У літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску адкрылася выстава Міколы Купавы «Беларускі лёс ХХ стагодзьдзя». Мастак прысьвяціў яе 100-гадоваму юбілею газэтаў «Наша Ніва» і «Наша Доля».

Выставу складаюць тыя работы Міколы Купавы, тэматыка якіх зьвязаная зь Вільняй часу заснаваньня і выданьня «Нашай Нівы». Адной з мэтаў выставы было нагадаць і пра стогадовы юбілей газэты «Наша Доля», якая таксама пакінула значны сьлед у гісторыі нацыянальнага адраджэньня, кажа спадар Купава:

(Купава: ) «Як і тая «Мужыцкая праўда» – сем нумароў, так і «Наша Доля» – шэсьць нумароў. А фактычна, з гэтага ж усё і пачыналася. Можа быць, гэта «Наша Ніва» сталася працягам, бо тыя ж самыя людзі яе выдавалі».

У экспазыцыі партрэты заснавальнікаў «Нашай Долі» й «Нашай Нівы» – братоў Івана і Антона Луцкевічаў, выдаўцоў і аўтараў – Янкі Купалы, Цёткі, Максіма Багдановіча, выявы Вільні й яе гістарычных будынкаў. Разам выстаўленыя 23 работы, над якімі мастак працаваў некалькі гадоў. Вось што Мікола Купава гаворыць пра адметнасьць выставы:

(Купава: ) «Яна адметная тым, што тут, на гэтай выставе, караніцца беларуская ідэя. Вось гэта тое, з чаго пачыналася нашае адраджэньне ў ХХ стагодзьдзі. Унутры кожнага твору гэта прысутнічае, так ці гэтак».

Выстава ў гонар юбілею найстарэйшых беларускіх газэтаў «Наша Доля» і «Наша Ніва» праходзіць у музэі Максіма Багдановіча не выпадкова. Гаворыць навуковая супрацоўніца музэю Ірына Мышкавец:

(Мышкавец: ) «Максім Багдановіч быў цесна зьвязаны з «Нашай Нівай». Гэтая газэта дала штуршок для разьвіцьця ягоных творчых здольнасьцяў. Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ганарыцца тым, што ў фондах мае «Нашу Ніву» і «Нашу Долю» стогадовай даўніны. І калі трымаеш у руках гэтыя газэты, то адчуваеш, што дакранаесься да сапраўднай гісторыі. І такое творчае пераасэнсаваньне Міколам Купавам гэтай тэмы гаворыць пра тое, што мы памятаем, шануем і працягваем распачатае нашымі папярэднікамі».

Выстава Міколы Купавы «Беларускі лёс ХХ стагодзьдзя» прымеркаваная да 60-гадовага юбілею мастака і 40-годзьдзя ягонай творчасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?