1 кастрычніка Лукашэнка даў традыцыйную штогадовую прэс-канферэнцыю для расійскіх СМІ. Гэта ўжо восьмае падобнае спатканне. Агулам у Беларусь прыляцела больш за сотню журналістаў.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва». З архіва.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва». З архіва.

Лукашэнка пачаў традыцыйна, што «беларусы і рускія — адзін народ», але вымушаны жыць у розных дзяржавах. Фактычна, кіраўнік краіны прызнаў, што запрасіў журналістаў у адказ на «бессаромную хлусню», якая з’яўляецца ў цэнтральных расійскіх СМІ.

«Я ведаю, што для вашых журналістаў робяцца перашкоды, каб не дай Бог трапілі ў Беларусь. Я не буду прасіць вас пісаць пра нашу краіну ў вясёлкавых фарбах. Мы не пакрыўджаны на расійскі народ, — сказаў Лукашэнка. А тыя непаразуменні, што існуюць сёння ў між краінамі аднёс у віну «кучцы палітыкаў, хай і высокапастаўленых».

«Там, дзе палітыка яшчэ не ўмяшалася, адносіны ідуць добра. Найперш на ўзроўні людзей. Мы ад гэтага адмаўляцца не будзем. А вось з губернатарамі стала цяжэй», — кіраўнік дзяржавы двойчы папікнуў суседнюю дзяржаву, што там губернатары перасталі абірацца людзьмі. Нібыта ў Беларусі абіраюцца.

Што датычыць адносін з вышэйшым кіраўніцтва, то «мякка кажучы, яны жадаюць быць лепшымі». «Але такая тактыка сыдзе на нішто. Страціць Беларусь для Расіі — гэта катастрофа. Мы самы блізкі народ. Калі будзе на тое воля, то адносіны можна наладзіць, а то пераўзысці за тры ці шэсць месяцаў», — Лукашэнка нібыта кажа, што гатовы забыцца на ўсё старое і пачаць будаваць адносіны з нуля.

Што датычыць інфармацыйнай атакі на расійскіх каналах, то Лукашэнка кажа, што ведае замоўцаў. «Расіяй бы больш займаліся, больш толку было. Канечне, мы маўчаць не будзем на гэта. Але на што пакуль адказваць? На тое, што я штогод краду 7 мільярдаў даляраў?».

Тым не менш, Лукашэнка лічыць, што мочаць яго ніякія не СМІ, а каманда Мядзведзева. Каманда Пуціна таксама з гэтым згодная. «Гэта тыя самыя людзі, што мачылі Рахімава, Ілюмжынава, Лужкова».

Што датычыць Лужкова, то беларускі лідэр і надалей збіраецца сябраваць з ім. Ён негатыўна паставіўся да адстаўкі мэра Масквы. І бліжэйшым часам накіруе яму ліст падтрымкі.

Лукашэнка расказаў, што нібыта адзін з журналістаў ОРТ вучыў Станіслава Шушкевіча заплакаць на пахаванні журналіста Алега Бябеніна. Сам Лукашэнка зазначыў, што ніколі не чуў пра такога журналіста да ягонай смерці.

Чарговая порцыя крытыкі дасталася апазіцыі, якая з’яўляецца на расійскіх тэлеканалах. «Нармальна стаўлюся. Больш дзівіць пазіцыя расійскага кіраўніцтва. Яна не ведае, хто такая апазіцыя? Гэтыя людзі на дух не пераносяць Расію».

Кіраўнік краіны зазначыў, што ведае, з якіх крыніц фінансуецца апазіцыя. Вось нядаўна быў затрыманы кур’ер з 200 тысячамі даляраў. Пляцоўкі для перадачы грошай створаныя ў Літве, Польшчы і Германіі. Наўпрост з Расіі не вязуць», — кажа Лукашэнка.

На ягоную думку, Расія ставіць на бесперспектыўных палітыкаў, таму гэта ўсё несур’ёзнае. Можа быць, проста для таго, каб папалохаць яго.

Лукашэнка зноў зазначыў, што ведае ўсіх апазіцыянераў пайменна. «Іх 400 чалавек баявы атрад, 800 — выходзіць на акцыі. Ну можа 100 тысяч гатова падтрымаць на выбарах».

Найбольш эмацыйным Лукашэнка быў, калі гаворка зайшла пра энергарэсурсы. «З намі абышліся, як са злейшым ворагам», — гаварыў Лукашэнка пра павышэнні цэнаў на газ і нафту.

«Я не ведаю, што будзе з Мытным саюзам. Казахі таксама незадаволеныя», — кіраўнік краіны казаў пра тое, што Расія перакрыла беларускім таварам выхад на расійскі рынак, бо мясцовая прадукцыя проста не вытрымлівае канкурэнцыі.

Што датычыць паставак нафты з Венесуэлы, то гэта не ад добрага жыцця.

