Аляксандр Мілінкевіч аспрэчвае ў судзе законнасць продажу гістарычнага будынка ў цэнтры Брэста пецярбургскаму алігарху Мікалаю Бурносу. Пакуль — безвынікова.

Аляксандр Мілінкевіч атрымаў адмову на скаргу ў дачыненні да Брэсцкага ЖРЭУ і пецярбургскага алігарха і мецэната Мікалая Бурноса, ураджэнца Пружанскага раёна.

Суд Брэсцкай вобласці пад старшынствам суддзі Алены Хоцька вынес рашэнне па скарзе праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух „За Свабоду“», якую падпісаў яго лідар Аляксандр Мілінкевіч.

У судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда Мілінкевіч накіраваў прыватную скаргу на пастанову суда Ленінскага раёна Брэста ад 6 жніўня 2009. Тады раённы суд пад старшынствам суддзі К. Карпавай адмовіў ПАГА «Рух „За Свабоду“» ў распачынанні справы па позве да КУП «ЖРЭУ г. Брэста» і да пецярбургскага алігарха і мецэната Мікалая Бурноса аб пацверджанні факту нязначнасці ўгоды пра куплю-продаж двухпавярховага дома № 57 па вул. Савецкая ў абласным цэнтры. Іншымі словамі, аб прызнанні ўгоды несапраўднай.

Як паведамляе сайт www.srobsk.ru, Мікалай Аляксеевіч Бурнос з’яўляецца старшынёй грамадскай рады самарэгуляванай арганізацыі Некамерцыйнага партнёрства «Балтыйскі будаўнічы комплекс», генеральным дырэктарам ААТ «Санкт-Пецярбургскі завод» Палімербудматэрыялы». На Брэстчыне ён вядомы як шчодры дабрадзей і мецэнат. У свой час М. Бурнос даў салідную суму грошай на будаўніцтва адной з сельскіх цэркваў. Нядаўна па беларускім ТБ паказалі перадачу аб тым, як дзякуючы багатаму земляку змянілася яго родная вёска Клетная Пружанскага раёна, дзе правялі газ, пакрылі дарогі асфальтам, адрамантавалі дзіцячы садок, школу…

У той жа час выявілася, што ў снежні 2009 ён выкупіў двухпавярховы будынак у гістарычным цэнтры Брэста — па вул. Савецкая, 57, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Пры гэтым былі парушаныя Закон РБ «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і Указ прэзідэнта № 575 ад 14 верасня 2006.

Высветлілася, што згодна з артыкулам 52 вышэйназванага закона, уласніку (у дадзеным выпадку КУП «ЖРЭУ г. Брэста», якому гарвыканкам дэлегаваў права кіравання гарадской камунальнай уласнасцю) забараняецца адчужаць ці іншым спосабам перадаваць права валодання аб’ектамі гістарычна-культурнай каштоўнасці без узгаднення з Міністэрствам культуры. З дадзенай прававой нормы вынікае, што адчужэнне такіх аб’ектаў мусіць ўзгадняцца з Мінкультуры да заключэння дамовы куплі-продажу. Аднак, як сведчыць адказ начальніка ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага ад 12 студзеня 2010, на названы будынак па вул. Савецкая, 57 «лістоў на ўзгадненне адчужэння ў Міністэрства культуры не прыходзіла».

Як паведамляецца ў скарзе ПАГА «Рух „За Свабоду!“», суд Ленінскага раёна Брэста падчас вынясення таго рашэння кіраваўся артыкуламі 85, 86, 245 п.1 ГПК Рэспублікі Беларусь, артыкулам 117 ГК Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з артыкулам 85 ГПК Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы могуць звяртацца ў суд з заявамі ў абарону правоў і інтарэсаў іншых асоб, што ахоўваюцца законам, толькі па справах: аб скасаванні ўсынаўлення; аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў; аб спагнанні аліментаў; аб спагнаннi выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забяспечанні; аб абароне іншых інтарэсаў непаўналетніх, а таксама інтарэсаў недзеяздольных; па іншых справах у выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі. Такім чынам, суд прыйшоў да высновы аб тым, што кола спрэчак, па якіх грамадскае аб’яднанне можа падаць у суд, выразна акрэсленае дадзеным артыкулам.

«Аднак мы вымушаныя не пагадзіцца з названымі аргументамі, — напісаў у скарзе А. Мілінкевіч. — Лічым, што рашэнне суда аб адмове ў распачынанні справы з’яўляецца незаконным, неабгрунтаваным і падлеглым скасаванню па наступных абставінах: у артыкуле 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі…

Згодна з артыкулам 72 ГПК Рэспублікі Беларусь, прадстаўніком у судзе можа быць дзеяздольная асоба, якая мае належным чынам аформленае паўнамоцтва на вядзенне справаў у судзе, за выключэннем асоб, пералiчаных у артыкуле 73 гэтага Кодэкса, а таксама адвакаты; работнікі юрыдычных асоб — па справах гэтых асобаў; упаўнаважаныя грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый), якім законам дадзенае права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы сябраў гэтых грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) і іншых асоб; упаўнаважаныя арганізацый, якім заканадаўствам дадзенае права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы іншых асоб; законныя прадстаўнікі; блізкія сваякі, муж (жонка); прадстаўнікі, прызначаныя судом; адзін з працэсуальных саўдзельнікаў — па даручэнні гэтых саўдзельнікаў…

Лічым, што дзейным заканадаўствам нам дадзенае права на зварот у суд для абароны інтарэсаў нявызначанага кола асоб, у прыватнасці: згодна з артыкулам 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «кожны абавязаны берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці».

«Лічым, што здзейсненая ўгода (продаж будынка ў Брэсце па вул. Савецкая, 57 Мікалаю Бурносу), — паведамляецца ў скарзе, — парушае правы ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь,
у тым ліку і чальцоў нашай грамадскай арганізацыі, на гістарычна -культурную спадчыну, цягне за сабой збядненне нацыянальнай культуры і самабытнасці ўсяго беларускага народа. У такой сітуацыі, пры адсутнасці рэакцыі на здзейсненую ўгоду з боку дзяржаўных органаў, лічым неабходным як грамадзяне і як грамадская арганізацыя, закліканая садзейнічаць абароне правоў грамадзян, абскарджваць пастанову суда Ленінскага раёна аб адмове ў распачынанні грамадзянскай справы…»

На падставе вышэйпададзенага і кіруючыся арт. 246, 247, 257, 319, 322, 323 ГПК Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Мілінкевіч прасіў суд Брэсцкай вобласці скасаваць рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста ад 6 жніўня 2010 аб адмове ў аспачынанні справы і разгледзець па сутнасці пытанне аб прыняцці позвы судом Ленінскага раёна Брэста і распачынанні разбіральніцтва па справе.

Аднак суддзя суда Брэсцкай вобласці Алена Хоцька пакінула рашэнне раённага суда без змены, а позва ПАГА «Рух „За Свабоду!“» — без задавальнення: маўляў, гэтая арганізацыя не мае права заяўляць пра такія патрабаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?