Выстава, прысвечаная памяці знакамітага майстра, пройдзе ў Музеі Багдановіча (Мінск, Траецкае прадмесце, вул. Багдановіча, 7а)

Менавіта Вячаслаў Дубінка вярнуў беларускую выцінанку з нябыту і стварыў яе цэлую сучасную школу. Ягоныя выцінанкі шмат разоў экспанаваліся ў Беларусі і за мяжой. У нас на памяці поспех нядаўніх выставаў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і ў музейным комплексе «Дудуткі».

Выцінанкамі Вячаслава Дубінкі не раз ілюстраваліся кнігі. Шмат хто з беларускіх дзяцей мае цудоўна аздобленую майстрам кнігу Артура Вольскага «Жывыя літары». Ажылі і самі творы Вячаслава Дубінкі. На іх аснове рэжысёр-мультыплікатар Міхась Тумеля здымае цыкл фільмаў «Беларускія прымаўкі». Першыя з іх ужо здабылі ўзнагароды на міжнародных конкурсах і фестывалях.

Вячаслаў Дубінка глядзеў на жыццё заўсёды крыху здзіўленымі незамглёнымі вачыма дарослага дзіцяці. У сваім апошнім інтэрв’ю ён сказаў, што жыве, кожны дзень чакаючы дзіва. Цяпер з дзівам, падараваным ягоным унікальным талентам, сустрэнемся мы самі. На вялікі жаль, без майстра. Але хіба сапраўдны талент памірае?..

Адкрыццё выставы — а 17-й гадзіне. Працаваць яна будзе да 24 кастрычніка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?