20.10.2006 / 21:04

У Віцебску распрацавалі маршрут «Шляхамі Тараса»

Пачынаецца маршрут зь Літаратурнага музэю, ад экспазыцыі, прысьвечанай літаратуры ХІХ стагодзьдзя, ля стэнду Кастанціна Вэраніцына, які лічыцца найверагоднейшым аўтарам ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе»

У Віцебску распрацавалі маршрут экскурсіі-экспэдыцыі «Шляхамі Тараса». Аўтаркі распрацоўкі – дырэктарка Віцебскага літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова ды супрацоўніца фірмы «Патрыёт-тур» Ірына Баброва.

Летась праект прайшоў апрабаваньне ды ўдасканаленьне, і нарэшце з дапамогай мэтадычнага аб’яднаньня настаўнікаў-беларусазнаўцаў Чыгуначнага раёна гораду Віцебску зьдзейсьніўся. У першай экскурсіі прынялі ўдзел вучні ды настаўнікі 11 школаў абласнога цэнтру.

Пачынаецца маршрут зь Літаратурнага музэю, ад экспазыцыі, прысьвечанай літаратуры ХІХ стагодзьдзя, ля стэнду Кастанціна Вэраніцына, які лічыцца найверагоднейшым аўтарам ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе» (мо са сваім таварышам па віцебскай гімназіі Вулем). Потым экспэдыцыя накіроўваецца па знакамітым пецярбурскім гасьцінцы да вёскі Мазалава, дзе ў ХІХ стагодзьдзі ў фальварку-сядзібе Мілае жыў адзін зь верагодных аўтараў паэмы «Энэіда навыварат», віцебскі віцэ-губэрнатар і літаратар Ігнаці Манькоўскі. На жаль, фамільныя могілкі, на якіх пахавалі прадстаўнікоў гэтага роду, зьнішчыліся ў час распрацоўкі пясчанага кар’еру.

Галоўная кропка маршруту – Гарадоцкі краязнаўчы музэй, які зараз зьяўляецца цэнтрам тарасазнаўства, месцам сталых навуковых канфэрэнцыяў па гэтай тэматыцы. Напрыканцы экскурсанты наведаюць вёску Астраўляны – радзіму Канстанціна Васільлева, які ў гімназіі возьме прозьвішча Вэраніцын.

Распрацоўшчыкі маршруту лічаць, што ён хутка набудзе вядомасьць ня толькі сярод навучэнцаў Віцебску, але і ў рэспубліканскім маштабе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру