3 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ў Турцыі з рабочым візітам, сустрэўся ў Стамбуле з Канстанцінопальскім патрыярхам Варфаламеем.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, сустрэчу блаславіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

«Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей сардэчна прывітаў Аляксандра Лукашэнку, — гаворыцца ў паведамленні для прэсы. — Сустрэча праходзіла ў вельмі цёплай і давернай атмасферы».

Бакі абмеркавалі ўзаемаадносіны царквы і грамадства. Лукашэнка падрабязна праінфармаваў аб тым, як у Беларусі складваюцца адносіны ўлады з праваслаўнай царквой. «Прэзідэнт распавёў пра міжканфесійную сітуацыю ў Беларусі, а таксама пра ўнікальнасць і прыгажосць беларускай прыроды», — паведамляе прэс-служба.

Лукашэнка запрасіў патрыярха Варфаламея наведаць Беларусь.

Пасля размовы з патрыярхам прэзідэнт наведаў храм, агледзеў хрысціянскія святыні і запаліў свечку.

Канстанцінопальская праваслаўная царква з’яўляецца адной з 15 існых у свеце незалежных (памесных) праваслаўных цэркваў. Патрыярх Варфаламей у 2008 годзе быў уключаны часопісам «Тайм» у спіс 100 найбольш уплывовых людзей свету. Шырока вядомы сваёй дзейнасцю па абароне навакольнага асяроддзя. З’яўляецца ініцыятарам правядзення шматлікіх міжнародных экалагічных канферэнцый (напрыклад, па праблемах Дуная, у абарону Чорнага мора).

У шэрагу рэгіёнаў Канстанцінопальскі патрыярхат канкуруе з Маскоўскім. Украіна спрабавала зрэалізаваць ідэю атрымання аўтакефаліі з рук патрыярха Канстанцінопальскага, аднак тое не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?