Пачалася рабочая паездка ў Польшчу прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука, намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП).

Як паведаміў лідар АГП Анатоль Лябедзька, у Раманчука ў Польшчы запланавана шырокая праграма сустрэч і перамоў. "Сёння Раманчук сустрэўся з маршалкам сената Польшчы Багданам Барусевічам, правядзе паўтарагадзінную прэс-канферэнцыю для польскіх СМІ, сустрэнецца з прадстаўнікамі дзелавой і экспертнай супольнасці. 12 кастрычніка ў яго запланавана сустрэча з кіраўніком польскага МЗС Радаславам Сікорскім, а таксама кіраўніком камітэта па міжнародных справах сейма Анджэем Халіцкім", — паведаміў Лябедзька.

Паводле яго слоў, нядаўна ў АГП быў створаны савет па знешняй палітыцы. "Адносна нашай заходняй суседкі мы выпрацавалі пытанне "Польшча: надзея ці расчараванне?". Падчас свайго візіту Раманчук павінен атрымаць адказ на гэтае пытанне і паспрабаваць пераканаць польскіх палітыкаў у тым, што цяпер у Беларусі ёсць рэальны шанс для перамен. Бо ў дзень выбараў 19 снежня падзеі не заканчваюцца, гэта не кропка ў выбарчай кампаніі, а толькі коска. І для перамен у Беларусі трэба прыкладаць намаганні не толькі ўнутры краіны, але і звонку", — лічыць Лябедзька.

Ён адзначыў, што роля Польшчы ў дэмакратызацыі Беларусі ўзмацніцца пасля 1 студзеня 2011 года, калі краіна будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе. "Таму Раманчук прадставіць польскім палітыкам мінімальны пакет таго, што Польшча можа зрабіць адносна дэмакратызацыі Беларусі", — сказаў Лябедзька. Таксама Раманчук перадасць палітыкам суседняй краіны бачанне АГП санкцый у дачыненні да вышэйшых беларускіх чыноўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?