Пра Аляксандра Фядуту, Васіля Быкава, генэрала Сівакова і маральны рэлятывізм. Піша Пётра Садоўскі.

Час зьмяняе людзей. Рамантыкі становяцца прагматыкамі, баязьліўцы – героямі, сьляпыя становяцца відушчымі. Улюбёныя вучні могуць неаднойчы здрадзіць, а потым даць грунт іншым для выратаваньня душы. Іншыя, паводле загаду настаўніка ды абставінаў, становяцца шамшурамі. Пасьля іх апраўдваюць у апокрыфах. Такое бывае ня толькі ў Эвангельлі, але і ў жыцьці. Далёкія падзеі больш-менш аб’ектыўна асэнсоўваюцца праз гады і эпохі. Актуаліі ж пякуць балюча. Ці можа творчая ды жыцьцёва актыўная асоба быць беззаганай ва ўспрыманьні сучасьнікаў? Дзе мяжа маральнай прыстойнасьці?

Я, напрыклад, прыблізна ўяўляючы склад чытацкай аўдыторыі «Нашай Нівы», быў усё ж зьдзіўлены вынікамі першага апытаньня чытачоў, каму б яны сёньня надалі годнасьць «народнага пісьменьніка». Што гэта за дрэйф эстэтыкі прыгожага ды нацыянальнай этыкі ў бок чыстага эмацыйнага драйву? Магчыма, тут паўплываў папсовы расейскі праект «народны артыст»? Але ж дзіўна, калі побач з Генадзем Бураўкіным стаіць Адам Глёбус? Я ня думаю, што, гледзячы на зорнае неба або застаючыся сам-насам з сабою ўначы, сп.Глёбус адчувае так, як піша. Какецтва зь літаратурным вуаерызмам і шоў-прыёмы на мяжы маральна-эстэтычнага фолу існуюць ўжо дзясяткі гадоў там, дзе ёсьць рынак. Людзі з талентам мастака і мэнэджэра слушна робяць, што раскручваюць самі сябе. Няма ж цяпер таварыства «Веды» ды пуцёвак з Саюзу пісьменьнікаў. Можна зразумець тых пісьменьнікаў, што друкаваліся яшчэ на савецкія грошы, калі іх часам бянтэжыць дынамізм Андрэя Хадановіча ці Ўладзімера Арлова. Аднак нельга ўсур’ёз сьцьвярджаць, што літаратурныя застыглыя пэрформансы трыццацігадовых а ля «Бум-бам-літ» – сапраўдная літаратура.

Карыстаючыся мэтафарай нобэлеўскага ляўрэата Гюнтэра Граса, можна сказаць, што кожны творца па-свойму лупіць сваю цыбуліну і кожнаму па-свойму яна шчыпіць пры жыцьці вочы. На жаль, у нас дыскусіі пра эстэтыку і мараль ня вельмі папулярныя. На апошні значны твор Граса (цэлых 477 старонак) Beim Hдuten der Zwiebel («Лупячы цыбулю»), паводле падлікаў Frankfurter Allgemeine Zeitung, у Эўропе адгукнуліся 42 вядомыя інтэлектуалы і 159 мэдыйных рэдакцыяў. Прадметам абмеркаваньня стала не сама асоба Гюнтэра Граса – эстэта і мараліста, які прыгадаў, між іншым, што ў юначым узросьце перад амэрыканскім палонам і раненьнем зь лістапада 1944 г. ён добраахвотна служыў у СС (тут шмат розных спэкуляцый), – а больш шырокае пытаньне: ці можа эстэт быць маралістам і наадварот? Ці можа эстэтыка і паэзія ў шырокім сэнсе (Dichtung) быць вышэйшай за мараль?

У згаданай кнізе ды шматлікіх інтэрвію апошніх гадоў Гюнтэр Грас, гаворачы пра свае этычныя і эстэтычныя пошукі і разрыў з каталіцкай царквою ў 1974 годзе, пазыцыянуе сябе побач з сучаснымі бліскучымі інтэлектуаламі Пэтэрам Гандке ды Карлгайнцам Дэшнэрам, якіх параўноўваюць з Гайнэ і Заля, i прызнаецца, што ў эпоху Адэнаўэра, які прывёў пасьляваенную Нямеччыну да дэмакратыі, свабоднага рынку і росквіту, для яго, некалі рамантычнага юнака 1940-х гадоў, эстэтыка нацыянал-сацыялізму была больш гарманічная і прывабная, чым сьмярдзючае шпісьбюргерства і фарысэйства высокага каталіцкага асяродзьдзя ў сталым веку. (Тут неяк адразу ўзьнікае рэфлексія пра эстэтыку і маральнасьць РПЦ на беларускіх абшарах ды пра дачыненьні нашых інтэлектуалаў з царквой як грамадзкім інстытутам.)

