Акцыю пад такой назвай 10 кастрычніка зладзяць актывісты ўкраінскага Amnesty International.

10 кастрычніка — у Дзень супраць смяротнага пакарання ў Жытоміры адбудзецца акцыя, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. У гэты дзень актывісты ўкраінскай Amnesty International заклікаюць Аляксандра Лукашэнку адмяніць смяротнае пакаранне. У арганізацыі акцыі прымаюць удзел беларусы Ігар Коктыш, Арцём Дубскі і Віталь Цішчанка. У часе мерапрыемства пакажуць тэматычныя фільмы, выступяць музычныя гурты. Асноўнай дзеяй акцыі будзе збор подпісаў пад петыцыяй да ўладаў Беларусі з патрабаваннем увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі. Акцыя пачнецца аб 11-й на вуліцы Міхайлаўскай.

Украінская Amnesty International пра сітуацыю ў Беларусі:

* «Беларусь — апошняя з краінаў Еўропы і былога СССР, дзе працягваюць караць смерцю людзей. Афіцыйных дадзеных аб колькасці смяротных прысудаў няма, аднак, паводле ацэнак Amnesty International, з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе ў краіне, верагодна, пакаралі смерцю не менш за 400 чалавек. У 2010 годзе пакаралі смерцю двух чалавек, яшчэ двум вынесены смяротны прысуд.

* Пакаранне смерцю часта выступае не толькі як пакаранне за злачынствы, але і як пагроза для падаўлення палітычнай актыўнасці.

* Існуюць пераканаўчыя доказы таго, што ў краіне ўжываюцца катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання з мэтай атрымання «прызнанняў»; што асуджаных могуць пазбавіць паўнавартаснай магчымасці абскардзіць прысуд; што асуджаныя і іх сваякі яшчэ вастрэй успрымаюць жорсткасць, бесчалавечнага і прыніжальнага смяротнага пакарання праз сакрэтнасць, што яе акружае.

* Праблему прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі істотна ўзмоцнена шматлікімі недахопамі сістэмы крымінальнага судаводства, у рамках якой смяротныя прысуды выносяць і выконваюць насуперак міжнародным нормам і стандартам па гэтаму віду пакаранняў».

***

Даведка

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца з 10 кастрычніка 2003 г. Ініцыятарам яго стала Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання, якая аб’ядноўвае больш за 50 арганізацый, у тым ліку Amnesty International, калегіі адвакатаў, прафсаюзы, а таксама дзяржаўныя органы ўлады на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, з мэтай пакласці канец прымяненню смяротнага пакарання ва ўсім свеце.

10 кастрычніка адзначаецца і Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, зацверджаны Радай Еўропы ў 2007 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?