Хоць Нобель па літаратуры і дастаўся экс-кандыдату ў прэзідэнты Перу.

Марыа Варгас Льёса.

Марыа Варгас Льёса.

Перуанец Марыа Варгас Льёса (Mario Vargas Llosa) нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям’і сярэдняга дастатку. Ягоны бацька, кіроўца аўтобуса, неўзабаве развёўся з жонкай і пакінуў яе пад апекай дзеда Марыё, ганаровага консула Перу ў балівійскім горадзе Качабамба. Там Марыё правёў першыя гады жыцця. Вядома, што бацька пісьменніка меў двух пазашлюбных дзяцей ад палюбоўніцы-немкі.

Консул Льёса валодаў бавоўнавымі плантацыямі і забяспечваў сваю дачку і ўнука ўсім неабходным, строга забараняючы, аднак, інфармаваць хлопчыка пра лёс ягонага бацькі. Тым не менш, у 1946 г. бацькі Льёса аднавілі шлюб і пасяліліся ў Ліме, дзе Марыё скончыў найперш нядзельную школу, а затым, па патрабаванні бацькі, быў залічаны ў вайсковае вучылішча імя Леонсіа Прада, пасля выведзенае ім у рамане «Горад і псы».

Вучылішча настолькі абрыдла Марыё, што за год да выпуску ён кінуў вучобу і ўладкаваўся журналістам у правінцыйную газету «La Industria».
У 1953 г. Варгас Льёса паступіў на філалагічны факультэт універсітэта Сан-Маркас, але неўзабаве з'ехаў у Еўропу, атрымаў стыпендыю Мадрыдскага універсітэта і ў 1958 г. абараніў там, у франкісцкай Іспаніі, дысертацыю пра творчасць Рубена Дарыё.

У 1960 г. Варгас Льёса пераехаў у Парыж, дзе яму абяцалі даць новы грант на даследаванні. Да гэтага часу ён ужо жыў у грамадзянскім шлюбе з кузінай Хуліяй Уркідзі, якая была значна старэйшая за яго. Гранта Льёса не атрымаў, але вяртацца ў Мадрыд адрокся і атабарыўся ў Парыжы, дзе цесна супрацоўнічаў з Хуліа Картасарам, а таксама працаваў журналістам на радыё і тэлебачанні. У 1964 г. Льоса і ягоная кузіна разышліся. Яшчэ за год Марыё ажаніўся з другой сваёй стрыечнай сястрой Патрысіяй, якая нарадзіла яму траіх дзяцей. Адзін з іх, Альвара Варгас Льёса (нар. 1966), таксама стаў пісьменнікам і публіцыстам. У 1969-1970 гг. Варгас Льёса нядоўга жыў і выкладаў у Англіі і Іспаніі, пасля чаго прафесійна заняўся літаратурнай дзейнасцю.

Сваю літаратурную біяграфію Льёса распачаў з палітычнага скандалу. Ягоны першы раман «Горад і псы» распавядаў пра тое, як з аддадзеных у тамтэйшую сувораўскую, дакладней, кадэцкую вучэльню падлеткаў «робяць мужчын»,
а калі дакладней — эмацыйна нявечаць, апісваў, так бы мовіць, «паўстанне і паразу індывіда». Дакладнасць, з якой пісьменнік апісаў перажываныя героямі здзекі дзедаўшчыны і дрэсуры была ўспрынятыя як пасквіль на слаўныя традыцыі перуанскага войска і выклікалі хвалю абурэння. Кнігу нават публічна спалілі.

Але скандал і поспех першага рамана ў 1963 годзе вызначыў у значнай ступені ўвесь будучы шлях пісьменніка.

Льёса заўжды адкрыта гаварыў пра неабходнасць сувязі пісьменніка і грамадства, пра неабходнасць быцця сацыяльным і палітычным. У той жа час папракнуць яго ў барыкаднасці і аднастайнасці не магла б нават Святлана Алексіевіч. Ягонымі героямі рабіліся журналісты («Гутарка ў Саборы»), служакі і прастытуткі («Капітан Панталеон і Рота добрых паслуг») і нават ён сам («Цётачка Хулія й пісака» — пра тое, як малады Льёса ажаніўся з уласнай кузінай — цёткай, старэйшай ад яго).

