Адзін Сабака, даведаўшыся, што Нобэля атрымаў турак, паслаў яму віншавальную тэлеграму. А Граждан напісаў пісьмо: «Мілы папаня Архан, я ваш незаконнанароджаны лейтэнант Шніп, забярыце мяне адселя, бо няма ўжо мочы глядзець на нашы Шахеразады...»

* * *

Адзін Сабака сказаў, што Граждан ня можа атрымаць Нобэля, бо ён адстаў ад цягніка, які стаіць на запасным пуці. Граждан пакрыўдзіўся і заявіў: «Ня трэба мне ніякіх Нобэляў! А Сабаку перадайце, што я даўно лётаю самалётамі БелАвіі!»

* * *

Адзін Сабака ішоў на зьезд пісьменьнікаў. Сьледам плёўся Граждан і шаптаў: «Не хадзі туды. Там кірпіч башка, зусім мёртвы будзеш...»

* * *

Аднаго Сабаку выбралі кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў. Граждан адразу ж паслаў яму тэлеграму: «Я вас любіў, любоў мая, быць можа, у душы пагасла не саўсім, але яна няхай вас не трывожа, я не пячатаюсь саўсім!»

* * *

Адзін Сабака на Дзяды схадзіў у царкву. Граждан цэлыя суткі не выходзіў з кватэры – днём піў самагонку, а потым зь вечара аж да раніцы рабіў «начныя налёты на Рыгу».

* * *

З надыходам халадоў адзін Сабака ўсунуў цёплую вопратку. А Граждан распрануўся дагала, выйшаў на балькон і сказаў: «Я такой другой страны ня знаю, гдзе так вольна дышыць чалавек...»

* * *

Адзін Сабака купіў у Граждана мяшок бульбы. Прынёс дамоў, а бульба і кажа: «Гражданы ўсіх палёў, аб’ядайцеся!»

* * *

Адзін Сабака напісаў у газэце, што на сёньняшні дзень у кожнага ёсьць свая цыбуліна. Граждан прачытаў гэта і сказаў: «А ў мяне ёсьць дзьве цыбуліны і шматок жоўтага сала...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?