У ліцэі ў г.Лодзь вырашылі пакуль што ня вешаць на сьцяну табліцы, што ілюструе эвалюцыю чалавека: «Ня хочам, каб нехта зразумеў гэта як правакацыю».

Усім добра вядомы малюнак, які паказвае эвалюцыю ад малпы да чалавека, меўся быць вывешаны ў лодзьскім ліцэі. Аднак да гэтага часу так там і не вісіць. Як тлумачыць намесьнік дырэктара ліцэю Дарыюш Ендрасяк, задума павесіць табліцу супала з выказваньнем міністра Ажэхоўскага пра дарвінізм. Таму ліцэй і вырашыў пачакаць, каб ніхто не зразумеў табліцу на сьцяне як правакацыю.

Усё пачалося са словаў Мацея Гертыха, прафэсара дэндралёгіі і бацькі міністра адукацыі Рамана Гертыха, пра тое, што дарвінізм неабходна выключыць з навучаньня, бо Бог стварыў чалавека і прыроду адначасна. Пасьля ягоную думку разьвіў віцэ-міністар адукацыі Міраслаў Ажэхоўскі, які мае тэалягічную адукацыю. Ён назваў тэорыю эвалюцыі «хлусьнёй», «легалізаванай памылкай» і сказаў, што адчувае сябе «нашчадкам чалавека, а не малпы». Ажэхоўскі цалкам падтрымлівае рашэньне лодзьскага ліцэя, бо «дарвінізм – гэта толькі адна з тэорыяў, а табліца б даводзіла вучням ейную выключнасьць».

Ці ёсьць чаго баяцца настаўнікам біялёгіі, якія і надалей будуць выкладаць вучням тэорыю Дарвіна? «Нічога падобнага!» – кажа віцэ-міністар. Канечне, пры ўмове, што яны будуць падаваць дарвінізм «разам зь іншымі тэорыямі», а ня як адзіную праўдзівую. «Гэта немалаважна ў краіне, дзе пераважная большасьць людзей вернікі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?