Дарэчы, выдатны аўтар, але небездакорны сацыяльна-грамадзкі эстэт Эміль Заля быў выдатным маралістам, калі пісаў сваё вядомае эсэ J’accuse («Я абвінавачваю») падчас афэры Дрэйфуса. Выкшталцоны мараліст і эстэт Сартр, які ў свой час адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі, гістарычна вінаваціў Флябэра і братоў Ганкураў за залішні эстэтызм і грамадзянскае маўчаньне, хаця, паводле сьведчаньня сучасьнікаў, пасьля вяртаньня зь нямецкага палону ўвосень 1941 г. сам ахвотна заняў месца гвалтоўна адпраўленага на пэнсію свайго калегі-габрэя.

Публічна распранаюць сябе ў той ці іншай ступені людзі з мастацкім бачаньнем сьвету, падпітыя, хворыя на галаву ды хітраватыя прагматыкі для піяру, толькі імітуючы тое «лупленьне цыбуліны». Разважаючы пра жыцьцё, пішучы ўспаміны ды малюючы партрэты сучасьнікаў, аўтары малююць адначасна і свой партрэт. Гермэтычных аўтараў вельмі мала. З нашых я ведаю хіба Сьвятлану Алексіевіч. Ейныя партрэты сучасьнікаў вельмі мала гавораць пра ейны ўласны ўнутраны сьвет. Псыхааналіз тут не дапаможа. Іншая рэч – дзе аўтар шукае гармонію, калі проста жыве, а ня творыць. Пачытайце тэксты даўняй сяброўкі Сьвятланы – Марыі Вайцяшонак, і шмат што стане ясна.

Зьвернемся больш прадметна да нашых беларускіх прыкладаў, больш дробнага ці больш значнага маштабу. Зразумела, я тут не прэтэндую на абагульненьне, а выкладаю толькі свае ўражаньні. І сутнасьць не ў імёнах, якія я буду згадваць. Хацелася б наблізіцца да спэцыфікі беларускай нацыянальнай эстэтыкі ды этыкі прыгожага. Заганнасьць яе чысьціні – у сузіральнасьці, імкненьні да хрысьціянскага ідэалізму, можна сказаць нават – ленасьці, недынамічнай тугі па сьветлым заўтра. Сутнасьць у эстэтычным ды маральным камфорце, які мы адчуваем, успрымаючы тую ці іншую падзею. Ёсьць такое беларускае слова «вінаваціцца». Пра яго некалі вельмі добра пісаў Віктар Казько, узгадваючы сваю маці. Так яна казала, калі ёй цяжка было чуць і бачыць злое. Яна шкадавала нават пустадомкаў і жадала таму, хто чыніў зло, разуменьня сваёй слабасьці чыніць іншым благое. Яна «вінавацілася» за чужое зло, за чужы грэх. На нашай сацыяльна-гістарычнай сцэне часта граюць далёка ня лепшыя асобы. Але гэта зазвычай людзі бяз комплексаў, незалежна ад таго, ці гэта геаграфічная набрыдзь, ці дамарослыя пустадомкі, якія ня лічаць, што культурная аселасьць ды магілы продкаў – гэта маральнасьць. Для сучасных пушкіністаў Пушкін састарэў. Узгадайце ягоныя «два чувства дивно близких нам». Мы разам, добрыя, разумныя, адукаваныя, з нашай талерантнай этыкай, схільныя блізу «вінаваціцца» як бы за нашых (але па сутнасьці чужых нам) амаральных герольдаў.

Уявіце сябе ў глядзельнай залі, дзе на сцэне ваш знаёмец бярэ фальшывыя ноты. Вы апускаеце галаву ад сораму. Назаўтра у вас могуць разбалецца галасавыя зьвязкі. Я вельмі разумею прафэсара Юр’я Хадыку, калі ён піша пра свой эстэтычны дыскамфорт, калі бачыць, як ужо немалады грузнаваты прэзыдэнт зь вельмі пасрэднай тэхнікай бегу перамагае на ролікавых лыжах маладых прафэсійных спартоўцаў. Гэта гаворыць пра стан грамадзтва ня менш, чым зьбіцьцё АМОНам дэманстрантаў.

