Юры Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, некалькі месяцаў таму Вы ўдзельнічалі ў нашым «Праскім акцэнце» з Генадзем Бураўкіным, і тады Вы казалі, што ніякіх альтэрнатываў Лукашэнку і блізка няма, хіба Казулін – казалі Вы тады і дадавалі, што хутчэй за ўсё і ён такую альтэрнатыву не стварае нават тэарэтычна. Якія ў Вас ўражаньні цяпер?

Сьвятлана Алексіевіч: Я ўжо каля двух месяцаў у Беларусі, крыху езьдзіла па вёсках, па невялікіх гарадах, днямі вярнулася з Магілёва. Вось мы сядзім у Магілёве ў залі, чалавек сто, і на сьцяне вісіць партрэт Мілінкевіча.

І я гляджу на гэтыя добрыя твары — прыйшла добрая публіка з ужо забытымі тварамі: настаўнікі, мясцовая інтэлігенцыя — і на сьцяне вісіць гэты партрэт. І ў мяне адчуваньне, што я ці то ў Польшчы, ці то ў Чэхіі. Я бачу, што зьявіўся годны, нармальны чалавечы твар. Ён адпавядае і часу, і драматычным падзеям, якія ў нас адбудуцца незалежна ад таго, зьменіцца гэтыя ўлада ці застанецца. У ягонай плястыцы, забытай у нас інтэлігентнасьці для мяне ёсьць пэўная надзея.

Я чула аўдыторыю і бачыла, што напрацаваная ўжо беларуская прастора, да мяне падыходзілі маладыя людзі, яны распавядалі мне, як яны шукалі сьляды паўстаньня Каліноўскага. Яны ўсе гавораць па-беларуску.

Відаць, што расьце маса гэтых людзей. І зьяўляецца гэты твар, на якім факусуюцца чаканьні лепшай часткі грамадзтва. Чакала грамадзтва Лукашэнку – яно яго і атрымала. А цяпер грамадзтва поўнае новых чаканьняў, яшчэ неасэнсаваных, схаваных. І гэтая постаць ёсьць.

Я ня ведаю, ці адбудзецца гэты цуд зараз, я ў гэтым неяк мала ўпэўненая. Хаця я размаўляла з украінскімі інтэлектуаламі, яны за месяц да рэвалюцыі казалі, што ня вераць у яе магчымасьць. Але раптам узьнікае нейкі новы хімічны элемэнт...

Паводле svaboda.org.

Фота Анатоля Клешчука

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0