Дамову аб стварэнні сумеснай вытворчасці тралейбусаў падпісалі Закрытае акцыянернае таварыства «Чарнігаўскі аўтазавод» і беларускае ААТ «Белкамунмаш».

«Пагадненне пра арганізацыю сумеснага прадпрыемства паміж „Белкамунмашам“ і Чарнігаўскім аўтазаводам было падпісана 30 верасня. Выпуск першай серыйнай партыі — 10 тралейбусаў — запланаваны на першы квартал 2011 года», — сказаў старшыня праўлення ЗАТ «Чарнігаўскі аўтазавод» Валерый Купцоў сёння ў Кіеве падчас VI Міжнароднага салона грузавых і камерцыйных аўтамабіляў ТIR-2010.

Паводле слоў кіраўніка чарнігаўскага прадпрыемства, 51% камплектацыі тралейбусаў будуць складаць запчасткі ўкраінскай вытворчасці. Пры гэтым Валерый Купцоў адзначыў, што завод з часам плануе павялічыць аб’ем вытворчасці да 30 тралейбусаў у месяц.

Адзначым, што чарнігаўскі аўтазавод уваходзіць у склад карпарацыі «Эталон» і спецыялізуецца на вытворчасці аўтобусаў малога класа. Кіеўская карпарацыя «Эталон» аб’ядноўвае 21 прадпрыемства.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?