Вось я атрымліваю запрашэньне Беларускага ПЭН-Цэнтру на прэзэнтацыю кнігі А.Фядуты «Партрэты сучасьнікаў»… з нагоды 100-гадовага юбілею «Нашай Нівы». Тры кропкі тут перадаюць фігуру нечаканасьці. Якое дачыненьне мае Фядута да 100-годзьдзя «НН»? Для мяне гэта – архетып, антыпод гістарычнага праекту «НН». Я ня маю на мэце збэсьціць Фядуту. Ён мае права быць тым, чым ёсьць. Ён ня можа быць іншым. «Наша Ніва», кажучы каструбавата-патасна, перадусім – гістарычны маральна-этычны праект беларускай нацыі. Цяпер ён паступова набірае вагу і з гледзішча мадэрновай эстэтыкі. Нехта назваў Аляксандра аднойчы нашым эстэтам ад эсэістыкі. Ён – нястомнае пяро. Ён ня можа не пісаць. Выпісаўшыся на апазыцыі ды «аляксандрыках» (мой наватвор па аналёгіі зь «піліпікамі»), ён пайшоў па галоўных рэдактарах недзяржаўных СМІ ды ўсё пытаўся: «Пра што пісаць?» Фядуту часам цікава чытаць. Чытаючы рубрыку «НН» «Піша Адяксандар Фядута», сапраўды можна знайсьці шмат цікавага. Хто б яшчэ з нашых эсэістаў мог бы зьмясьціць Макаёнка ў мадэрновы эўрапейскі кантэкст або знайсьці ў Быкава нешта такое, пра што ён сам і ня сьніў. (Увогуле такое ў мастацтве здараецца. Бродзкі называе гэта спантанным прароцтвам паэзіі.) Я амаль не жартую. Фядута спрыяе ператварэньню «НН» і ў эстэтычны праект, пазбаўляе яе сялянскага флёру і прастаты пачатку мінулага стагодзьдзя, нават робіць зьлёгку глямурнай. Ён ня скажа, напрыклад, што аўтарка (ці аўтар) нешта сплягіяцілі. Ён скажа пра абазнанасьць ды начытанасьць.

Падобна, моцныя асобы заўсёды фасцынавалі Аляксанда Фядуту. У сваим эсэ ў часопісе «ARCHE» ён узгадвае, што некалі, у Ленінградзе, пачуўшы ў гатэлі ад буфэтчыцы пра сьмерць генсека Юр’я Андропава, чуйны юнак не экзальтавана-публічна, а сам сабе расплакаўся: «Сьмерць Андропава ў вачох дваццацігадовага гарадзенскага студэнта – падзея сур’ёзная. Менавіта пры ім на вуліцах гораду, дзе адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, перасталі трапляцца п’яныя, а на прылаўках зьявілася кілбаса. Пры думцы аб тым, што п’яныя ізноў зьявяцца, а кілбаса зьнікне, сьлёзы жалобы самі наварочваліся на вочы. Я падняўся ў нумар, выплакаўся…»

Наступным аб’ектам захапленьня дынамічнага моладзевага лідэра Аляксандра Фядуты стаў Аляксандар Лукашэнка, які абяцаў дбаць пра кілбасу і чыстыя вуліцы ў беларускіх гарадох. У коле «маладых ваўкоў» Аляксандар быў, несумненна, самы таленавіты эстэт. Цяпер ужо эвалюцыянаваны ў апазыцыянэра «малады воўк» Анатоль Лябедзька, у 1994 г. толькі лубочна-папулісцкі эсэіст, згадвае – сёньня ўжо іранічна – зарыфмаваную эстэтычна-маральную ляўдацыю Пераможцу, якую склаў Аляксандар Фядута: «Лукашенко с гением природным / Смело гневом овладел народным / Дай нам Бог, чтоб этот смелый лев / Усмирял и впредь народный гнев…» (цытую паводле «Народнага тэлевізара» У.Падгола «Дуэль Лябедзька–Лукашэнка»). Мая «начытанасьць» ніяк не дае мне пазбавіцца ад паралельнай асацыяцыі зь вітальным тостам «Многія лета» вялікага расейскага паэта-дэмакрата Мікалая Аляксеевіча Някрасава, які ён рыфмавана выказаў генэрал-губэрнатару Паўночна-Заходняга краю Міхаілу Мураўёву, які з дыктатарскімі паўнамоцтвамі задушыў антырасейскае паўстаньне 1861 г.: «Бокал заздравный поднимая, / Еще раз выпить нам пора / Здоровье миротворца края! / Так много ж лет ему, – Ура!»

Ужо сталым маладзёнам і ўбурэлым журналістам, напісаўшы дома ўжо не адну піліпіку на адрас колішняга куміра (я ўжо прапаноўваў нэалягізм «аляксандрыка», паводле аналёгіі з Дэмасфэнам і Піліпам Македонскім), Аляксандар Фядута зьехаў ва Ўкраіну і ўжо адтуль вітаў як знакавая фігура беларускай дэмакратыі моладзевы намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы: целам я ад вас далёка, але душа мая – з вамі. І пазьней разумна і лягічна пакрытыкаваў лідэраў беларускай апазыцыі. Я ня ведаю, як каму, але мне няёмка чытаць. Нешта тут ёсьць бясстыжае, як бы сказалі на полацкай трасянцы. Хаця Фядута часам шмат што слушна піша пра апазыцыю. Рэч тут пра сумленьне, сьціпласьць ды маральнае права павучаць. Як бы ня страціць катэгорыю сораму. «А ў мяне эвалюцыя поглядаў!» – скажа элястычны хуткі розум.

