Малады чалавек катаў сяброў на скрадзеным аўто па начным Гродне, уключаў сірэну і мігалкі, спяваў у гукаўзмацняльнік песні.

Больш за дзвесце кіламетраў «наматаў» скрадзены ў ноч з суботы на нядзелю спецыялізаваны аўтамабіль бальніцы хуткай дапамогі. Згоншчык пабываў нават у Мастоўскім раёне, дзе пасадзіў у салон сваіх нецвярозых сяброў. Каб пакуражыцца, 23-гадовы жыхар абласнога цэнтра раз-пораз уключаў «мігалку» і праз мегафон патрабаваў у кіроўцаў саступіць яму дарогу...

Як паведамілі ў прэс-службе УУС, гэты малады чалавек ужо быў судзімы за крадзяжы аўтамабіляў, але цяга да прыгодаў у ім, як відаць, не астыла. Нагледзеўшы на тэрыторыі бальніцы машыну з ключамі ў замку запальвання, якая стаяла без нагляду, ён не ўтрымаўся ад спакусы і сеў за руль.

Невядома, чым магла скончыцца гэтая паездка, калі б нецвярозага згоншчыка раптам не заблакаваў прапаршчык міліцыі, кіроўца аператыўна-дзяжурнай службы Кастрычніцкага АУС Валерый Лапошка. Ён толькі заступіў на дзяжурства і ўжо ведаў аб згоне. Праязджаючы па праспекце Янкі Купалы, звярнуў увагу на машыну «хуткай дапамогі», тым больш, што праз мегафон з яе кабіны даносіліся гукі гучнай музыкі і п’яныя галасы, што пераходзілі на мацюкі. Валер, паведаміўшы па рацыі пра месцазнаходжанне скрадзенай машыны, пачаў пераслед. Рабіў гэта ціха і непрыкметна, разумеючы, што, калі згоншчык заўважыць пагоню і ірване праз двары, бяды не абмінуць ...

Ледзь скрадзены аўтамабіль прытармазіў на праспекце Кляцкова, Валерый ў лічаныя секунды выскачыў з міліцэйскай машыны і ўварваўся ў салон «хуткай дапамогі». Разгубіўшыся, згоншчык і яго сябры моцна не супраціўляліся. А неўзабаве прыбыла следча-аператыўная група.

Раней судзімы згоншчык аўтамабіля зараз у следчым ізалятары. Яго лёс вырашыць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?