Медыкі незадаволеныя хворымі з апендыцытам: апошнія звяртаюцца па дапамогу на позніх стадыях хваробы, якая пагражае цяжкімі ўскладненнямі. А да той пары проста церпяць боль, заядаючы яго таблеткамі і праграваючы жывот грэлкай. Калі толькі вы не вораг самому сабе, ні ў якім выпадку гэтага рабіць нельга! — папярэджваюць дактары.

Калі баліць жывот — ні ў якім разе нельга класці грэлку на жывот. Не трэба таксама рабіць клізмы і іншыя працэдуры ў хатніх умовах. Многія памыляюцца, калі пачынаюць прымаць актываваны вугаль і болесуцішальнае, а часам нават спіртныя напоі. Гэтым яны сціраюць прыкметы апендыцыту, але запаленчы працэс усё роўна працягваецца. Так узнікаюць розныя ўскладненні.

Семачкі ні пры чым

Апендыкс — гэта ахоўны орган, які ўваходзіць у імунную сістэму. Яго асноўная задача заключаецца ў тым, каб абараняць кішэчнік ад бактэрый. Затрымліваючыся ў ім, яны таксама могуць справакаваць запаленне.

Прафілактыкі апендыцыту не існуе, таму што няма ніводнай дакладна вызначанай прычыны. І тое, што вінаватыя семачкі і вінаградныя костачкі, — гэта проста народная выдумка. Да развіцця апендыцыту вядзе сукупнасць фактараў — такіх, напрыклад, як нерацыянальнае харчаванне, інфекцыі, парушэнні кровазабеспячэння чэрвепадобнага адростка, запаленчыя захворванні кішэчніка, заражэнне глістамі. Адзінае, што можна зрабіць, каб зменшыць рызыку, — правільна харчавацца: не есці ўсухамятку, не злоўжываць вострым, салёным, вэнджаным. Харчавацца трэба мінімум 3–4 разы ў суткі, пры гэтым у рацыёне абавязкова павінна быць вадкая і цёплая ежа.

Баліць пад лыжачкай — гэта пачатак

Апендыцыт развіваецца паступова: у першыя гадзіны хваробы адростак ацякае, затым нагнойваецца. Галоўны сімптом запалення — боль у жываце. Спачатку ён непакоіць пад лыжачкай, у верхніх аддзелах жывата, болевыя імпульсы перадаюцца на сонечнае спляценне і страўнік. Праз пару гадзін болі перамяшчаюцца ў ніжнія правыя аддзелы жывата. Пры апендыцыце мышцы жывата напружаныя, і любы дотык узмацняе болевыя адчуванні. У хворага з’яўляюцца млоснасць і ваніты, можа павышацца тэмпература. Гэта класічныя сімптомы апендыцыту пры нармальным размяшчэнні адростка.

У выпадках, калі апендыкс размешчаны анамальна, напрыклад, у вобласці ныркі, пры яго запаленні баліць паясніца, чалавека непакоіць частае мочаспусканне. Калі адростак знаходзіцца ў вобласці таза, то болі з’яўляюцца над лонам і ў вобласці мачавога пузыра.

Бывае і так, што чалавек пераносіць сімптомы апендыцыту, болі самі праходзяць, а праз некаторы час зноў вяртаюцца. Так пачынаецца хранічны апендыцыт. Апошні дастаўляе хвораму мноства нязручнасцяў: кожны прыступ апендыцыту пагражае развіццём перытаніту (запаленнем брушыны), і пры кожным прыступе трэба звяртацца да доктара. Хранічны апендыцыт не патрабуе выдалення адростка, аднак, калі прыступы паўтараюцца часта, адростак лепш выдаліць.

Небяспечна!

Калі своечасова не звярнуцца да хірурга, адбываецца разрыў адростка, гной выліваецца ў брушную поласць і развіваецца перытаніт. Існуюць і іншыя цяжкія ўскладненні вострага апендыцыту, уключаючы заражэнне крыві (сепсіс).

Асаблівай увагі патрабуюць дзеці і пажылыя людзі. Малыя часта не могуць дакладна сказаць, дзе і як баліць. Плаксівасць, маларухомасць дзіцяці, адмова ад ежы ў спалучэнні з болямі ў жываце могуць гаварыць пра апендыцыт. У пажылых людзей болевыя адчуванні могуць быць згладжанымі, што прыводзіць да позняй дыягностыкі хваробы.

Лечаць апендыцыт толькі хірургічна — шляхам выдалення чэрвепадобнага адростка. Аперацыю выконваюць пад агульным або мясцовым наркозам.

Існуюць дзве методыкі выдалення апендыкса. Пры традыцыйнай жывот разразаюць справа і выдаляюць запалёны чэрвепадобны адростак. У некаторых клініках прымяняецца лапараскапічны метад, які мае шэраг пераваг. Ён дазваляе максімальна дакладна ўстанавіць дыягназ і ажыццявіць доступ да апендыкса пры любым яго размяшчэнні, забяспечвае меншую страту крыві і зніжэнне рызыкі пасляаперацыйных ускладненняў. Дзякуючы гэтай методыцы зніжаецца колькасць непатрэбных выдаленняў апендыкса. Што важна, паколькі гэта ахоўны орган і ён патрэбен арганізму гэтаксама, як і ўсе астатнія.

Парады доктара Кожны чалавек ведае свой арганізм. Калі болі новыя, невядомыя, трэба абавязкова ісці да доктара. Пры з’яўленні сімптомаў апендыцыту неабходна тэрмінова звярнуцца ў дзённы час у паліклініку, а вечарам або ноччу — выклікаць «хуткую дапамогу»! Да агляду доктара не варта прымаць болесуцішальныя сродкі і іншыя лекі, паколькі гэта ўскладніць пастаноўку дыягназу. Таксама нельга есці і піць. Ні ў якім разе не прыкладвайце да жывата грэлку! Цяпло паскарае запаленчы працэс і можа прывесці да больш ранняга развіцця ўскладненняў вострага апендыцыту. На жывот можна пакласці холад.

Выклікаць доктара неабходна нават у тым выпадку, калі моцныя болі сціхлі, паколькі гэта нярэдка сведчыць пра пераход хваробы ў самую цяжкую стадыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?