Перабіраем мы часта і ў адваротным: эстэтычных ацэнках нашых знакамітых дзеячаў-творцаў. Назваўшы іх клясыкамі ды апосталамі, дзякуючы іх бездакорным маральным якасьцям, мы часта хвалім тое, што яны самі лічылі прахадным і ня вартым увагі ці нават недасканалым з гледзішча эстэтыкі. Мне давялося аднойчы больш за тыдзень правесьці з Васілём Быкавым у Нямеччыне ў якасьці дэпутата парлямэнту і перакладчыка. Так патрапіла. Васіль Уладзімеравіч вельмі крытычна ставіўся да некаторых сваіх надрукаваных выступаў, асабліва экспромтаў на прэсавых канфэрэнцыях. Чытаючы цяпер, напрыклад, быкаўскую «Доўгую дарогу дадому», я быў эстэтычна захоплены толькі ў тых месцах, дзе згадваецца пачатак вайны. Астатняе набывала маштабы маральнай значнасьці толькі дзякуючы ўсьведамленьню таго, што гэта Васіль Быкаў. Гэта як пры чытаньні псальмаў – важная, так бы мовіць, «прэсупазыцыя». Дарэчы, барадулінскае «паэтычнае пашырэньне» псальмаў мяне захоплівае больш, чым яны самі. Я, канечне, разумею, што гэта ад майго гнастыцызму і таго, што барадулінская мова – амаль мая родная. Тут ёсьць і свой мінус. Уладзімер Някляеў эстэтычна захоплена піша, што некалі з слоўніка Барадуліна нехта дазнаецца, што «ўручча» – не адно мікрараён Менску, дзе чамусьці няма ручаёў. Для мяне тут захапленьне толькі ў тым, калі аўтар напіша нешта накшталт «Нябачны Валадар Сьвету знойдзе карнае ўручча для хцівых прыхадняў», узвысіўшы радасна па-купалаўску «простае» слова. Для мяне «ўручча» – усё тое, што трапіць пад руку і прыдасца да моманту: ці сабаку адагнаць, ці воз падсьверыць. Пры жаданьні паэтычны вобраз можна пашырыць у другі бок аж да фрывольнага. Радаснае валоданьне словам часта сьцірае межы паміж эстэтычным і маральным. Тады губляецца шмат ад таго і другога. Такое назіраем у барадулінскай «Дуліне», якая пісалася, між іншым, як на канвэеры.

Для мяне найвялікшая асалода і камфорт – чытаць Янку Брыля ці Марыю Вайцяшонак. Тут заўсёды час, прастора, мараль, эстэтыка, неба, трава, людзі – усё нясьпешна і на месцы. Купаесься ў мове і чыстых пачуцьцях. Аднак я цалкам згодны з Андрэем Федарэнкам, што трэба адрозьніваць «сачыніцельства» ад эстэтыкі мастацкага назіраньня. Змалку я чуў, як пасьля вайны (гэта год 1947–1948) даяркі чыталі ўслых у нашай хаце – у працоўных перапынках! – «Глыбокую плынь» Івана Шамякіна (цяпер бы сказаў «сачыніцеля»). Тады дзяўчаты бачылі фатаграфічна перад сабою сваіх Маеўскіх і Жэньку Лубяна і пры пазнаваньні былі эстэтычна шчасьлівыя…

Чаму ў нас ніхто ня зробіць фільму ці пастаноўкі паводле вельмі сучаснага «сачыніцеля» Юр’я Станкевіча? Як на мяне, дык гэта адзін з найлепшых сучасных аўтараў. У яго і эстэтыка пісаньня ў сваім жанры нашмат лепшая, чым у некаторых раскручаных аўтараў. Не гаворачы ўжо пра інтрыгу. Калі б каму недасьведчанаму сказалі, што гэта знойдзены Караткевічаў твор, – якая б была рэакцыя? Караткевіча мы пакрылі бронзай. Аднак эстэтыка ягонай мовы няроўная. Калі «Леаніды» чытаеш, як пад гіпнозам, дык некаторыя сынтагмы ў іншых творах проста ня лезуць у горла, як сухі хлеб без малака. І гэта – не Майсеева ці Салжаніцынава каструбаватасьць. Гэта проста недапрацоўка аўтара ды рэдактара.

Часам я чую, як маладым прачнутым беларусам для засваеньня мовы раяць чытаць Караткевіча ды Ластоўскага. Гэта трэба чытаць пазьней, калі прачытаеш Кузьму Чорнага, Брыля ці таго ж закрытыкаванага ўшчэнт Кандрата Крапіву. Разгарніце ягоны раман «Мядзьведзічы», вазьміце асадку, нататнік ды выпішыце тое, што б вы самі так не сказалі. Вось гэта і ёсьць сухі астатак, які трэба засвоіць. Тут і сынтаксіс словазлучэньняў (самая неапісаная частка нашай мовы), і лексыка, і яшчэ шмат чаго беларускага. Крапіва як укладальнік слоўніка і акадэмік-сакратар АН БССР – адно, а Крапіва ў мастацкім слове – зусім іншае.

