як даць ім рады?
1. Даследаванні паказваюць, што ў мужчын мацней развітая логіка, а ў жанчын — інтуіцыя. Мужчынамі мацней рухае матыў дасягнення поспеху і імкненне да лідэрства. Таму многія з мужчын трымаюцца выпрацаванага плана на жыццё.
Магчыма, у бліжэйшыя яго задачы ўваходзіла скончыць навучанне, крэдыт, знайсці высокааплатную працу, замацавацца на ёй і добра стартаваць у прафесійнай кар’еры. А перспектыва шыкоўнага свята ў раскошным антуражы і касцюмах і мядовага месяца на рамантычным пляжы значыць для іх менш, чым для дзяўчыны.
Такому мужчыну важна адчуць сябе ў першую чаргу зрэалізаваным чалавекам,
здабыўцам, цвёрда стаяць на нагах, быць незалежным. І толькі на другім плане ў прыярытэтах — быць жанатым, г.зн. мець стабільны распарадак жыцця і стабільны сэкс.

З часам такі мужчына «даспее» да шлюбу. Але гора яму і ягоным жанчынам, калі ён забывае: без сямейнай апоры, без «пераключкі» ён і ў кар’еры дасягне нашмат меншага.

2. Некаторыя сацыёлагі мяркуюць, што ад прыроды ў мужчын і жанчынах закладзеныя розныя праграмы.
Саміца шукае здаровага і надзейнага партнёра, з якім створыць пару, каб нарадзіць дзяцей і сустрэць старасць.

А самец імкнецца падзяліцца сваім біялагічным матэрыялам (насеннем) з як мага большай колькасцю жанчын. Менавіта таму яму так важна адчуваць сябе незалежным, а шлюб яму можа ў гэтым перашкодзіць.

Такі

самец імкнецца «паспрабаваць» (некаторыя назавуць гэта: «перапсаваць») чым больш жанчын.
Нават калі такі мужчына дзейнічае прыстойна, калі ён «пераменліва палігамны», жыве з рознымі жанчынамі па чарзе, а не адначасова, з такім мужчынам можа быць цяжка. Такі можа лічыць сябе ў праве хадзіць налева і ў шлюбе. А жанчыну гэта будзе раніць, і дзеці будуць балюча рэагаваць на вашы спрэчкі.

Такія мужчыны часта аказваюцца няшчаснымі, самотнымі ў другой палове свайго жыцця. Але хто ж ведае наперад…

Але бываюць і мужчыны, у якіх сацыяльнае пачуцце, пачуцце справядлівасці дастаткова моцныя, каб кантраляваць сэксуальныя матывы. Такі мужчына цалкам прадумана хоча нагуляцца, пакуль ён не звязаны прысягай шлюбу. А пасля завяжа. Вось так ён распланаваў сабе жыццё. Але бойся, калі ты для яго — прахадная фігура. Для яго гэта частка жыццёвага плану, для цябе можа быць драма.

3. Мужчына шукае «зорку», дасканалую жанчыну.

Яна павінна адпавядаць сэксуальнаму ідэалу, закладзенаму ў яго прыродай. А да таго ж, яна не павінна быць дурною, быць дастойнай яго ў сваіх звычках, трапляць у ягоны лад жыцця. Але ідэальных людзей не бывае… Гэтая — легкадумная, у гэтай рана грудзі абвіслі…

Такое «блакаванне» можа быць выкліканае складанай самаацэнкай мужчыны.

З аднаго боку, у бацькоўскай сям’і яго моцна любілі, бераглі і песцілі. І ён вырас талковым, сімпатычным і любімым. З другога боку, не ўсё маглі яму даць і ў ім развіць бацькі. Часам ён адчувае сваю недасканаласць: танцаваць ён не ўмее, на горных лыжах не коўзаецца, а на працы Сяргей «сячэ» нашмат лепш за яго.

Ён хоча знайсці бездакорную жанчыну, каб падняць сваю самапавагу.
Каб сябры падсвядома прызналі: о, а ты яшчэ круцейшы, чым мы думалі, ты заваяваў найлепшую самку. Такі мужчына хоча здабыць у выглядзе жонкі «люстэрка», у якім бы адлюстроўваўся ягоны ўласны бездакорны вобраз.
4. Мужчына занадта звязаны з мамай, з бацькамі.

