Пасля феерычна-выпадковай перамогі над французамі (0:1) і безударнай нічыі з румынамі (0:0), беларусы згулялі ўнічыю з Люксембургам (0:0), суцяшае, што ў гасцях:)

Абарону маленькай, гордай краіны-герцагства падапечным Бернда Штанге ўскрыць так і не ўдалося. Дзесьці бяззуба глядзеліся форварды, недзе выручыў галкіпер Жубер, у чымсьці не хапіла шанцавання. Праўда, і люксембуржцы не вялі партызанска-рэйкавую вайну, а зрабілі некалькі вылазак у тыл ворага (нанеслі пару ўдараў па варотах Жаўнова).

На 70-й хвіліне за фол у нападзенні (г.зн. ля чужых варот) чырвоную картку зарабіў Сяргей Карніленка.

Цікава, што са зборнымі з малымі па плошчы краін (язык не паварочваецца іх называць карлікамі), з Люксембургам у беларусаў найгоршы вынік. 5 гульняў, з іх 2 перамогі, дзве нічыі (першая — 11 кастрычніка 1995, 0:0, другая — сёння) і памятная параза ў Гомелі 13 кастрычніка 2007 года (за часамі Штанге) — 0:1.

Містыка ці гэта нашае месца ў еўрапейскім футбольным рэестры?

***

Статыстыка

Люксембург (Люксембург), стадыён Жазі Бартэль, 8 кастрычніка. 21:15.

Беларусь: Жаўноў (капітан), Кульчы, Мартыновіч, Калачоў, Юрэвіч (Молаш, 87), Цігараў (Пуціла, 67), Амельянчук, Карніленка, В.Глеб (Радзівонаў, 67), Кісляк, Шытаў.

Люксембург: Жубер, Кінцыгер, Блез, Хофманн, Шнэль, Петэрс (К), Лятэрца, Бетмер (Жэрсан, 63), Паяль (Кетэнмэер, 77), Левек, Жаакім (Да Мота, 66-я).

Галоўны суддзя: Аляксандар Стаўрэў (Македонія).

Папярэджанні: Кульчы (59-я) Кінцыгер (74-я), Калачоў (74-я)

Выдаленне: Карніленка (70-я).

удары па варотах: 10:17 (у створ -- 5:6),

вуглавыя: 0 - 4

***

Сёння ў нашай групе «D» прайшоў яшчэ матч:

гулялі зборныя Албаніі і Босніі, і тут таксама была зафіксавана нічыя, праўда, галявая — 1:1.

На ўдар Ведада Ібішэвіча албанцы адказалі трапным стрэлам Кладзіяна Дуру, што выступае за аўстрыйскі ЛАСК.

у суботу, 9 кастрычніка, у Парыжы згуляюць зборныя Францыі і Румыніі.

А пакуль Беларусь і Албанія захоўваюць лідэрства ў групе.

«D» на вечар пятніцы: Беларусь — 5 (3 гульні, 1 перамога, 2 нічыі, розніца мячоў 1-0), Албанія — 5 (3 - 1, 2, 0, розніца мячоў 3-2), Боснія — 4 (3 гульні), Францыя — 3 (2), Румынія — 2 (2), Люксембург — 1 (3).

12 кастрычніка (аўторак) Беларусь згуляе дома з Албаніяй. Матч пройдзе ў Мінску на «Дынама», пачатак, а 20:30
Праўда, на гэты дзень абяцаюць першы снег.

У гэты ж дзень Францыя прыме Люксембург.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?