Нядаўна ўся Беларусь пачула пра масавыя бойкі моладзі пасьля «Сьвята гораду» ў электрычцы Менск–Пухавічы. Нічога дзіўнага. Культ прымітыўных спартовых захапленьняў, пячорнага геданізму з паглынаньнем таннага пойла, рэкордаў у падняцьці піўных барылак на «Дажынках», эстэтыкі спэцназу ні да чаго іншага прывесьці ня можа.

Генэрал-лейтэнант Сівакоў, наша спэцназаўская Лені Рыфэншталь, з флёрам эстэта, прапагандуючы гітлераўскі кодэкс гонару афіцэра ў «Журнале специального назначения» (так чытаецца на вокладцы) № 4 за 2006 г., не дасягнуў імплікаванага эстэтычна эфэкту сваёй папярэдніцы, а прамалінейна працытаваў чыста маральна-дыдактычную максыму пра вернасьць фюрэру ды крымінальную пагрозу тым, хто стаіць у баку ад выбранага фюрэрам шляху і барацьбы. Тут сканчаецца эстэтыка і пачынаецца чыстая мараль, пра што гаворыць ужо сама назва аб’екту абмеркаваньня – маральны кодэкс. А гэта можа быць ацэненае адпаведна катэгорыямі іншага кодэксу – крымінальнага.

Лені Рыфэншталь, апостал эстэтыкі Адольфа Гітлера, не падлягала Нюрнбэрскаму суду як крымінальніца, бо дзейнічала сродкамі прыгожага і эстэтычна прывабнага. Крэматорыі гітлераўскіх канцлягераў былі таксама своеасаблівымі шэдэўрамі канструктарскай думкі. Ці ўзгадайце «Ў штрафной калёніі» Франца Кафкі. Як прафэсійна і руцінна тлумачыць кат мэханізм дзеяньня спаруды для выкананьня сьмяротнага выраку! Таксама – чыстая эстэтыка. Глямурны часопіс для байцоў спэцназу з эстэтыкай Лені Рыфэншталь фармуе душы тых, хто прысьвячае сваё жыцьцё служэньню Айчыне. Такі дэвіз пазначаны на вокладцы часопісу.

Няўжо мы праглынем і гэта, рэжучыся аб калючыя грані гвалтоўнай эстэтыкі таталітарызму? Тады ўжо, прымаючы часова вымушаную рынкавую эстэтыку за сапраўднасьць, а кодэкс гонару гітлераўскага афіцэра – за максыму паводзінаў, мы пасьпяхова ператворымся ў радасных шчасьлівых пакемонаў ды кібаргаў. І паедзем з шампанскім да цыганоў, як сапраўдныя гусары. Ня варта журыцца паэтцы, якую цытуе генэрал Сівакоў. Хапае ў нас выпіўкі, хапае і цыганоў. Не было ў нас яшчэ свайго сапраўднага Гітлера. Мы толькі вучымся.

Магчыма, нехта палічыць мае нататкі ня вельмі далікатнымі. Можа быць. Але гэта адпавядае ступені майго рэлятывізму. Адно шкадую: не атрымліваецца ў мяне нічога з эвалюцыяй. З чым у люльку, з тым і ў магілку.

Загаловак ад рэдакцыі. Аўтарскі загаловак – «Эстэтычны і маральны рэлятывізм: беларускія грані». Публікуецца зь невялікімі скаротамі.

Errata

Фядута – Садоўскаму

У мінулым нумары «НН» надрукавалі эсэ сп.Садоўскага, у якім ён закрануў маральнае аблічча вялікага расейскага паэта Мікалая Някрасава, прыпісаўшы яму аўтарства даволі вядомага вершу «Бокал заздравный поднимая...».

Сьпяшаюся ўзнавіць гістарычную справядлівасьць. Як я ўжо казаў у інтэрвію радыё «Свабода», гэтага вершу М.Някрасаў ніколі не пісаў. Яго былі апублікавалі пад крыптанімам Н.А.Н., за якім хаваўся чыноўнік канцылярыі Віленскага генэрал-губэрнатара М.А.Нікоцін. Верш уяўляе сабою тост, сказаны ў прысутнасьці групы саслужыўцаў у гонар графа М.Мураўёва-Віленскага. А сам сп.Нікоцін і распавёў аб гэтай гісторыі ў сваіх цыдулках, апублікаваных 1890 г. Яны цяпер перахоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Затым я спадзяюся, што сп.Садоўскі прыме да ведама сваю памылку і болей ня будзе паклёпнічаць на сумленных людзей.

