Беларускі форвард «Манрэаль Канадыенс» Андрэй Касціцын закінуў сёння другую шайбу ў новым сезоне Нацыянальнай хакейнай лігі. Яго клуб сёння выйграў у «Атавы» — 4:3 (1:1, 2:2, 1:0).

Беларус закінуў шайбу на 38-й хвіліне пасля паса Томаша Плеканца — і тады «Манрэаль» лік зраўняў — 3:3.

А на 57-й хвіліне Касціцын аддаў асістэнцкі пас ужо Плеканцу, які паставіў пераможную кропку ў матчы. Андрэя прызналі першай зоркай матча.

Беларус правёў на пляцоўцы 17 хвілін 50 секундаў, адпаведна па сістэме гол+пас (1+1), каэфіцыент карыснасці +1, і таксама атрымаў дзве хвіліны штрафу.

відэа

Такім чынам у Андрэя на рахунку ў новым сезоне 2 шайбы і 2 асістэнцкія пасы. Ён абагнаў у неафіцыйнай спрэчцы сярод беларусаў, што выступаюць у НХЛ, Міхаіла Грабоўскага («Таронта») у якога на рахунку 3 бамбардзірскія балы (0+3).

Дарэчы, Касціцын дагнаў па колькасці шайбаў у НХЛ Уладзіміра Цыплакова - найлепшага беларускага снайпера у Нацыянальнай хакейнай лізе. Цяпер у абодвух форвардаў па 69 галоў. Праўда, Цыплакоў скончыў кар'еру 9 гадоў таму.

Усяго ў Касціцына-старэйшага 145 балаў (69+76).

«Нэшвіл», за які гуляе малодшы брат Андрэя Сяргей Касціцын, сёння прайграў у овертайме «Вашынгтону» — 2:3 (1:0, 1:0, 0:2, 0:1). Сяргей правёў на пляцоўцы 7 хвілін 35 секундаў, меней толькі Уэйд Белак. Касціцын-малодшы толькі нядаўна аднавіўся пасля траўмы і дэбютаваў за новы клуб у папярэднім матчы. Галоў і асістэнцкіх пасаў у яго няма.

«Дэтройт» Руслана Салея выйграў у гасцях у овертайме ў «Фінікса» -1:2. Беларускі абаронца правёў на пляцоўцы 18 хвілін 34 секунды. Галоў і галявых пасаў у яго пакуль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?