На дваццаты дзень правядзеньня грамадзкіх акцыяў каля касьцёлу сьвятога Язэпа і кляштару бэрнардынцаў абаронцы галасавалі, што рабіць далей: спыняць акцыі ці працягваць.

Прычынай для такога кардынальнага выбару ў лёсе грамадзянскай кампаніі абароны касьцёлу сталі меркаваньні афіцыйных устаноў і каталіцкага касьцёлу адносна ініцыятывы вяртаньня храму вернікам. Будаўнікі, якія вядуць перабудову кляштару, дэпутаты Нацыянальнага сходу, а таксама высокія чыноўнікі з Адміністрацыі прэзыдэнта не парадавалі сваімі адказамі: працы будуць працягнутыя, пра пераезд архіву і перадачу храму вернікам няма і гаворкі.

Зрэшты, як сказаў сустаршыня партыі БХД і адзін з арганізатараў кампаніі абароны касьцёлу Павал Севярынец, «іншага ад іх і не чакалі». Расчаравала абаронцаў рэакцыя архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў інтэрвію газэце «Советская Белоруссия», як лічаць актывісты, іх не падтрымаў. Адказваючы на пытаньне пра лёс касьцёлу, архібіскуп Кандрусевіч згадаў нядаўнюю гісторыю ў Польшчы, калі маладыя людзі ўсталявалі ў Варшаве крыж у памяць пра загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскага, а потым запрацівіліся пераносу крыжа ў іншае месца. Севярынец працытаваў архібіскупа Кандрусевіча:

«Крыж, замест таго, каб стаць сымбалем адзінства, раскалоў краіну. Тады выступілі польскія біскупы з просьбай да тых, хто прыходзіў на плошчу, не палітызаваць крыж. Адносіны царквы і палітыкі заўсёды складаліся нялёгка».

Абаронцаў касьцёлу не задаволіла такая рэакцыя. Яны палічылі, што касьцёл адмаўляецца ад барацьбы за гэты храм.

Таму і было пастаўлена на галасаваньне: спыняць акцыю, працягваць, ці працягваць, але зь іншай фармулёўкай — пра вяртаньні храму ня пэўнай каталіцкай канфэсіі, а хрысьціянам. Маўляў, пазьней стане зразумела, каму менавіта. За гэты варыянт і прагаласавала большасьць абаронцаў.

Дарэчы, сёньня да старажытных муроў прыйшло абаронцаў як ніколі — болей за 50 чалавек. Магчыма, адной з прычынаў наплыву людзей стала тое, што перад ім меўся выступіць вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў прапанаваў перанесьці архіў, які цяпер знаходзіцца ў будынку касьцёла сьвятога Язэпа, у Нацыянальную бібліятэку
 — да тае пары, пакуль ня будзе пабудавана ці знойдзена асобнае памяшканьне. А храм сьвятога Язэпа, як лічыць пісьменьнік, мусіць належаць вернікам.

Уладзімер Арлоў падпісаў і ўручыў абаронцам касьцёлу свае кнігі. Сярод падарункаў была ў тым ліку і кніга пісьменьніка «Імёны свабоды».

6 кастрычніка падчас акцыі каля касьцёлу заплянаваны канцэрт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?