Лукашэнка прызнаўся, што сапраўды абяцаў Расіі прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, але Расія адмовілася кампенсаваць шкоду ад гэтага кроку. Найперш у адноснах з Еўропай і Амерыкай.

Адзін з журналістаў запытаўся, ці праўда, што Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі папярэдніх выбараў у бок памяншэння. «Так, праўда. З 96 ці 97% мы знізілі да 87%» [напраўдзе, паводле афіцыйных звестак, было 83%, а расійскія і літоўскія сацыёлагі называлі лічбы ад 60 да 67% — Рэд.].

А на гэтых выбарах колькі хочаце атрымаць? «Мне б хацелася, каб мяне падтрымала дзве траціны насельніцтва. Гэта канстытуцыйная большасць».

Лукашэнка з гонарам гаварыў, што палова кіраўніцтва Беларусі этнічныя расейцы. У прыклад прывёў Жадобіна, Мартынава, Уцюрына. «Мы давяраем расіянам. А вось у расійскім кіраўніцтве беларусаў няма».

* * *

Цытаты з лукашэнкаўскага выступу 1 кастрычніка.

«Урэшце, калі я буду нармальна сыходзіць, а не пад палкамі народа ці «ату!», то мы знойдзем Пракаповіча, Сямашку… Гэта вельмі моцныя людзі і іх у нас нямала. І я магу за іх слова сказаць, калі верыце — падтрымайце. Я так сёння думаю. Можа, мая думка памяняецца праз паўгода, калі краіну пачнуць на часткі разрываць. І я буду вымушаны прымаць нейкія радыкальныя рашэнні, але я гэтага не хачу.

А што не вырасцілі — няпраўда. У нас вельмі многа моцных людзей у краіне. Але, калі ён моцны міністр, прэм’ер-міністр, не факт, што ён будзе прэзідэнтам.

Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца.

Я катэгарычна не хачу абразіць свой народ і не даць яму права выбару. Таму забудзьце гэтыя размовы, што я рыхтую сваіх сыноў ці старэйшага сына як спадкаемцу. Гэта не Расея. Ніхто ў спадчыну ўладу перадаваць не будзе. Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзідэнтамі. Я наеўся, і маім дзецям хапіла праз мяне гэтага прэзідэнцтва».

«Вы ўспрымаеце прэзідэнцтва як царства. Вось сеў і царствуй. Я ўспрымаю гэта як працу…

Адзінае, я мару пра тое, што калі я сыду, каб з маіх дзяцей ніхто не здзекаваўся. Сёння ўсё добрыя, табе прыгожа песьні спяваюць… А потым будуць палкамі закідваць…
Асабліва з гэтага малога. А гэта можа быць. Я бачу, як гэта ў Расеі. Што ён зрабіў дрэннага для расейскага кіраўніцтва? І Мядзведзеў яго ведае, і Пуцін, і віталіся, і Пуцін яму [раней паведамлялася — Мядзведзеў. — Рэд.] нават пісталет баявы падарыў. Ну нарадзіўся ён так ці не так — якая каму справа? Гэта мой сын, я ад яго не адмаўляюся. Ён нарадзіўся. Я мог бы яго схаваць, як у вас умеюць гэта рабіць. Але не хачу, бо дзеці — гэта ад Бога… Адзінае, каб маіх дзяцей потым не чапалі… Каб іх не папракалі за бацьку».

«Спіртным я не захапіўся. Магу выпіць, як і ўсе людзі. І шмат магу выпіць, але потым што будзе... У маёй маці няма ферменту, які перапрацоўвае спіртное. Відаць, па спадчыне і ў мяне. Я вельмі кепска сябе адчуваю, калі я нават крыху выпіваю. Мне альбо галава баліць, альбо я разбіты цэлы дзень... Я хутчэй як жанчына ў гэтым сэнсе. Калі мяне частуюць мацаваным салодкім жаночым віном, то гэта я магу піць. А мужыкі ж п’юць гарэлку, самагонку моцную. Гэта я магу паспрабаваць, але не вельмі.

Такое сумнае жыццё. Вы не думайце, што ў мяне там весялуха.

Я не люблю пратакольныя мерапрыемствы. Няхай прыём даверчых грамат у паслоў. Стаіш, як статуй... Гавораць адно, а думаюць іншае.
Міністар замежных спраў з імі ўмее гутарыць... Я з аблягчэннем сыходжу, а ён застаецца з імі. Хочаце гарэлку піце, шампанскае, самагонку, што заўгодна...»

«Супакойцеся з гэтай дэмакратыяй.

Дэмакратыя — гэта стан грамадства, дзе жанчына можа адчуваць сябе жанчынай, спакойна выйсці замуж, стварыць сям’ю, гарантавана і спакойна нарадзіць дзяцей…
А нейкую незразумелую свабоду СМІ? Я не ўяўляю, ну якую свабоду СМІ? Друкуйся, гавары згодна з законам. Правы чалавека? Якія правы чалавека? Яны кажуць толькі пра мітынгі й дэманстрацыі. Усё…»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?