З павагай,

кандыдат філялягічных навук, начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (25.07.1994–05.01.1995) Аляксандар Фядута

Садоўскі ізноў Фядуце

Вельмішаноўны сп. галоўны рэдактар, дасылаю Вам ліст з нагоды публікацыі ў нумары за 27 кастрычніка ў рубрыцы «Пошта рэдакцыі» заўвагі А. Фядуты з рэдакцыйнай паметай errata. Гэтая мая рэпліка адрасаваная толькі Рэдакцыі. Я ня маю на мэце палемізаваць з маім апанэнтам. Думаю, большасьць чытачоў «НН» ведаюць, што errata – гэта множны лік ад лацінскага назоўніка erratum. У выдавецкай практыцы гэта форма выкарыстоўваецца як загаловак для рубрыкі «Памылкі».

Рэдактар, што рыхтаваў да друку Фядутаву заўвагу, быў відавочна зачараваны аўтарытэтам аўтара (кандыдат навук!) і пасьпяшаўся палічыць сюжэт з някрасаўскім панэгірыкам на адрас Мураўёва-Вешальніка памылкай. Тут бы з нацяжкай падышла б рубрыка «Палеміка». Рэч у тым, што на гэты конт ёсьць пэўная літаратура.

Назаву хіба артыкул з 3-га выданьня «Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі» (том 17, с. 1300–1304), прысьвечаны М.А.Някрасаву. Там ёсьць такія радкі: Когда правительство начало открыто преследовать революционеров (1866) и журналу («Современнику». – П.С.) «грозил неумолимый рок», Некрасов сделал отчаянную и бесполезную попытку его спасти. Он выступил со стихами на обеде в честь М.Н.Муравьёва. Это была ошибка («звук неверный»), в которой поэт горько раскаивался до последних дней жизни («Прости меня, о родина, прости!»)…

У маім уласным хатнім архіве ёсьць іншыя матэрыялы з адпаведнымі спасылкамі, якія я цяпер не магу знайсьці. Гэтым я зацікавіўся ў свой час пасьля выставы ў Палацы мастацтваў карціны Аляксея Марачкіна, прысьвечанай графу з дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Думаю, і сп.Фядута выдатна ведае ня толькі запісы М.А.Нікоціна, але і публікацыі «Журнала Министерства народного просвящения» за 1890 год, дзе можна сёе-тое прачытаць пра патрыятызм Някрасава. Так што, думаю, сп. Фядута спакусіў Рэдакцыю «издать неверный звук». Толькі не разумею, навошта.

Я нават не зьбіраўся ніяк рэагаваць на заўвагу Фядуты, але ўчора ўвечары мне патэлефанаваў дадому мой былы калега з Інстытуту мовазнаўства АН БССР і параіў дзеля філялягічнай чысьціні і павагі да чытачоў адгукнуцца, даўшы яшчэ адну бібліяграфічную спасылку: Бухштаб Б. Я. Об исчезновении одного текста Н.А.Некрасова // Литературоведческие расследования.– Москва, 1982 (пачынаючы са с.51 і далей). Няхай самі чытачы «НН», калі маюць інтарэс, сходзяць у бібліятэку.

Зрэшты, сутнасьць майго эсэ пра «цыбуліну» не мяняецца, калі б нават было дакладна вядома, што Някрасаў не пісаў халуйскага вершыку «Бокал заздравный поднимая…».

Дазволю сабе прывесьці словы Мураўёва пра ліцьвінска-расейскую «інтэграцыю», якія ён прамовіў на тым памятным банкеце:

Забудьте наивные мечтания, занимавшие Вас доселе, господа. И помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами, и должны тогда покинуть этот край…

Ідэю Расеі як Трэцяга Рыму шматкроць уславілі найзнакаміцейшыя расейскія паэты, сыны свайго часу, якіх мы старанна вывучаем на ўроках рускай літаратуры.

Міхаіл Лермантаў у паэме «Ізмаіл-Бей»):

Смирись, черкес! И Запад и Восток,

Быть может, твой разделят рок.

Настанет час, и скажет сам надменно:

Пускай я раб, но раб царя Вселенной.

Настанет час – и новый грозный Рим

Украсит Север Августом другим!

А вось сонца расейскай паэзіі, Аляксандар Пушкін, у вершы «Паклёпнікам Расеі» так азваўся на абурэньне Захаду задушэньнем расейскім царом паўстаньня 1831 году:

Что возмутило вас? Волнение Литвы?

Оставьте: это спор славян между собою.

Уж взвешенный судьбою…

(Паміж іншым, заўважце: Пушкін, як і Міцкевіч, як і Дастаеўскі, называў Літвой Беларусь. У яго і Лжэдзьмітры ў «Барысе Гадуновым» сядзіць «у карчме на маскоўска-літоўскай мяжы»).

Хацелася б, каб рэдактары «НН» больш асьцярожна рубрыкавалі допісы чытачоў.

Пётра Садоўскі, кандыдат філялягічных навук

Ліст мінулага да даўно мінулага часу

Шаноўны спадару Садоўскі!

