Прэтэндэнты на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах пракаментавалі БелаПАН выказванні прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які ў сваім відэаблогу рэзка раскрытыкаваў паводзіны Аляксандра Лукашэнкі.

Як заўважыў лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, выказванні Мядзведзева — гэта «ўжо ледзь утрыманае раздражненне паводзінамі Лукашэнкі». Гэта азначае, што Лукашэнка не атрымае падтрымку Расіі падчас прэзідэнцкіх выбараў, мяркуе Някляеў.

Ён адзначыў важнасць таго, што расійскі прэзідэнт заклікаў свайго беларускага калегу расследаваць гучныя знікненні яго палітычных апанентаў 10-гадовай даўніны. «Гэта ўпершыню адбылося на найвышэйшым узроўні, і кіраўніцтва Расіі дало зразумець Лукашэнку, што ў іх ёсць інфармацыя наконт гэтага», — лічыць лідэр кампаніі «Гавары праўду!».

Разам з тым, на думку Някляева, гэта не адаб’ецца на выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. «У Расіі больш пралангаваныя планы, і, хутчэй за ўсё, сур’ёзная размова з Лукашэнкам пачнецца ў студзені наступнага года, калі трэба будзе падпісваць дагавор аб цане на нафту і газ. Пры гэтым Мядзведзеў даў зразумець, што на Лукашэнку ён не разлічвае,

у прэзідэнта Беларусі няма палітычнай перспектывы, ён зусім недагаворны чалавек», — мяркуе Някляеў.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў расцаніў словы Мядзведзева як «даволі дакладную палітычную заяву па сітуацыі ў Беларусі».

«Прэзідэнт Расіі прама сказаў пра палітычныя знікненні і забойствы ў Беларусі. Для нас гэта важна, паколькі мы звярталіся ў МЗС Расіі з просьбай аб садзейнічанні ў расследаванні. Гэта азначае, што выпадкі знікнення могуць быць расследаваны. Але, на жаль, не раней, чым пасля змены ўлады», — зазначыў Саннікаў.

На яго думку, Лукашэнка «канчаткова перастаў быць партнёрам для Расіі».

Для лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча выступленне Мядзведзева не стала нечаканасцю. «Расія зрабіла свой выбар, і зрабіла даўно. Я заўсёды казаў, што трэба быць удзячнымі людзям, якія 15 гадоў падтрымлівалі Беларусь, а не лаяцца з імі», — сказаў Гайдукевіч.

На яго думку, на прэзідэнцкіх выбарах Расія наўрад ці падтрымае каго-небудзь з прэтэндэнтаў у прэзідэнты. «Масква заяўляла, што пракрамлёўскага кандыдата ў Беларусі не будзе. Будуць кандыдат або кандыдаты, праграма якіх імпануе Расіі, і не больш», — прагназуе палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?