Бывае, яны займаюць шмат месца ў жыцці юнака і дарослага мужчыны. Ён жыве з бацькамі або часта бывае ў іх. Ён мае паўнавартую сям’ю і ўсё, што яна дае: спагаду, камунікацыю, сардэчнасць. Ён дапамагае ім, а яны — яму. Заўжды ёсць чалавек, які ў яго запытаецца: «Ну як ты там?».

Нашто ствараць другую сям’ю? У такога мужчыны патрэба ў стварэнні сям'і зменшаная.

Яму досыць і сэксу «вахтавым метадам». Або яшчэ прасцейшы варыянт — проста «торгнуць-торгнуць» вечарком.
З часам сэкс вахтавым метадам ператвараецца ў звычку.

Вось толькі бацькоўская сям’я не вечная, а што будзе пасля? Часам мужчына задумваецца пра гэта запозна.

5. Бываюць і наступствы залішняй залежнасці ад мамы.

Мамы, якая рабіла ўсё па прынцыпе «мама лепш ведае». Якая занадта апекавалася сынам, забяспечвала яго ад «а» да «я», вяла за сабой.

Такіх бацькі не проста любяць, а ўвесь час непакояцца за іх, жывуць іх праблемамі і інтарэсамі. Дзіця робіцца для такіх бацькоў альфай і амегай.

Такі мужчына вырастае з несвядомай бояззю, што калі ён дазволіць каму-небудзь сябе кахаць, падысці блізка, то ён загрузне ў патрэбах гэтага чалавека і зноў страціць свабоду, самастойнасць.

6. Негатыўны досвед: няўдалы шлюб, непадзеленае каханне, падман ці здрада
маглі параніць і адбіць жаданне ажаніцца. Гэта, здаецца, так банальна, але часта так яно і ёсць.
7. Пабытовыя цяжкасці, беднасць.

Гэта, здараецца, стрымлівае мужчыну ад шлюбу. Хоць ён і не прызнаецца ў тым жанчыне.

8. Нарэшце, мужчына бывае проста сарамяжлівы ад прыроды.
Яму ў маладосці і знаёміцца было няпроста — зрэшты, а каму гэта было напачатку проста?

У побыце ў яго засталіся перажыткі юнацкіх комплексаў.

Што да інтымнага жыцця, ён дагэтуль саромеецца паказацца перад табой голым. Ён ніколі не рабіў табе кунілінгус...

Перайсці мяжу юнацтва, падпісаць шлюб, упусціць у сваё жыццё другога чалавека — сур’ёзнае рашэнне для такога мужчыны.

Не бойцеся сарамлівых.

Як і маладосць, сарамлівасць — гэта загана, якая хутка мінае.
З гадамі сарамлівасць найчасцей пераходзіць у такую высакародную рысу, як стрыманасць. Пасля 25 ці 30 гадоў такі мужчына робіцца гатовы для шлюбу.
Як дзейнічаць дзяўчыне, з якой доўга сябруюць, але не жэняцца?
Яна бачыць, што хлопец добры, і жыць разам было б добра. Найперш трэба пастарацца зразумець галоўную прычыну і знайсці на яе раду.

Калі вы кахаеце, калі адчуваеце, што вам было б добра разам, не бойцеся праявіць настойлівасць. «Прызнаюся табе, я хачу шлюбу. Хачу бачыць цябе кожны вечар. Хачу, каб ты кахаў мяне без прэзерватыва. Хачу, каб ты быў накормлены кожны дзень. Я зразумела, што хачу быць для цябе. Хачу рабіць для цябе ўсё, каб табе было як найлепш. Прызнаюся табе, я хачу быць з табой усё жыццё». Не саромейцеся сказаць гэта, калі вычуваеце: вы і ён будзеце добра жыць.

Не бойцеся ўзяць на сябе ягоны побыт. Часта гэта можа быць штуршком для мужчыны.

Не думайце, што мужчына — гэта цынічны механізм, халодны, як ягоная «Аўдзі». Ён цягнецца — свядома ці несвядома — да той, якая адорвае яго цяплом, якая хоча для яго жыць. Акрамя безнадзейных выпадкаў, мужчына таксама хоча ўрэшце стварыць сям’ю.

Сям’я — гэта так добра. Добра і для Яго, і для Яе, і для іхных будучых дзяцей. Сям’я вартая высілкаў.

...А як вы думаеце, якія прычыны могуць быць яшчэ? Чаму мужчыны не гараць жаданнем ажаніцца? І як вы ці вашы сяброўкі вырашалі гэтую праблему?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?