Замест таго, каб быць сьведчаньнем еднасьці, нарада кіруючых колаў Эўразьвязу, што распачнецца заўтра ў Лахці, можа канчаткова пераканаць Расею ў тым, што ў энэргетычных справах ЭЗ глыбока разьдзелены.

У пятніцу да фінскага курорту Лахці зьедуцца кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ, запрошаныя фінамі на нефармальную нараду. Кульмінацыйны момант нарады чакаецца ўвечары, калі на вячэру прыедзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

І паміж далікатэсамі фінскай кухні лідэры ЭЗ будуць спрабаваць пераканаць расейскага прэзыдэнта ў неабходнасьці зьменаў прынцыпаў энэргетычнага супрацоўніцтва.

Размова пра пастаўкі газу і нафты з Расеі для ЭЗ нагэтулькі важная, што да мінімуму будуць зьведзеныя іншыя тэмы – забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай, свабода прэсы ці напружаныя ўзаеміны Расеі з Грузіяй.

Чаго хоча Эўразьвяз?

Эўракамісія колькі дзён таму паведаміла, на чым мусілі б палягаць новыя прынцыпы супрацоўніцтва з Расеяй у энэргетычных пытаньнях. Расея найбуйнейшы пастаўшчык энэргетычнай сыравіны ў Эўропу – адтуль паходзіць 40 адсоткаў нафты і 24 адсоткі газу, што выкарыстоўваюцца ў ЭЗ.

Паколькі эўрапейскія газавыя радовішчы вычэрпваюцца, а спажываньне газу ўзрастае (з 277 млрд м3 у цяперашні час да 535 млрд м3 у 2030 г.), гэтая залежнасьць будзе толькі павялічвацца. Брусэль ацэньвае, што Эўропа будзе выдаткоўваць на імпарт газу больш за 50 млрд эўра штогод!

Таму такія канцэрны, як Shell, BP ці Total, жадаюць мець непасрэдны доступ да расейскіх радовішчаў газу і нафты – што падтрымліваецца Брусэлем. Камісія жадае, каб прынцыпы эксплёатацыі гэтых радовішчаў былі чытэльныя і каб не зьмяняліся ў залежнасьці ад капрызаў маскоўскіх чыноўнікаў.

Канцэрны таксама жадаюць зламаць манаполію «Газпрому» і мець магчымасьць самім транспартаваць сыравіну праз расейскія трубаправоды. У абмен на такое адкрыцьцё рынку – прапануе Брусэль – расейскія фірмы змогуць свабодна рабіць інвэстыцыі ў Эўропе. І, напрыклад, пераймаць ва ўласнасьць дыстрыбуцыйныя кампаніі, на якіх можна зарабіць найбольшыя грошы.

Але Расея пакуль што не прымае гэтых правілаў гульні. Яна адмовіла ў ратыфікацыі спэцыяльнай дамовы – т.зв. Энэргетычнай Мапы. Расейцам больш падабаецца цяперашняя сытуацыя, пры якой манаполію на пастаўкі і адпраўку сыравіны маюць расейскія фірмы. А дзякуючы мільярдавым прыбыткам яны і так нацэльваюцца на экспансію ў Эўропе.

Дэманстрацыя (браку) еднасьці

Брусэль спадзяецца, што здолее навязаць Расеі новыя правілы гульні. Аднак яму давядзецца пераканаць расейцаў, што Эўропа ў гэтай справе выступае адзінагалосна. Праблема палягае ў тым, што гэта ня так.

Прыклады знайсьці няцяжка. Ужо празь некалькі дзён пасьля публікацыі прапановы Эўракамісіі да дыпляматаў ЭЗ трапіла крытычная пазыцыя польскага ўраду. Польшча лічыць, што дакумэнт занадта мала кажа пра «энэргетычную салідарнасьць».

Ёсьць і іншыя прыклады. Розныя краіны па-рознаму разумеюць словы «дывэрсыфікацыя паставак». Для Нямеччыны гэткай дывэрсыфікацыяй акурат ёсьць будаўніцтва паўночнага трубаправоду праз Балтыку. Для Польшчы ж гэта небясьпечна.

Польшча лічыць, што ЭЗ павінен фінансаваць будаўніцтва сеткі трубаправодаў, што будуць злучаць краіны ЭЗ, каб яны маглі дапамагаць адна адной у здарэньні крызісу. Аднак Гішпанія хацела б, каб грошы ЭЗ пайшлі на разьвіцьцё імпарту газу з Паўночнай Афрыкі.

«Бадай няма шанцаў, што на нарадзе ў Лахці будзе энэргетычная адзінагалоснасьць», – кажа францускі дыплямат у Брусэлі.

У дадзенай сытуацыі Расея можа спакойна працягваць праводзіць адносна Эўропы палітыку «падзяляй і пануй». І паўтараць такія жэсты, як, напрыклад, адносна Нямеччыны, якой яна нядаўна паабяцала прывілеяваныя энэргетычныя сувязі. Згодна з гэтай прапановай, Нямеччына мусіла была б стаць галоўным «дыстрыбутарам» расейскага газу ў Эўропе.

Пуцін едзе па перамогу?

Фіны спрабуюць выратаваць сытуацыю. Іхні прэм’ер Маці Ванханэн можа нават вырашыць, што падчас вячэры з Пуцінам увогуле ня будзе «нацыянальных» выступаў. Пытаньні расейскаму прэзыдэнту будзе задаваць, напрыклад, ён сам ад імя ўсяго ЭЗ.

«Расея ўжо ведае пазыцыі паасобных дзяржаваў ЭЗ. Ня надта сабе ўяўляю, каб нарада ў Лахці была выкарыстаная для двухбаковых размоваў. Мы мусім паказаць сябе расейцам нагэтулькі аб’яднанымі, наколькі гэта магчыма», – тлумачыць фінскі дыплямат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?