Сёньня былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін пачынае ў турме галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. У якіх умовах будзе праходзіць галадоўка Аляксандра Казуліна і колькі можа працягвацца гэтая акцыя?

Мэты галадоўкі Аляксандар Казулін сфармуляваў месяц таму ў адмысловым лісьце, перададзеным на волю. Палітык заявіў, што ня лічыць сакавіцкіх выбараў адбытымі, а таму Аляксандар Лукашэнка, на ягоную думку, мусіць перадаць абавязкі прэзыдэнта прэм’еру Сяргею Сідорскаму, ад якога Аляксандар Казулін цягам месяца чакае прызначэньня новых выбараў.

Два дні таму, сустракаючыся з сваякамі ў калёніі, былы кандыдат на прэзыдэнта пацьвердзіў намер пачаць бестэрміновую галадоўку менавіта сёньня, 20 кастрычніка. Ён сказаў, што ўжо паінфармаваў пра гэта і адміністрацыю калёніі.

У адміністрацыі пацьвердзілі, што ведаюць пра намер Аляксандра Казуліна галадаваць, але адмовіліся даць зьвесткі пра ўмовы, у якіх будзе праходзіць галадоўка. Раней у адміністрацыі калёніі заяўлялі, што на час галадоўкі перавядуць Аляксандра Казуліна ў асобнае памяшканьне. Хутчэй за ўсё, у мэдычную частку.

Як паводле закону адміністрацыя папраўчай ўстановы мае рэагаваць на галадоўку зьняволенага? Адвакат палітыка Ігар Рынкевіч патлумачыў для Радыё Свабода:

(Рынкевіч: ) «Лічыцца, што гэта не парушэньне турэмнага рэжыму, калі чалавек адмаўляецца ад ежы і выстаўляе пэўныя патрабаваньні. Цягам трох дзён адміністрацыя калёніі мусіць паведаміць вышэйшаму кіраўніцтву і паінфармаваць пракуратуру, а менавіта таго пракурора, які назірае за законам у калёніі. Пракурор-назіральнік павінен прыехаць, выслухаць патрабаваньні і адрэагаваць на іх: выканаць, калі гэта паводле закону і ў яго кампэтэнцыі, а калі не, тады дакласьці далей па інстанцыі».

Ігар Рынкевіч спадзяецца, што ягонага падабароннага перавядуць у мэдычную частку, дзе за станам здароўя будзе весьціся нагляд. Адвакат ня выключыў, што галадоўку Казуліна могуць прымусова спыніць.

(Рынкевіч: ) «Могуць прымусова яго скруціць і ўвесьці яму ў кроў раствор глюкозы. Калі я быў у калёніі 10 кастрычніка, мне пра гэта намякнулі. Маўляў, каб выратаваць жыцьцё. Тым больш, што Казулін заявіў, што будзе галадаць да апошняга: і 30, і 40 дзён».

Жонка палітыка Ірына Казуліна кажа, што падтрымлівае мужавы палітычныя погляды, але яна – супраць галадоўкі. «Здароўе адно», – кажа жанчына. На апошнім спатканьні з мужам яна спрабавала адгаварыць яго ад галадоўкі, але гэта не ўдалося. Затое падчас гэтай сустрэчы Аляксандар Казулін больш пэўна акрэсьліў умову, пры якой ён спыніць галадоўку.

(Казуліна: ) «Я бачу, што ён найперш арыентаваны на міжнародны ўзровень. Ён сказаў, што спыніць галадоўку, калі пытаньне па Беларусі будзе разгледжанае ў ААН».

Вядома, што 19 кастрычніка Ірына Казуліна сустракалася з шэрагам кіраўнікоў беларускай апазыцыі, зь якімі абмеркавала захады палітычнай падтрымкі акцыі яе мужа.

* * *

Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловаю гадоў зьняволеньня – суд у Менску палічыў яго вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка. Экс-кандадат на пасаду прэзыдэнта вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?