Магу сабе толькі ўявіць, як сьмяюцца зараз сп.Праляскоўскі (зь мяне) і сп.Мартынаў (з Вас), чытаючы нашу бясконцую аповесьць пра тое, як пасварыліся П.В. і А.Я. Але жанр ёсьць жанр. І калі Вас прарвала, мне трэба адказваць. Хоць крыўдна: гэты час можна было б патраціць на артыкул пра Ўладзімера Дубоўку, які я даўно абяцаў «НН».

Пастараюся быць ветлівым і сказаць ня болей за адно грубіянства на ўвесь тэкст.

Зь яго i пачну.

Спадару Садоўскі, дасьледнік адрозьніваецца ад папугая зусім ня колькасьцю вывучаных моваў, а перадусім жаданьнем паглыбіцца ў першакрыніцу і спасьцігнуць ісьціну. Я абавязкова чытаю тыя кнігі, якія мне рэкамэндуюць апанэнты, а не прыслухоўваюся да тэлефоннага меркаваньня невядомых добразычліўцаў-бібліёграфаў. Нагадаю, што ў папярэдняй рэпліцы нашага дыялёгу, баронячы гонар нябожчыка расейскага паэта М.Някрасава, я адаслаў Вас да тэксту ўспамінаў былога чыноўніка ў адмысловых даручэньнях канцылярыі Віленскага генэрал-губэрнатара, затым – Менскага губэрнатара Івана Акімавіча Нікоціна. Дарма Вы не схадзілі ў бібліятэку.

Адкрыўшы часопіс «Русская Старина» за 1904 г. (т.119, с.317), Вы б прачыталі надзвычай цікавае прызнаньне сп.Нікоціна:

«На маё найвялікшае зьдзіўленьне я прачытаў быў у «Новом Времени», што гэты экспромт, зьлітаваны ў адно з маімі словамі, сказанымі два гады перад тым у Вільні за абедам паверачных камісіяў (маюцца наўвеце першыя восем радкоў вершу «Заздравный кубок поднимая...» – А.Ф.), прыпісваецца паэту Някрасаву, якога нават западозрылі ў хлусьлівасьці пачуцьцяў. Маю сьмеласьць запэўніць невядомага мне аўтара, які ўхваліў вершы, што расейскі наш паэт тут быў ні пры чым; за годнасьць маіх вершаў я не стаю, але за шчырасьць пачуцьцяў, што ў іх выказваліся, – магу заручыцца. Шкада, што такім чынам пішуцца ў нас праўдзівыя аповеды пра нашых выдатных расейскіх дзеячоў».

Вышэй Нікоцін падае тэкст таго самага экспромту, які з падачы А.Суворына і фігураваў далей у гісторыі пад імем «мураўёўскае оды». Спадзяюся, асабістае прызнаньне аўтара трохі больш важкае , чым атрыманая па тэлефоне спасылка на работу Барыса Бухштаба, які так сама, як і ўсе мы, іншы раз быў не застрахаваны ад памылак. Што ж датыкае фальшывых нот і гукаў, якіх меў наўвеце Някрасаў, дык тут усё проста: гаворка вядзецца пра ягоны верш у гонар селяніна Восіпа Камісарава, які ўратаваў жыцьцё імпэратара Аляксандра Вызваліцеля ад кілера-шызафрэніка Дзьмітрыя Каракозава.

Я ня ведаю, чаму Вы не прыслухаліся да маёй парады і не зьвярнуліся да тэксту ўспамінаў Нікоціна. У Вас неставала часу, жаданьня, здароўе не дазваляла – гэта ўжо ня важна. Важна іншае.

У сваёй рэпліцы Вы спамянулі цяпер ужо ня толькі Някрасава, як уяўнага аўтара «мураўёўскае оды», але і Пушкіна зь Цютчавым – як песьняроў імпэрскае Расеі. Калі вы думаеце, што я ня ведаю гэтых фактаў іхняе біяграфіі, дык магу Вас заспакоіць – ведаю! Больш за тое! Я ведаю факты біяграфіяў іншых вялікіх паэтаў. Напрыклад, я ведаю, што Максім Танк апяваў забойцу сотняў беларускіх паэтаў Сталіна, Натальля Арсеньнева супрацоўнічала з ГПУ-НКВД пад псэўданімам «Казьбіч», а подпіс Быкава таямнічым чынам трапіў пад калектыўны ліст, які асуджаў Салжаніцына. Але з усіх гэных фактаў сёньня не вынікае нічагуткі, дарагі Пётар Вінцэнтавіч. Сёньня гэта толькі прадмет для навуковых спрэчак, інтэрпрэтацыяў, біяграфічных опусаў – а зусім не для палітычных памфлетаў. Нябожчыкі геніі не вінаватыя ў тым, што жылі ў канкрэтны час і ў канкрэтных краінах. Можа, дамо ім мажлівасьць спакойна спаць у зямлі, а самі будзем чытаць іхныя творы? Культурныя людзі зазвычай робяць так – памятаючы пра ўсё астатняе.

