Гаспадарчы суд Мінска (ГСМ) задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі даследча-асветнай установы «Рух наперад», дырэктарам якой з’яўляецца прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.

Рашэнне аб ліквідацыі «Руху наперад», які праводзіць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!», прыняў 12 кастрычніка суддзя Андрэй Рыбалкін.

У судзе прадстаўнік Мінгарвыканкама Дзмітрый Антаневіч сцвярджаў, што для рэгістрацыі «Руху наперад» яго кіраўнікі падалі заведама непраўдзівыя звесткі. У прыватнасці, паводле слоў Антаневіча, установа заключыла дагавор арэнды памяшкання з ТАА «Ціна Влаці» па праспекце Машэрава, 54–5, ведаючы, што гэтыя памяшканні з’яўляюцца гандлёвымі плошчамі. Размяшчэнне офіса ў памяшканнях, функцыянальнае прызначэнне якіх — гандлёвае, не дапускаецца, сцвярджаюць у гарвыканкаме.

Антаневіч таксама нагадаў, што 29 ліпеня ГСМ задаволіў іск Мінгарвыканкама аб прызнанні дагавора арэнды офіса нікчэмным, а спробы «Руху наперад» абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку апынуліся беспаспяховымі.

У сваю чаргу прадстаўнік «Руху наперад» Віктар Сазонаў заявіў у судзе, што ніякіх заведама непраўдзівых звестак падчас рэгістрацыі ў Мінгарвыканкам не перадавалася. Паводле яго слоў, у заканадаўстве няма ніякай нормы, якая вызначае, якія памяшканні могуць выкарыстоўвацца для адміністрацыйных мэтаў. У кампаніі «Ціна Влаці» арандаваліся не гандлёвыя, а менавіта адміністрацыйныя плошчы, падкрэсліў Сазонаў.

Што да прызнання дагавора арэнды офіса нікчэмным, то, паводле яго слоў, ужо заключаны новы дагавор на арэнду гэтага ж памяшкання. «Калі арандаванае памяшканне не падыходзіць пад офіснае па функцыянальным прызначэнні, то Мінгарвыканкам можа проста забараніць выкарыстанне гэтага памяшкання, а не пазбаўляць арганізацыю рэгістрацыі. Гэты аргумент наогул не падыходзіць пад сутнасць іску — аб падаванні заведама непраўдзівых звестак», — заявіў прадстаўнік адказчыка.

Суддзя Рыбалкін прыняў бок гарадскіх уладаў, дадаўшы, што прадстаўнікі «Руху наперад» могуць абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку ў калегіі ГСМ і ў касацыйным парадку — у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Як заявіла БелаПАН пасля заканчэння працэсу намесніца дырэктара «Руху наперад» Ніна Пахлопка, яна абавязкова скарыстае права абскарджання. «Іншага рашэння ад Гаспадарчага суда Мінска мы і не чакалі, усё было прадказальна. Гэтае рашэнне паказвае, што «самы справядлівы суд у свеце» знаходзіцца не ў нашай краіне. Тым не менш, я спадзяюся, што і ў нашых судах ёсць сумленныя суддзі, якія прымуць справядлівае рашэнне», — сказала Пахлопка.

Раней дырэктар «Руху наперад» Уладзімір Някляеў заяўляў, што грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» будзе працягнута ў любым выпадку. «У выпадку адмены рэгістрацыі „Руху наперад“ выйсце адно — зарэгістраваць новую арганізацыю. Мы займаліся гэтым пытаннем яшчэ да судовых пасяджэнняў, паколькі меркавалі не лепшае для нас развіццё падзей», — гаварыў Някляеў у жніўні.

На думку экспертаў, у сувязі з ліквідацыяй «Руху наперад» праблем ва Уладзіміра Някляева, як прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, узнікнуць не павінна.

Справа ў тым, што пры падачы дакументаў на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы Някляеў у якасці месца працы ўказаў менавіта гэтую ўстанову. Аднак, як патлумачыў БелаПАН эксперт у галіне выбарчага заканадаўства юрыст Сяргей Альфер, «адмова ў рэгістрацыі можа адбыцца толькі па прычыне падачы заведама непраўдзівых звестак». Някляеў жа «заведама непраўдзівых звестак» у ЦВК не падаваў — ён указаў дакладныя звесткі на той момант, калі падаваў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. «Акрамя таго, ліквідацыя ўстановы — працэс дастаткова доўгі, і да яго заканчэння Някляеў застаецца дырэктарам «Руху наперад», — дадаў юрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?