Льёса, творчы супернік іншага нобелеўскага лаўрэата з Лацінскай Амерыкі, Габрыэля Гарсія Маркеса, выбудоўваў свае міфалагемы не столькі за кошт уводу фантастычных персанажаў, але хутчэй за кошт моўных гульняў і абсурдавання рэальнасці.

Ужо ягоны першы раман «Горад і псы» (1963) прынёс вядомасць за межамі краіны. У СССР кніга была нават экранізавана
ў 1986 годзе. Фільм называўся «Ягуар».

Марыа Варгас Льёса напісаў таксама раманы «Шчанюкі», «Хто забіў Паламіна Малера?»

Чытачы адзначаюць падабенства прозы перуанца да твораў Хемінгуэя.

У 1990 годзе Льёса пайшоў у палітыку. Ён балатаваўся ў прэзідэнты ад аб'яднанай дэмакратычнай апазіцыі — Дэмакратычнага фронту — і прапаноўваў план радыкальных пераўтварэнняў перуанскай эканомікі ў духу бачанняў чыкагскай школы, выступіўшы за пераход да вольнага рынку і актыўную прыватызацыю дзяржаўных актываў.

Палітычныя праціўнікі Льёсы выкарыстоўвалі — акурат як цяпер супраць Някляева — выдраныя з кантэксту цытаты з «Войны канца свету» для дыскрэдытацыі пісьменніка,
зачытваючы іх па радыё пад выглядам кавалкаў з перадвыбарнай праграмы. У першым туры выбараў Варгас Льёса заняў першае месца з 34% галасоў, але прайграў у другім туры Альберта Фухіморы, дыктатару, пасля чаго з'ехаў з Перу, пасяліўся ў Лондане і стаў падданым Іспаніі. Вопыт выбарчай кампаніі Варгас Льёса выкарыстаў у раманах «Рыба ў вадзе» й «Літума ў Андах», дзе апісаў «аголены трагізм нацыянальнай непрытомнасці».

Акадэмік Іспанскай каралеўскай акадэміі, ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў Еўропы і Амерыкі. Кавалер Ордэна Ганаровага легіёна.

Брытанская букмекерская кампанія «Ladbrokes» у ліку лідараў на атрыманне сёлетняга Нобеля называла Томаса Транстрэмера са Швецыі, Ко Ун з Паўднёвай Карэі, сірыйца Алі Ахмад Саіда, паляка Адама Загаеўскага. Сталася па-іншаму.

Сярод іншых кандыдатаў былі Умберта Эка, Мілан Кундэра, Харукі Муракамі, а таксама два расейскія — Бэла Ахмадуліна і Яўген Еўтушэнка.

Усіх лаўрэатаў па літаратуры з 1901 года было 106. Чвэрць з іх пісала па-англійску. Хаця па колькасці ўганараваных у лідарах — Францыя з чатырнаццацю пісьменнікамі. За ёй ідуць Вялікабрытанія і ЗША.

Хто станавіўся лаўрэатамі за апошняя дзесяцігоддзе.

2001 — Відыядхар Найпал (Трынідад-Вялікабрытанія)

2002 — Імрэ Кертэс (Венгрыя)

2003 -Джон Кутзээ (ПАР-Аўстралія)

2004 — Эльфрыда Елінэк (Аўстрыя)

2005 — Гаральд Пінтар (Вялікабрытанія)

2006 — Архан Памук (Турцыя)

2007 -Дорыс Лесінг (Вялікабрытанія)

2008 — Жан-Мары Леклезіо (Францыя)

2009 -Герта Мюлер (Германія)

Суседзі Беларусі таксама атрымлівалі Нобеля па літаратуры. Праўды, не ўсе. Расейцы — пяць разоў (Іван Бунін, Барыс Пастарнак, Міхаіл Шолахаў, Аляксандр Салжаніцын, Іосіф Бродскі), палякі — чатыры (Генрык Сянкевіч, Уладзіслаў Станіслаў Рэймант, Чэслаў Мілаш, Віслава Шымборская). Латышы, літоўцы, украінцы — ніводнага.

Нядаўна аб намеры змагацца за Нобелеўскую прэмію абвясціў беларускі празаік Георгій Марчук.

Ён таксама лічыць сябе вартым Нобеля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?