Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 8 кастрычніка намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, у Беларусі плануецца стварыць Музей беларускай дзяржаўнасці. Ён мае размясціцца ў Адміністрацыі кіраўніка краіны, на месцы былога архіву.

Намеснік міністра паведаміў, што музей будзе абсталяваны самай сучаснай тэхнікай і абсталяваннем. Экспазіцыя музея будзе пачынацца з 90-ых гадоў — ад пачатку існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Плануецца, што ў яе ўвойдуць к важныя дзяржаўныя дакументы, такія, як Дэкларацыя аб дзяржаўнай незалежнасці, так і падарункі кіраўніку беларускай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку.

Паводле слоў Тадэвуша Стружэцкага, новы музей мае выконваць прадстаўнічыя функцыі. Туды будуць накіроўваць высокапастаўленых гасцей Беларусі. Аднак для простых грамадзян Музей беларускай дзяржаўнасці таксама не будзе закрыты — кожны ахвотны зможа яго наведаць.

Спрэчным выглядае не толькі напаўненне музею, але і сама ідэя пачаць адлік беларускай дзяржаўнасці з 90 гадоў. «НН» звярнулася па каментар да аднаго з асноўных спецыялістаў ў галіне нацыянальнага руху, гісторыка Алеся Смаленчука. Ён назваў намер пачынаць адлік беларускай дзяржаўнасці ад 90-х гадоў бязглуздзіцай.

«Гэта поўны абсурд. Нават у савецкія часы беларускую дзяржаўнасць больш глыбока разумелі.
Ад 1917 году адлічвалі. Спадзяюся, што гэты праект так і застанецца праектам». Пракаментаваў спадар Смалянчук і сам намер стварыць Музей беларускай дзяржаўнасці: «Гэта цікавая ідэя. Але падобна на тое, што яе ажыццяўляюць дзяржаўныя ідэолагі, а не гісторыкі. Яшчэ добра, што не ад дня нараджэння Лукашэнкі распачынаюць экспазіцыю. Увогуле беларуская дзяржаўнасць даволі добра распрацаваная. Ад самога Полацкага княства. Таму калі насамрэч паўстане музей, прысвечаны станаўленню дзяржаўнасці Беларусі, то можа паўстаць насамрэч цікавая ўстанова».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?