Гэтымі днямі беларуская мова на гулкіх віленскіх вуліцах – ня дзіва. Беларускае студэнцтва распачало чарговы навучальны год у Вільні. Тузін студэнтаў сёлета абралі сабе аддзяленьне беларусістыкі ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Разам з будучымі беларусістамі другога курсу яны складаюць ладную суполку. Агулам у ЭГУ сёлета распачало ці працягнула сваё навучаньне больш за 1 500 чалавек.

А Катэдра беларускай філялёгіі факультэту славістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту сёлета адзначае 15 год сваёй працы! І ёсьць на што азірнуцца. Толькі сёлета на завочную бакаляўрскую праграму сюды паступіла 100 чалавек зь Беларусі. А на стацыянарны першы курс набралі дзясятак студэнтаў, сярод якіх ёсьць і будучы беларусіст зь... Нігерыі!

Згадваюцца радкі з Уладзімера Жылкі: «Але ўжо лёс рукой няўхільнаю Загад вызначвае зь вякоў: Усё магутней б’е пад Вільняю Прыбой нямоўкнучы з палёў...»

Нагадаем, студэнтам беларускай філялёгіі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту застаецца й Зьміцер Дашкевіч, якога ў ягонай alma mater шануюць і чакаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?