Усе клічуць яго Камэндантам. Зрэдчасу пачуеш – «Цімафеіч», а так усё Камэндант ды Камэндант. Такое ўражаньне, што сапраўднага ягонага прозьвішча ў Алёшчы ня ведае ніхто. Калі ж запытаесься, ён уважліва прасьвідруе цябе пільным позіркам празрыста-шэрых вачэй з прымружанага змаршчыньня: «А навошта табе?»

Камэндант так і размаўляе – задае пытаньне й пранізьліва ўзіраецца, маўляў, я цябе наскрозь бачу. Ён амаль ніколі не падвышае голасу й ня лезе ў парожнія гутаркі. Трымаецца наводдаль. Назірае.

Камэндант, прынамсі афіцыйна, не зьвязаны ані са спэцкамэндатурай у Ветрына, ані з камэнданткай інтэрнату (хаця, пагадзецеся, замнога тут камэндантаў) і няўлоўна нагадвае хіба камандантэ Фідэля. Цімафеіч, праўда, маладзейшы, яму мо пад 65, і без барады, але вось гэты позірк, пільны й крыху шалёны, гэтая вайсковая пастава й манера пытаць суразмоўніка іх дужа прыпадабняе.

Ну і, вядома. Погляды.

Камэндант лічыць, што ён сумленна пражыў жыцьцё, служыў Радзіме, ахоўваючы зэкаў у «зоне» ў 1970–1980-я. Шчыра не даўмеецца, калі Сталіна назавуць тыранам, і скажа, што сёньняшняя ўлада слабаватая – «разбаўтаўся народ».

Чым займаецца Камэндант у Алёшчы, наўрад ці хто скажа пэўна. «Парадак наводзіць», – пацісьне плячыма брыгадзір. Нейкі час ён вастрыў сякеры, правіў вілы, рыдлёўкі й кручкі для адкаткі. Але як што снадзіва на эстакадзе ўвесь час кралі ды прапівалі (нат не заставалася чаго вастрыць і рамантаваць) – ён кінуў гэты занятак ды перабраўся за эстакаду, куды кранамі ў вялізныя горы адносяць вецьце ды сьмецьце.

І пачаў паліць вогнішчы.

Калі Камэндант утылізуе тое вецьце – усю Алёшчу, бы туманам, зацягвае дымам. Яловае гольле разгараецца, дае полымя на некалькі мэтраў і час ад часу трэскае агромністымі фаервэркамі – тады здаецца, што за эстакадай прарвала жарало невядомага вулькана.

Сам са Смаленшчыны, у 1960-х Цімафеіч скончыў школу; адслужыўшы на Ўрале, застаўся наглядчыкам у тамтэйшай калёніі, і з часам вырас да загадчыка ўчастку, дзе адбывала пакараньне 2,5 тысячы зэкаў. Выйшаў на пэнсію, пасяліўся у Алёшчы, і з тых пор ягоная прывідна-шэрая постаць за эстакадай – неад’емная частка тутэйшага краявіду.

«Бачыш, які развал? – ківае Камэндант на алёшчынскі склад, дзе некалькі п’яных рабочых ужо каторую гадзіну «перакурваюць». – А ведаеш, чаму? – і не даючы сказаць чаму, адказвае сам. – Бо вашая дэмакратыя добрая ў іншым месцы. А нашаму чалавеку трэба пуга. Так-так, не матляй галавой, пуга. І страх сьмерці. Інакш працаваць ня будуць».

Камэндант спрытна цыркае сьлінай, уладным рухам рукі спыняе мае пярэчаньні й працягвае: «Галоўнае – абнесьці тэрыторыю калючым дротам. Стралкоў на вышкі. Страх сьмерці патрэбны, разумееш? Тады ты кантралюеш сытуацыю. А там, унутры, ужо справа тэхнікі. Падзяліць, каб не групаваліся самі, дзесьці пасварыць, асьведаміцеляў там... І парадак».

«Ага, парадак, – не вытрымлівае хтосьці з рабочых, – такім, як ты, дай волю, вы ўсю Беларусь па пэрымэтры абгародзіце».

Мне згадаліся гэтыя словы Камэнданта, калі пасьля выпадку зь сіратою Вікцяй Мароз, навучэнкай Вялейскага інтэрнату, сотням беларускіх дзетак было забаронена выяжджаць на аздараўленьне ў Італію.

Тая ж прамова Камэнданта пра страх сьмерці ўзьнікла ў памяці, калі аднаго зь лідэраў «Маладога фронту», Паўла Красоўскага, арыштавалі паводле падазрэньняў ва ўчыненьні віцебскіх выбухаў (маўляў, падобны да фатаробата): згодна з гэтым артыкулам Крымінальнага кодэксу ўжо можна асудзіць да пакараньня сьмерцю. Баючыся размаху маладафронтаўскай справы й сьведкаў салідарнасьці на судзе, рэжым падае сыгнал сапраўдным злачынцам, якіх так і не знайшлі: «Узрывайце далей – замест вас пасадзім палітычных!»

Вялізная постаць Камэнданта вырастае цяпер па-над сотнямі менскіх галадоўнікаў-хрысьціянаў з царквы «Новае Жыцьцё», якіх пазбаўляюць іхняга дому малітвы.

Але хрысьціяне не баяцца сьмерці. Яны баяцца толькі Бога, Які ўладны і над сьмерцю, і над жыцьцём. «Новае Жыцьцё» – назва тут зусім не выпадковая. Вось чаму страх сьмерці не ўратаваў ад краху ані Рымскую імпэрыю, ані Трэці Райх, ані Савецкі Саюз. Былі тыя, хто не баяўся сьмерці – і гэта азначала, што калючы дрот, стральцы на вышках і нават камэнданты бясьсільныя.

Для Цімафеіча такое непамысна.

А хрысьціяне й маладафронтаўцы ведаюць: працаваць, падтрымліваць парадак і жыць шчасьліва беларусам дасьць ня страх сьмерці, а нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?