Сёння я хачу расказаць вам пра свайго ўчастковага тэрапеўта, бо рэдка сустракаеш настолькі персанажных людзей. Прыём у тэрапеўта — гэта весела. Пасля дзвюх гадзін ў змрочным калідоры, поўным чалавечай агрэсіі, дзверы расчыняюцца, і ты трапляеш у светлы пакой, дзе цябе чакаюць мілыя, добрыя людзі. «Ой, глядзіце, дзяўчынка!» — радуецца майму з’яўленню сонечная медсястра (у яе ільняныя валасы і жаўтаватая загарэлая скура, нібы яе ўсю штодня сушыць яркае сонца, абдуваюць гарачыя вятры). «Што непакоіць цябе?» — гэта ўжо пытаецца мой тэрапеўт, дзядулька гадоў 80-ці з безвалосым ружовым тварам-разынкай, у чысценькім доктарскім каптурку, што робіць яго яшчэ больш падобным да немаўляці.

Упершыню я пабачыла майго тэрапеўта ў пачатку верасня, калі са мной здарыўся вельмі дзіўны і жудасны тыдзень. Я чамусьці пачала задыхацца на вуліцы, у метро, на працы, страшнае адчуванне, нібы тонеш, а вакол поўна людзей, а ты не можаш паклікаць на дапамогу. Зразумела, да доктара я прыйшла ўжо бледная ад бяссонных начэй (баялася, што магу задыхнуцца ў сне), з вачыма, поўнымі страху, з гатоўнасцю пачуць самы жудасны дыягназ і цалкам атрафаваным пачуццём гумару.

«Хо-хо! Задыхаешся? А пыл пад ложкам не спрабавала працерці?» — хітравата прымружыўся доктар. Медсястра тут жа залілася смехам. Я разгубілася: «Пыл? Н-не ведаю». «Сэрцаааа, табе не хочацца спакооою!» — заспяваў дзядуля, кратаючы маю спіну халодным стэтаскопам. «Хахахахаха!» — заходзілася медсястра. «Ннну, і чаго так сэрца стучыць, мяне спужалася? Я б хацеў пачаць заляцацца, дык Наталля (ківае на медсястру) мне не дазваляе, яна строооогая! А ўвогуле мяне можна паказытаць у баках, і ўсё, і я ўжо абсалютна бяспечны!» І ён увесь заторгаўся, паказваючы, як яго трэба казытаць. Медсястра зарагатала, пляскаючы далонню па стале. «Слухай, а гэты, ёсць у цябе, ну, друг сэрца?» — «Нну, ёсць». — «А як у яго са шкоднымі звычкамі?» — азартна пытаўся доктар. Я сур’ёзна пачала разважаць, якія шкодныя звычкі «друга» могуць мець дачыненне да маёй хваробы: «Не ведаю, што канкрэтна». Ну, дапусцім, калі паставяць перад ім бутэльку піва і цябе, што ён абярэ?.. Піва! Канечне, абярэ піва!» — радасна рэзюмаваў лекар пасля некаторай паўзы, зазіраючы мне ў твар, відаць, у пошуках усмешкі. «Ухахахахаха», — згіналася папалам ад смеху сонечная медсястра. «Слухай, а можа, ты проста пачынаеш няроўна дыхаць, калі гэты твой друг сэрца цябе ў абдымках сціскае ці штосьці яшчэ з табой робіць? А? То гэта ж зусім іншая справа!» — «У абдымках, хахаха!» — медсястра выцірала слёзы і глядзела на яго з абсалютным захапленнем. «Не разумею, пра што вы», — прамямліла я, сапраўды пачынаючы губляць сувязь з рэчаіснасцю. «Ладна, якія яшчэ ў цябе скаргі? Можа, штосьці чэшацца, соплі цякуць, панос?!« — апошняе слова было вымаўленае з гучнай урачыстасцю і вывела мяне з ачмурэння. «Хіхіхіхі», — медсястра з вільготнымі вачыма, супакойваючыся, працягнула мне стос накіраванняў на аналізы.

Сёння я зноў прыйшла да вясёлага тэрапеўта, каб даведацца пра вынікі аналізаў. Гэта, вядома ж, было ўжо менш стрэсава, бо перада мной цяпер не маячыў страх смерці і я ўжо была падрыхтаваная да гарэзлівага характару дзядулі. Разам са мной зайшла дзяўчына, яна прасіла даведку, а пасля радасна намякнула медсястры, што збіраецца сыходзіць у дэкрэт. «Ооооо! Ну гэта ж такая добрая падзея!», — эмацыйна ўсклікнула медсястра. «Ну так, гэта добра, — тут у дзядулі зрабіўся жорсткі твар. — Хаця цяжарнасць — гэта жах. Вось у мяне была жонка, і што? Зрабілася тоўстая, з вялізным пузам, непаваротлівая, ідзем з ёй, а яна на нагах не трымаецца і плясь на дупу з усяе моцы, добра хоць нічога з яе не выскачыла. А бывае, што і выскоквае з іх штосьці, з гэтых цяжарных». — «Хахахахахха! Вы такі забаўны, Іван Фёдаравіч!» — заразліва зарагатала медсястра. Засмяялася і дзяўчына, паварочваючыся да мяне і правяраючыся, ці смяюся я таксама. Я чамусьці не смяялася. Пасля ён на хвалі свайго поспеху расказаў гісторыю пра тое, як да доктара прыйшла жанчына са скаргай на млоснасць. Доктар пастанавіў, што яна цяжарная. А яна не верыць, бо ў яе ўжо год не было ніякіх сувязяў. І ўвогуле яна апошні месяц правяла на курорце ў Анапе. Праўда, пасля ўспомніла, што аднойчы задрамала на пляжы, а прачнулася ўжо ўвечары, калі нікога побач не было, апроч мужчыны, які сыходзіў, неяк падазрона азіраючыся. «І што? І што ён з ёй зрабіў?» — рагатала медсястра. — «Не ведаю, але, відаць, ён і быў бацькам дзіцяці», — сказаў доктар, задаволены завяршэннем смешнага анекдота. Медсястра з цяжарнай дзяўчынай удзячна засмяяліся. А доктар ужо разглядаў маю картку, каментуючы: «Оооо, якая мача ў цябе, якасная! Мнямнямням! Я б сам выпіў!»

«Сэрцаааа, табе не хочацца спакооою…», — спяваў ён, узіраючыся ў кардыяграму. Медсястра дэманічна рагатала, закінуўшы галаву.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?