У першым з сваiх тэкстаў Вы нагадваеце мне пра маю адказнасьць за 1994 год. І пра гэта памятаю. Больш за тое, акурат пра гэта мне чамусьці даўно не нагадваюць іншыя вельмі годныя людзі – Валянцін Голубеў, Віталь Скалабан, Станіслаў Шушкевіч і Валянціна Трыгубовіч, Ніл Гілевіч і Міхась Скобла, Юры Хадыка і Вінцук Вячорка, Адам Мальдзіс, Сямён Букчын і Валер Булгакаў, Вольга Іпатава і цяпер нябожчык Іван Брыль. Наўмысна пералічваю розных людзей – аднак тых, у чыёй прыхільнасьці да дэмакратычных каштоўнасьцяў і павазе да беларускай культуры ў Вас ня можа быць сумневаў. У кажнага зь іх ёсьць безьліч пытаньняў да мяне, у тым ліку і пра мараль, – але зусім не з нагоды 1994 году. І ці ведаеце чаго? Бо яны ПАМЯТАЮЦЬ, што я пра гэта ПАМЯТАЮ. І ведаю меру сваёй адказнасьці. І з 1995 году ня толькі хаджу на дыпляматычныя прыёмы, але і імкнуся максымальна магчымае зрабіць для сваёй краіны і свайго народу, каб дапамагчы і людзям, і культуры, і выправіць маю ранейшую памылку. Памылку, дарэчы, я прызнаў прынародна – першым і ці не адзіным з чальцоў першага перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі, у 1996 годзе, у газэце «Народная воля». І зважаючы на ўсе мае супярэчнасьці зь Язэпам Сярэдзічам, я дагэтуль удзячны яму за тое, што змог гэта зрабіць яшчэ да рэфэрэндуму.

Вы апярэджваеце мае спробы апраўдацца тым, што, маўляў, час мінуў, Фядута зьмяніў сваё гледзішча і г.д. Прыймо ўмелага палеміста. Але вось жа няўдача: і я не спрабую гэтым апраўдвацца. У 1997 годзе паважаны мною ня толькі як паэт, але і як мудры чалавек, які пражыў складанае і доўгае жыцьцё, Генадзь Бураўкін сказаў мне:

– Саша, годзе апраўдвацца! Ты гэта зрабіў – вытлумачыўся прынародна, у друку, для ўласнага сумленьня і будучых пакаленьняў. Але заўсёды знойдзецца сярод дзесяці мільёнаў беларусаў адзін ідыёт, які чагось не прачытаў і не зразумеў. Дзеля яго ня сьлед вытлумачацца зь дзесяцьцю мільёнамі кожныя дзьве хвіліны.

Я не ўважаю Вас за ідыёта, спадару Садоўскі. Таму і вытлумачаюся. На ўсякае ўсё.

Мне сорамна, што разумны і таленавіты чалавек, за якога я заўсёды Вас уважаў, знайшоў адзіную мішэнь у краіне, вартую свайго палемічнага запалу. Хоць – усё зразумела. Ужо няма пры ўладзе Лукашэнкі. Ужо Шэйман зьбег з краіны. Ужо гуртамі каюцца судзьдзі, якія выносілі былі несправядлівыя выракі. Наагул, у беларускай дэмакратыі знайшоўся астатні і самы страшны вораг – Фядута. Агонь па ім!

І добра. Страляйце. Можаце нават наняць кілера. Але ж да гэтае пары чамусьці не нанялі. Са студзеня 1995 году я спакойна хаджу менскімі вуліцамі. І Вы ведаеце, чым болей мінае часу ад 1994 году, тым часьцей да мяне падыходзяць маладыя хлопцы і дзяўчаты. Ня дзеля таго, каб даць у твар, назваць здраднікам, амаральным чалавекам і г.д. Але дзеля таго, каб пазнаёміцца, калі-нікалі – спытаць парады. Я дзякую лёсу, што пазнаёміўся з такімі таленавітымі і сумленнымі маладымі патрыётамі, як Дзяніс Дзянісаў і Зьміцер Дашкевіч. Яны добра ведалі, хто я, калі дамаўляліся на сустрэчу. Ведалі – бяз Вашых напамінаў.

Можа, замест таго, каб павучаць адно аднаго асновам філялягічных дасьледаваньняў, корпацца ў трунах вялікіх нябожчыкаў, лепей было б сустрэцца і падумаць, чаго карыснага мы разам маглі б зрабіць дзеля моладзі, якая лепшая за нас, разумнейшая за нас, больш сумленная за нас (дарэчы – абодвух!) і ўсё адно іншы раз мае патрэбу ў нашай дапамозе? Інакш, даруй Божа, наша палеміка назаўжды ўвойдзе ў гісторыю грамадзкай думкі сувэрэннай Беларусі як спрэчка Пэрфэкта з Плюсквампэрфэктам (апошняе званьне пакідаю Вам).

Кава – за мной!

З павагай,

Аляксандар Фядута

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0